Тэкстыльная традыцыя

Апублiкавана: 17 лiстапада 2025 Стужка Традыцыі Гомель і вобласць Падзеі

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Працягваем распавядаць пра пераможцаў конкурсу на саісканне прэмій Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва. Лідарам у намінацыі “Аматарская мастацкая творчасць” стаў калектыў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

 

— Неглюбская тэкстыльная традыцыя — самабытная з’ява беларускай народнай творчасці, якая існуе дагэтуль, — расказвае майстрыха Людміла Кавалёва. — Асноўныя асаблівасці — разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія і багатыя арнаментальныя кампазіцыі.

Неглюбскія ручнікі вядомыя далёка па-за Гомельшчынай. Спрадвеку іх выраблялі ў адценнях чырвонага, чорнага, белага і ўпрыгожвалі цудоўным арнаментальным фонам. Супрацоўнікі цэнтра беражліва захоўваюць традыцыю продкаў, папулярызуючы яе сярод жыхароў і гасцей Беларусі.

Акрамя ручнікоў, у Неглюбцы ствараюць і рознакаляровую пасцельную бялізну, і абрусы, і кутнія чахлы, а таксама адмысловыя элементы адзення.

— Ці спадзяваліся на перамогу? — перапытвае Людміла Васільеўна. — Вядома ж! Інакш, напэўна, не ўдзельнічалі б. Стала яна для нас прыемнай нечаканасцю? Так. Мы разумелі, што канкурэнтаў будзе шмат і што кожны варты самай высокай узнагароды.

Працяг будзе.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва установы