Ганаровае званне “Культурная сталіца — 2025” атрымаў горад Іванава. Эстафету яму напрыканцы 2024 года перадалі Бялынічы.
Урачыстую цырымонію правялі ў раённым Цэнтры культуры. Гасцей сустракала навагодняя інтэрактыўная пляцоўка з касцюміраванымі персанажамі і канцэртна-забаўляльнай праграмай. Тут жа прайшоў майстар-клас па выцінанцы, якую нядаўна прызналі элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Магілёўскі абласны тэатр лялек прадставіў дзіцячы спектакль. Адбылася творчая сустрэча з Наталляй Навоенка, мастаком-пастаноўшчыкам новага фільма “Чорны замак” па рамане У. Караткевіча. Працавалі экспазіцыі “Крыніца каштоўнасцей — гістарычная памяць”, “Стагоддзе беларускага кіно”, а таксама выстава работ удзельнікаў міжнароднага пленэру “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”.
Ганаровае званне “Культурная сталіца” Бялынічы годна неслі на працягу ўсяго 2024-га. У райцэнтры арганізавалі дзясяткі творчых праектаў, у тым ліку імпрэзы з вядомымі дзеячамі мастацтваў, выставы, акцыі і фестывалі, паказы прэм’ерных фільмаў і спектакляў, канцэрты.
— Для Бялынічаў мінулы год быў вельмі насычаным, — адзначыла старшыня райвыканкама Вольга Прыстромская. — Дзякуй за гэта нашым артыстам і творчым людзям. У іх была выдатная магчымасць паказаць, на што мы здольныя, расказаць пра сябе і сваю родную зямлю. Статус культурнай сталіцы ўплывае на развіццё не толькі канкрэтнага населенага пункта, але і ўсяго рэгіёна.
Па словах старшыні Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Рыгора Сысы, рашэнне ўдзельнічаць у барацьбе за званне “Культурная сталіца — 2025” не прымаецца спантанна. Для гэтага павінен быць рэсурс, які назапашваецца дзесяцігоддзямі.
— Культуру і традыцыі Іванаўскага раёна немагчыма паказаць нават за тры дні, — падкрэсліў Рыгор Сыса. — У нас 25 калектываў са званнямі народнага, узорнага, заслужанага. Кожны можа даць паўнавартасны канцэрт. На працягу 2025 года ўсім забяспечым магчымасць раскрыцца і прадставіць тое, чым яны валодаюць і што ўмеюць. Мы рады прымаць гасцей. Гэта будзе ўмацоўваць і ўзбагачаць наш патэнцыял.
Як адзначыў старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў, духоўнасць і культура павінны ісці ад сэрца і перадавацца з пакалення ў пакаленне. У кожнай мясцовасці фарміруецца свой асаблівы культурны код. Іванаву таксама ёсць чым ганарыцца.
— Наша гордасць — спадчына роду Дастаеўскіх, вёска Дастоева. Хочаце даведацца, адкуль пайшло гэтае прозвішча, прыязджайце ў Іванаўскі раён. Тут багата матэрыялаў, якія раскрыюць гісторыю роду. Імя мастака Напалеона Орды вядомае ва ўсім свеце, а гэта ўраджэнец нашай вёскі Варацэвічы. Па яго карцінах аднаўляюцца многія гісторыка-культурныя каштоўнасці ў краіне. Адзіная ў Беларусі школа бондарства таксама працуе ў нас. Вось толькі малая частка нашых скарбаў, — запрашае ў госці Рыгор Сыса.
Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч на ўрачыстай цырымоніі ў Бялынічах заявіла, што рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца” дазваляе шырока прэзентаваць творчыя здабыткі, мінулае раёнаў.
— Кожны рэгіён мае глыбокую каранёвую сістэму ў традыцыях, культуры, мастацтве, гісторыі, — сказала Ірына Карповіч. — Каб гэта шырока прадэманстраваць гасцям і жыхарам нашай краіны, неабходны сапраўды вызначальны фактар. І такім фактарам стала рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца”. Рэгіён, якому пашчасціла заваяваць тытул, стараецца, каб пра яго даведаліся як мага больш: пра таленавітых людзей, гісторыю, традыцыі, асаблівасці. Разам з тым культура — шырокае паняцце. Таму да гэтага статусу падцягваюцца ўсе астатнія сферы, уключаючы жыллёва-камунальную і сельскую гаспадарку. Як вядома, толькі разам, усім светам, можна зрабіць сапраўды годныя справы.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок нагадаў, што ганаровае званне “Культурная сталіца” прысуджаецца беларускім населеным пунктам з 2010 года. У Бялынічах на працягу 2024-га прайшло больш за 150 розных праграм. Іх гледачамі сталі звыш 10 тысяч чалавек. Падчас мерапрыемстваў Магілёўшчына прэзентавала шэраг сваіх культурных брэндаў: Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “M.@rt.кантакт”, Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”).
Цырымонію перадачы звання “Культурная сталіца” завяршыў вялікі канцэрт майстроў мастацтваў з Мінска, Магілёва, Бялынічаў, Іванава. Цікавая рэжысура і яркія выступленні юных выканаўцаў ды самадзейных калектываў з навучальных устаноў Магілёўскай вобласці зрабілі свята прыгожым і душэўным.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота аўтара