Ⅲ

Любоў Майзельс. Няўрымслівае захапленне светам

Апублiкавана: 23 лiстапада 2026 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Звесткі пра гэтую мастачку ў інтэрнэце або энцыклапедыях можна знайсці хіба вельмі скупыя. Нядзіўна: пры жыцці ў яе не адбылося ніводнай персанальнай выставы. І праз больш як чвэрць стагоддзя пасля смерці сітуацыя павінна выправіцца. Імя Любові Майзельс (1923—2000) неўзабаве з’явіцца на мінскіх афішах — а ўслед за тым адаб’ецца і ў гісторыі беларускай культуры.

На вялікае шчасце, творы нашай гераіні (агулам каля 600) не раскіданы па свеце. Пляменнік мастачкі Аўсей Гутфрайнд рупліва захоўвае іх у невялічкай кватэры на Інтэрнацыянальнай, дзе доўга жыла сама Любоў Аўсееўна. Мы трапляем туды па яго запрашэнні разам з дырэктарам Музея гісторыі горада Мінска Галінай Ладзісавай.

 

НАСУПЕРАК ВАЙНЕ

Люба нарадзілася ў 1923 годзе ў інтэлігентнай мінскай сям’і. Бацька працаваў у банку, маці — стаматолаг. Ці выпадае здзіўляцца, што дзяўчынка змалку прыахвоцілася да мастацтва? А тут і добры настаўнік з’явіўся: легендарны ў будучым Валянцін Волкаў заснаваў пры Доме народнай творчасці студыю для юных талентаў.

Першы поспех прыйшоў да Любові яшчэ ў 16 гадоў. Яе работа “Провады прызыўнікоў у калгасе” была адабрана на ўсесаюзным конкурсе і дэманстравалася на міжнароднай выставе аж у Нью-Ёрку! Можна сабе ўявіць, як успрымала такое дасягненне ў 1939-м савецкая школьніца.

Навучанне перапыніла вайна. 24 чэрвеня 1941 года сям’я Майзельс нейкім цудам здолела пакінуць ахоплены полымем Мінск і трапіць на Магілёўскую шашу. Вельмі мала каму з мінскіх яўрэяў пашчасціла ацалець падчас нацысцкага генацыду і вярнуцца ў вызвалены горад.

Яшчэ ў Пензе, у эвакуацыі, дзяўчына паступіла ў мастацкую вучэльню. А пасля вайны, ужо на радзіме, працягнула навучацца ў Волкава. Акурат тады мастак распачаў дзесяцігадовую працу над сваім opus magnum — палатном “Мінск. 3 ліпеня 1944 года”.

 

ДЗЯЎЧЫНА З ХАРАКТАРАМ

Паралельна з-пад пэндзля майстра выйшаў іншы знакавы твор — “Студэнты”. Волкаў вырашыў увекавечыць у фарбах не толькі ўлюбёных вучняў, але і саму атмасферу таго часу. Глыбокі драматызм карціны цяжка спасцігнуць, не ведаючы кантэксту: маладыя людзі, якія пераадолелі жахлівую вайну, вяртаюцца да мірнага жыцця, хаваючы ўнутры свае раны. Радасць Перамогі надае ім імпэту. Кожны герой на гэтым палатне мае рэальнага прататыпа. У цэнтры — постаць Любы Майзельс.

Мяркуючы па яе першых творах, дзяўчына была адной з найлепшых вучаніц Волкава. Як вядома, настаўнік славіўся акадэмічнасцю, прыхільнасцю да традыцый, датклівасцю ў адлюстраванні кожнай дэталі. Майстравітасць цаніў куды больш, ніж нестандартнасць бачання. Пад кіраўніцтвам Валянціна Віктаравіча Люба дасканала засвоіла прафесійную базу.

Раннія работы мастачкі цалкам упісваюцца ў класічную парадыгму. Што ж прымусіла нашу гераіню кардынальна змяніць творчае крэда? Як потым згадвала яе прыяцелька па студыі Маргарыта Дзянісава (пазней — жонка слыннага Міхаіла Савіцкага), Люба была дзяўчынай з характарам. Можа, гэта тлумачыць многае?

 

ШКІЛЕТ У КАМУНАЛЦЫ

Атрымаць вышэйшую мастацкую адукацыю тады ў Беларусі было немагчыма (адпаведны факультэт адкрыецца толькі ў 1953-м), таму Люба паехала ў Вільнюс. Нават спецыяльна вывучыла літоўскую.

Яе дыпломная работа па тэматыцы цалкам адпавядала часу — “Чкалаў і Белякоў у Мікалая Астроўскага”. Сюжэт адлюстроўвае наведванне знакамітымі лётчыкамі цяжкахворага аўтара рамана “Як гартавала­ ся сталь”.

