Ⅲ

“Я ў «Культуры», «Культура» ўва мне”: супрацоўнікі ўстановы — да юбілею выдання

Апублiкавана: 15 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Аўтары

Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

 

Ірына Барысевіч

Ірына Барысевіч, галоўны бухгалтар:

— Для мяне культура — у першую чаргу парадак. Калі ўсе лічбы сходзяцца, калі справаздачнасць гатова своечасова, калі ёсць прыбытак — тады і з’яўляецца прастора для чагосьці большага. Для творчасці, для свята, для душы. Фінансавая культура — не сухія лічбы, а павага да працы кожнага. Калі дакладна ведаю, колькі сродкаў можна выдзеліць на той ці іншы праект газеты ці часопіса, ра зумею: мая прафесійная дзейнасць таксама частка вялікай рэдакцыйна-выдавецкай справы.

І яшчэ адно. Культура — гэта ўменне быць акуратным і сумленным нават у дробязях. Бо з іх і складаецца давер. А давер — тое, на чым трымаецца любы калектыў. Мы не проста лічым грошы, мы захоўваем парадак. Гэта і ёсць культура.

 

Мацвей Зайцаў

Мацвей Зайцаў, вядучы рэдактар літаратурны:

— Мой шлях у “Культуру” пачаўся ў школе. Калі я рыхтаваўся да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, да нас запрасілі паэта. Ён, натхніўшыся сустрэчай, напісаў верш, у якім — такая мастацкая задума — не было знакаў прыпынку. Мне твор спадабаўся, і я вырашыў яго апублікаваць у сацыяльных сетках. Але ж пабаяўся, што сябры мяне — алімпіядніка! — не зразумеюць, і даставіў косак, працяжнікаў ды кропак. Убачыўшы падобныя эксперыменты, літаратар абурыўся. Давялося вяртацца да аўтарскага арыгінала…

Той паэт — Антон Рудак, мой сённяшні калега. Ніхто і падумаць не мог, што праз колькі гадоў яго тэксты я буду правіць па службовым абавязку.

Праца ў рэдакцыі дапамагае мне прычыняцца да рэчаў, якія шаную, і рабіць іх святло ярчэйшым.

Народныя песні, што мы, збіраючыся з блізкімі, развучваем ды выконваем, — і калектывы, якімі захапляюся. Пастаноўкі тэатраў, куды завітваю з асалодай, — і постаці артыстаў. Вобразы выяўленчага мастацтва — і кранальныя гісторыі жывапісцаў.

Усё гэта — наш агульны здабытак. І мой уласны, частка майго ўнутранага свету.

Так, удасканальваючы тэксты, я далучаюся да асветніцкай талакі і ўсё больш знаёмлюся з самім сабой. Дзякуй газеце за гэта!

 

Ганна Курдун

Ганна Курдун, рэдактар тэхнічны:

— Культура — не толькі выставы, канцэрты ці спектаклі. Гэта людзі, якія ствараюць нешта сваё, укладваючы часцінку душы. І я востра адчуваю гэта цяпер, працуючы ў газеце “Культура”.

Мая справа — вёрстка. Мне важна не проста зрабіць старонку прыгожай, а ўлавіць сэнс матэрыялу і праз дызайн адлюстраваць яго ідэю, настрой. Так у агульную справу я дадаю сваю нотку эстэтыкі. Пры гэтым разумею: мой погляд шмат у чым фарміруюць людзі, якія працуюць поруч.

Я захапляюся калегамі — сапраўднымі прафесіяналамі. Яны прымушаюць задумацца, убачыць звыклыя рэчы з іншага боку, знаходзіць свежыя візуальныя прыёмы.

Я не проста працую ў газеце аб культуры — я сама паступова раблюся яе часткай. Культура натхняе мяне праз абмеркаванні з калегамі, фатаграфіі і артыкулы, праз бясконцы пошук прывабнай і дакладнай формы.

А я вяртаю зарад — у макетах, дызайнерскіх рашэннях. І калі культура — здольнасць чалавека ствараць, адчуваць і дзяліцца сваім бачаннем свету, то я шчаслівая быць сярод тых, хто робіць гэта штодзень.

MAX TikTok