Адроджанае рамяство

Апублiкавана: 28 студзеня 2026 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся. Якія аб’екты займелі новы статус і чым яны адметныя?

(Пачатак тэмы па гэтай спасылцы)

Традыцыя вырабу чорнаглянцаванай керамікі, якая сёння захоўваецца ў Свіслацкім раёне, напрыканцы ХІХ і ў першай палове ХХ стагоддзя была пашырана на паўднёвым захадзе Беларусі: у Міры, Ружанах, Пружанах і Поразаве. Прычым асабліва развілася ў апошнім са згаданых мястэчак, дзе знаходзіліся значныя залежы гліны. У той час тут налічвалася да дзвюх соцень майстроў. Рамесныя навыкі перадаваліся ад бацькоў дзецям і паміж іншымі сваякамі ў дынастыях Козюкаў, Паплаўскіх, Пінютаў, Раманоўскіх, Шалкевічаў і Шопікаў.

Чорнаглянцаваная кераміка Поразава прадстаўлена посудам, які выкарыстоўваецца для гатавання ежы і захавання прадуктаў, — гаршкамі з вечкам, збанкамі, гладышамі, спарышамі і міскамі. Незвычайны эфект атрымліваецца пры стварэнні ў печы дымнага беспаветранага асяроддзя, што знешне набліжае прадметы да жалезных вырабаў, дорыць сіняватачорны колер і асаблівую трываласць. Посуд абпальвалі ў земляных ці наземных двухкамерных горнах. У Поразаве для гэтага выкарыстоўвалася і хатняя печ, але большых памераў, абпал працягваўся ад 9 да 14 гадзін. Аднак найперш ганчар глянцаваў посуд і наносіў разнастайныя ўзоры: вертыкальныя і касыя палоскі, рыскі, сетку, елачку або паяскі, выціснутыя зубчастым колцам.

Са смерцю апошняга майстра Іосіфа Шопіка ў 1997 годзе выраб поразаўскай чорнаглянцаванай керамікі прыпыніўся, але сёння — адроджаны і працягваецца.

Пачаткам аднаўлення мясцовай ганчарнай тэхналогіі можна лічыць 2006-ы, калі глінай заняўся Яўген Мацяшук са Свіслачы. Яго посуд мае гаспадарчае прызначэнне. Умелец вучыць маладое пакаленне, кіруе дзіцячым гуртком “Чароўная глінка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Навыкі і досвед адмысловец перадае таксама сыну Раману.

Ёсць у Яўгена і іншыя паслядоўнікі. Сярод іх — Віталь Аніська, які працуе майстрам згаданага аддзела ды актыўна займаецца ганчарствам на Свіслаччыне, а яшчэ Раман Дзямянчык з Ваўкавыска. У Зэльвенскім раёне шчыруе Сяргей Худзяеў, які стварыў майстэрню і пабудаваў дзве печы для абпалу, і яго вучань Аляксандр Ішчанка. У вёсцы Сухаўляны Гродзенскага раёна дрывяную печ для абпалу чорназадымленай керамікі ўзвёў Васіль Мартынчук разам з братам Сяргеем і сынам Арсеніем.

Дзейнічае праект “Адроджанае рамяство”, на рэалізацыю якога ў 2019 годзе быў вылучаны грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У рамках ініцыятывы ў Поразаўскай бібліятэцы развіваецца аматарскае аб’яднанне “Спадчына”, арганізавана тэматычная экскурсія па музейным пакоі “Мастацтва гліны і агню”, ладзяцца заняткі на ганчарным крузе.

Важны вынік — распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для пабудовы горна, што паспрыяе рабоце грамадскага кансультатыўна-практычнага цэнтра, дазволіць майстрам і ўсім ахвочым атрымаць не толькі кансультатыўную дапамогу, але і навыкі па стварэнні чорнаглянцаванай керамікі.

Ужо традыцыйным стала свята “Мастацтва гліны і агню” ў Поразаве. Там у гонар братоў-ганчароў Шопікаў адкрыта мемарыяльная дошка на іх доме па вуліцы 17 Верасня, 22.

(Працяг будзе)

Антон РУДАК. Фота з адкрытых крыніц