— Яна рыхтавалася вельмі сур’ёзна: ездзіла ў Крым, збірала матэрыялы, сустракалася з маці Астроўскага, са сваякамі Чкалава, — расказвае Аўсей Абрамавіч. — На вакацыях працаваць даводзілася дома, у пакойчыку мінскай камуналкі. Для малявання з натуры бацька недзе здабыў мадэль шкілета, прызначаную для студэнтаў-медыкаў. Люба клала яе на ложак, каб перадаваць складкі коўдры Астроўскага. Калі суседзі знянацку заходзілі, здараліся камічныя моманты.

Ужо ў дыпломнай рабоце Любові Майзельс можна бачыць захапленне “варожым” тады імпрэсіянізмам — пры ўсёй сацрэалістычнай тэматыцы твора. Гэта не здзіўляе: мастацкая атмасфера ў Вільнюсе была куды больш разняволеная.

 

ТАЎРО “ФАРМАЛІЗМ”

Дзіва дзіўнае: калі першыя, яшчэ вучнёўскія палотны Майзельс уражваюць акадэмічнай сур’ёзнасцю, то познія карціны (нават напісаныя ў вельмі сталым веку) нечым нагадваюць дзіцячую творчасць: ім уласцівае тое няўрымслівае захапленне навакольным светам, якім літаральна прасякнуты кожны мазок.

Пасля ўпэўненай абароны дыплома Любоў Майзельс вярнулася ў родны Мінск. Здавалася б, выдатная мастацкая адукацыя ў паваеннай БССР магла лёгка адчыніць дзверы да поспеху — і творчага, і кар’ернага. Аднак упісацца ў мінскае культурнае жыццё не атрымалася. На яе работах хутка паставілі таўро “фармалізм”, што ў тыя часіны было прысудам. Таму карціны на выставы не бралі.

Абвінавачанне тады нярэдкае — каго з нашых будучых класікаў не таўравалі фармалістам… Аднак калі той жа Міхаіл Савіцкі, з якім Майзельс была добра знаёмая, здолеў прабіцца праз крытыку і непрыманне ды ўголас заявіць пра сябе, то Любоў Аўсееўна так і не змагла давесці вартасць, права на месца пад сонцам свайго погляду на мастацтва. Не змагла — ці не надта і прагнула камусьці штосьці даводзіць ды ўдзельнічаць у баталіях.

— Характар яна, трэба сказаць, мела жорсткі, — успамінае Аўсей Гутфрайнд. — Гэта чалавек прынцыпу. Так яна была выхавана: калі гэта праўда, значыць, праўда, і ніякіх кампрамісаў.

 

МАЛЯВАЦЬ — ДЫХАЦЬ

Як і яшчэ адзін мінскі “фармаліст” аўтсайдар той пары — знакаміты сёння жывапісец Ізраіль Басаў, мастачка сышла ва “ўнутраную эміграцыю”. Яна працягвала працаваць, але толькі для сябе і блізкіх знаёмых. Зарабляць даводзілася дробнымі замовамі — кшталту малявання цукерачных фанцікаў.

Аднак, у адрозненне ад палотнаў таго ж Басава, тэмы яе карцін даволі немудрагелістыя. Шмат выяў Мінска, дзе зафіксаваны, напрыклад, вузкія вулачкі Нямігі. Партрэты блізкіх (або проста цікавых) Любові Майзельс людзей, за якія яна ніколі не брала грошы. Багата нацюрмортаў з раскошнымі кветкамі…

Творы нашай гераіні мала адпавядаюць канонам сацрэалізму. Аднак і да неафіцыйнага мастацтва, якое на той час пачало развівацца ў Савецкім Саюзе, іх таксама цяжка аднесці. Відавочна, Любоў Аўсееўна не імкнулася заманіфеставаць свой метад, пайсці насуперак класікам або афіцыёзу, гучна прамовіць новае слова ў жывапісе. Для яе мела сэнс зусім іншае — маляваць, як дыхаеш, настолькі ж натуральна. Не зважаючы на запыты замоўцаў і аўдыторыі.

 

ПРЭТЭНЗІІ ДА КЛАСІКАЎ

Асабістае жыццё ў мастачкі не склалася: можа, таксама праз яе патрабавальнасць і прынцыповасць. Ды і выбар кавалераў пасля вайны быў невялікі — са зразумелых прычын. Не стварыўшы сваёй сям’і, Любоў Майзельс доўга жыла ў камуналцы на 12 пакояў разам з маці і сястрой.

— Калі я быў маленькім, яна шмат часу праводзіла са мною, — згадвае Аўсей Абрамавіч. — Казалі: “Ты ж усё роўна сядзіш дома, то пасачы за дзіцём”. Выхавальніцай цётка Люба была строгай, спуску мне не давала.

У 1970-я ўжо немаладая мастачка вырашыла перабрацца ў Маскву, дзе знайшла аднапакаёўку, якая служыла і жыллём, і майстэрняй. Пэўна, у аўтаркі была надзея, што пераезд паспрыяе прызнанню: маўляў, у сталіцы СССР магчымасцей куды больш…

Гэта, дарэчы, засведчыў і колішні сусед нашай гераіні па камуналцы Леанід Хейфец. Асталяваўшыся ў Маскве, ён зрабіўся знакамітым тэатральным рэжысёрам. Прыклад быў пераканаўчым.

