Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

Аксана Вашкевіч
Аксана Вашкевіч, вядучы бухалтар:
— Мая праца — гэта нябачны фундамент. Калі ўсё добра, яго ніхто не заўважае, але калі нешта не так — адразу адчуваюць. Тое ж і ў культуры. Яна выхоўваецца з дзяцінства — дзякуючы кнігам, песням бабулі, хвілінам, калі ўся сям’я збіраецца за сталом.
Менавіта з падобных дробных штодзённых рытуалаў і складаецца тое, што потым называем культурным кодам. І гэты код я імкнуся захоўваць у працы — не проста праз лічбы, а праз стаўленне да справы.
Мы ўсе ў рэдакцыі ў адным ланцугу. І я рада, што маё звяно — трывалае. Бо культура — не толькі выступленні на сцэне. Гэта і ўменне быць сабранай, ветлівай нават тады, калі тэрміны гараць. І калі кожны на сваім месцы робіць справу добра — культура жыве

Кацярына Анасовіч
Кацярына Анасовіч, вядучы рэдактар мастацкі:
— Для мяне культура — гэта не проста сфера дзейнасці, а асаблівы свет, часткай якога з’яўляюся. У рэдакцыі я ўвесь час пераконваюся: культура жыве не толькі на сцэне, у музеях і канцэртных залах. Яна жыве і на старонках газеты: у кожным загалоўку, кожнай фатаграфіі, дэталі афармлення.
Мая праца — пастаянны творчы пошук. Бо важна, каб візуальны вобраз і быў прывабным, і дапамагаў раскрываць сэнс матэрыялу, перадаваў настрой ды атмасферу падзей, пра якія расказваем…
Сёлета “Культуры” спаўняецца 35. За такім юбілеем — мноства імёнаў і лёсаў, вернасць справе і любоў да мастацтва. Быць часткай гэтай гісторыі, рабіць у яе свой унёсак — вялікі гонар і адказнасць. Я штодня застаюся адкрытай новаму, знаходжу натхненне ў звыклым і ўкладваю душу ў працу. Культура — гэта пра маю прафесію, маю творчасць і мой выбар

Іна Церахава
Іна Церахава, вядучы спецыяліст па кадрах:
— Мы з дзяцінства знаходзімся ў сваім культурным асяроддзі, убіраем беларускі код разам з мамінымі казкамі і бабулінымі песнямі.
Культура прыходзіць у жыццё непрыкметна: любы прагледжаны фільм, спектакль ці пачутая кампазіцыя дапамагаюць нам лепш зразумець сябе. Менавіта таму так важна выбіраць, чым сябе напаўняць.
Культура дае людзям апору, а яны даюць ёй жыццё — сваёй увагай, любоўю. І з гэтай прычыны культура патрэбная мне, а я — культуры.