Істотны складнік

Апублiкавана: 30 студзеня 2026 Стужка Традыцыі Мiнская вобласць Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся. Якія аб’екты займелі новы статус і чым яны адметныя?

(Пачатак тэмы па спасылках: №1, №2, №3)

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці цяпер маюць і дэкаратыўныя керамічныя пано 1979 года, размешчаныя ў сталічнай гасцініцы “Планета”: “Садоўніцы” ў экстэр’еры будынка (аўтар — Яўген Кузняцоў), 14 пано і кафлі ў інтэр’еры рэстарана (Мікалай Байрачны і Валянцін Прыешкін), серыя з васьмі пано “Поры года” ў інтэр’еры банкетнай залы (Валянціна Буціна і Аляксандра Дзятлава).

Гэтыя творы — выдатныя ўзоры развіцця беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва канца 1970-х.

 

Акрамя таго, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей была ўнесена стэла з мазаікай, прысвечаная першаадкрывальнікам айчыннай нафты. Помнік знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне каля свідравіны № 8 побач з вёскай Капаткевічы, дзе ў 1964 годзе пачалася прамысловая здабыча чорнага золата ў нашай краіне.

Манументальнае мастацтва, якое атрымала шырокае распаўсюджанне ў савецкі перыяд, — важны складнік культурнай спадчыны Беларусі XX стагоддзя. Увага, што сёння надаецца яго найлепшым і найбольш адметным узорам, сведчыць аб сапраўднай павазе да ўсіх эпох нацыянальнай мінуўшчыны, нават адносна нядаўніх.

Антон РУДАК