Танцы на любы густ

Апублiкавана: 29 студзеня 2026 Стужка Традыцыі Віцебск і воблась Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся. Якія аб’екты займелі новы статус і чым яны адметныя?

(Пачатак тэмы па спасылцы №1 і спасылцы №2)

 

Карагоды і танцы Талачыншчыны — парныя, сольныя і гуртавыя — звязаны са святамі народнага календара, вясельнымі ды хрэсьбіннымі абрадамі, і ў жывой практыцы сёння такі карагодны комплекс на тэрыторыі Беларусі больш нідзе не знойдзеш. Тутэйшыя танцы захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, у розных кутках раёна праводзяцца майстар-класы, тэматычныя этнагадзіны. Вынік — выступленні на вячорках, этнадыскатэках ды іншых мерапрыемствах.

Ва ўсіх фальклорных калектывах, што працуюць ва ўстановах культуры, ведаюць і выкарыстоўваюць свае звычаі: у Абольцах, Азерцах, Валосаве, Варанцэвічах, Жукневе, Звянячах, Крывых, Райцах, Рамашкаве, Славенях, Слаўным, Серкавіцах, Шупенях і ў самім Талачыне.

Зберагаюць і папулярызуюць аўтэнтыку прадстаўнікі школы фальклорнага танца “Талачынскія закаблукі” мясцовага Цэнтра культуры, народнага калектыву “Суседзі” з Аболецкага Дома фальклору, гурта “Супружанкі” са Звяняцкага сельскага Дома культуры і калектыву мастацкай творчасці “Вяскоўцы” з Райцаўскага СДК.

Побытавыя танцы спрыяюць сацыялізацыі, выконваюць культурна-этнічную і пластычна-вобразную функцыі. Маладое пакаленне вучыцца разумець незвычайны каларыт народнай харэаграфіі ды ўсведамляць прыгажосць нацыянальнай спадчыны, далучаецца да традыцый і культуры роднага краю. Такім чынам фарміруецца гонар за Радзіму, умацоўваюцца грамадзянска-патрыятычныя пачуцці.

У Талачынскім раёне можна ўбачыць кракавяк, крыўлянскую кадрылю, польку-матылёк, рамашкаўскую лявоніху і рамашкаўскія карагоды, сербіянку і “Чарнавусага каралька”. У кожнага танца свой каларыт: у карагодах рухі плаўныя, дробныя, ногі амаль не адрываюцца ад падлогі, усе рухі пар павольныя, стрыманыя. А вось кадрыля выконваецца з запалам, весела і жыва. Сярод носьбітаў, якія дзяліліся ведамі з нашчадкамі, — Еўдакія Раманаўна Жураўлёва (1928—2012) і Ганна Іванаўна Метлянок (1928—2015) з Валосава, Ганна Маркаўна Конюшка (1922—2007) з вёскі Крывыя, а таксама Ніна Ільінічна Клімовіч (1920—1999), Надзея Андрэеўна Кунцэвіч (1942— 2018) і Вольга Сцяпанаўна Ляховіч (1928—2010) з Рамашкава.

(Працяг будзе)

Антон РУДАК