Працягваем распавядаць пра пераможцаў конкурсу на саісканне прэмій Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва.
Найбольшая колькасць заявак паступіла ў намінацыі “Жывапіс, скульптура, графіка, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Сярод прэтэндэнтаў на прэмію — спрэс прафесіяналы. Таму навіну пра перамогу ў конкурсе ўдзельнікі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Мара” Цэнтра дзіцячай творчасці і народных рамёстваў з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці сустрэлі з захапленнем.
Як заўважае кіраўнік калектыву Вікторыя Ялец, “Мара” — гэта сям’я. У ёй штогод займаецца больш за 30 чалавек ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў. Цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі чаруюць над паперай і малююць свае сусветы, выказваюць пачуцці і эмоцыі, раскрываюць здольнасці, а педагогі дапамагаюць у гэтым. Такім чынам у апекаванцах выхоўваецца любоў да прыгожага, развіваецца самастойнасць мыслення, яны вучацца разумець мастацтва.
Студыя вядзе выставачную дзейнасць: жыхары і госці Бярозаўшчыны час ад часу могуць азнаёміцца з работамі ўдзельнікаў “Мары” ў мясцовым музеі або Цэнтры культуры. Экспазіцыі ладзяцца і на раённых мерапрыемствах да прафесійных свят, педагагічных канферэнцыях, разнастайных форумах.
Працяг будзе.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва установы