Пад зоркай Суворава

Апублiкавана: 12 лiстапада 2025 Стужка Музеі Брэст і вобласць Падзеі

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Працягваем расказваць пра пераможцаў конкурсу на саісканне прэмій Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва. У музейнай справе найлепшым з шасці намінантаў аднагалосна названы Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. Суворава.

— На конкурс прадставілі матэрыялы па асноўнай дзейнасці і праекты, што рэалізоўваюцца ў нашай установе, — расказвае дырэктар Алена Бабенка.

Дзве пастаянныя экспазіцыі даступныя ў асобных памяшканнях. Першая, прысвечаная жыццю і дзейнасці вялікага палкаводца, знаходзіцца ў доме ХVІІІ стагоддзя, які належаў Сувораву і дзе ён жыў у 1797-м і 1800-м. Залы знаёмяць з той эпохай, падрабязна даследуюць біяграфію генералісімуса, ролю ў гісторыі Беларусі і Кобрыншчыны. Дэманструюцца ўнікальныя калекцыі абмундзіравання, зброі, мэблі, прадметы побыту.

Другая пастаянная экспазіцыя, “7 стагоддзяў Кобрына”, расказвае пра мінуўшчыну горада — ад 1287-га, калі ён упершыню ўпамінаецца ў летапісах, і да Вялікай Айчыннай вайны.

— Тут мы рэгулярна ладзім навуковыя канферэнцыі: “Сувораўскія чытанні” па дзейнасці палкаводца і “Мартынаўскія чытанні”, якія прысвячаем першаму дырэктару музея Аляксею Мартынаву, — распавядае кіраўніца. — Да ўдзелу запрашаем не толькі прафесійных гісторыкаў, але і даследчыкаў-аматараў.

Спадчына Кобрыншчыны, як і ўсёй Беларусі, папулярызуецца і з дапамогай музейна-педагагічных заняткаў, тэматычных сямейных і групавых квэстаў, іншых формаў працы.

Працяг будзе.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва установы