У музычным віхры

Апублiкавана: 14 лiстапада 2025 Стужка Музыка Віцебск і воблась Падзеі

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Працягваем расказваць пра пераможцаў конкурсу на саісканне прэмій Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва. “Верхнядзвінскія музыкі” названы найлепшымі ў намінацыі “Музычнае мастацтва”.

Кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі Мая Рубель распавядае:

— Рэпертуар будуем на мясцовым матэрыяле. Кампазіцыі з Віцебшчыны складаюць асноўную частку, да якой дадаём мелодыі традыцыйных народных танцаў. Напрыклад, полькі, кадрылі, карагодаў. Інструменты — адпаведныя. Аўтэнтычныя цымбалы, гармонік, жалейка, дудка, сапілкі.

Артысты прыстасоўваюць і вясковыя побытавыя прадметы: гаршкі, чыгункі, мялкі-качалкі ды іншыя. А нядаўна вырашылі спалучыць старажытныя інструменты з сучаснымі. Так у арсенале калектыву з’явіліся класічныя цымбалы, саксафон, укулеле.

Па словах Маі Генадзьеўны, на перамогу ў конкурсе ансамбль не спадзяваўся: разумелі, што сапернічаць прыйдзецца з прафесійнымі музыкантамі.

— Вестка аб узнагародзе стала прыемнай нечаканасцю, — прызнаецца кіраўніца. — А тое, што менавіта “Верхнядзвінскім музыкам” выпаў гонар прадстаўляць не толькі наш раён, але і ўсю Віцебшчыну на вялікай сцэне, натхніла на новыя здабыткі.

Працяг будзе.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва установы