І сапраўды, Любоў Майзельс завязала некаторыя прафесійныя кантакты, уступіла ў Маскоўскі саюз мастакоў. Аднак кардынальна яе жыццё не змянілася: поспех не прыйшоў. Можа, прычына ў тым самым прынцыповым характары. Прапановы, якія аўтарка лічыла вартымі, не з’яўляліся. А быць у другім эшалоне і выстаўляцца побач з пасрэднасцямі — ніжэй за яе годнасць… Ды і проста нецікава.

— Памятаю, у дзяцінстве Любоў Аўсееўна вадзіла мяне ў Траццякоўскую галерэю, — згадвае Аўсей Гутфрайнд. — Вельмі даткліва разбірала кожнае палатно, часам сёе-тое з’едліва крытыкавала. Хаця там жа выстаўлены адны класікі… Але нават ім яна не баялася прад’яўляць прафесійныя прэтэнзіі, прычым заўсёды добра абгрунтаваныя.

Пры гэтым Любоў Майзельс працавала няспынна. Шмат падарожнічала па Савецкім Саюзе, пісала эцюды, рабіла партрэтныя замалёўкі… Многія з карцін здаюцца незавершанымі: без сумневу, мастачку куды больш цікавіў не канкрэтны вынік, а сам працэс творчасці — фіксацыі непасрэдных мімалётных эмоцый.

І яшчэ менш нашу гераіню вабіла тое, што многія называюць “мастацкім жыццём”: спробы прабіцца, самапіяр, наладжванне сувязей з галерэямі і дылерамі, канкурэнцыя, зайздрасць, плёткі… Нават апынуўшыся ў тлумным горадзе, Любоў Аўсееўна аддавала перавагу цішыні свайго пакоя.

 

(НЕ)ВЫПАДКОВАЯ ТРАГЕДЫЯ

Калі Любові Майзельс было больш за 70, у яе абудзілася цікавасць да праваслаўнай культуры. Верагодна, у лаканічных формах храмавага дойлідства мастачка бачыла эстэтычныя ідэалы. Вабіла яе і адмысловая выяўленчая мова іконы. Гэта ўрэшце і прывяло да трагедыі, якая здаецца невыпадковай ва ўсіх аспектах.

6 мая 2000 года Любоў Аўсееўна працягвала доўгую і карпатлівую працу над нацюрмортам з іконай і запаленай свечкай. Малявала з натуры ў сваёй цеснай аднапакаёўцы (майстэрні ж ніколі не мела).

— Слова “практычнасць” абсалютна да цёткі не дапасоўваецца, — прызнаецца Аўсей Абрамавіч. — Яе кватэра была спрэс завалена палотнамі, фарбамі, банкамі шкіпінару… То-бок запальваць там свечку ніводзін пажарны не дазволіў бы. Таму, на жаль, і здарылася тое, што здарылася. Халат успыхнуў…

Наша гераіня здолела выбрацца на лесвічную пляцоўку. Ды атрыманыя апёкі аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Па вялікім рахунку Любоў Майзельс загінула літаральна з пэндзлем у руцэ.

— І тут пачынаецца містыка, — гаворыць Аўсей Гутфрайнд. — Узгаранне было моцным і нібыта мусіла знішчыць усё, не тое што кватэру: агонь мог і ў суседнія перакінуцца. Ды насамрэч выгараў толькі маленькі квадрацік — стол з нацюрмортам, мальберт… А карціны ацалелі. Ці ж не цуд? Потым я перавёз іх у Мінск — родны горад мастачкі.

…Аглядаючы гэтыя творы, дырэктар Музея гісторыі Мінска Галіна Ладзісава адзначыла, што спадчына Любові Майзельс, без сумневу, мае вартасць для нашага мастацтва і можа стаць адкрыццём для сучаснай публікі. Таму карпатлівая праца па падрыхтоўцы грунтоўнай персанальнай выставы пачалася.

***

Здавалася б, рубрыка “Вяртанне імёнаў”, якую шмат гадоў вёў на старонках “Культуры” слынны мастацтвазнаўца Барыс Крэпак (потым яна трансфармавалася ў фаліянты, уганараваныя спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва) распавяла пра столькі прызабытых майстроў беларускага паходжання, што іх спіс урэшце мусіў вычарпацца.

Аднак не… Раз за разам — воляй шчаслівага выпадку — у куль­турны ўжытак вяртаюцца ўсё новыя імёны таленавітых творцаў, звязаных з нашай зямлёй. Вядома ж, ніводзін з іх не будзе лішнім у скарбніцы беларускіх мастацкіх набыткаў.

Ілья СВІРЫН

MAX TikTok