Ⅲ

Таямніца мармуровай пліты

У Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў захоўваецца незвычайны прадмет — мармуровая пліта, прызначэнне якой доўгі час заставалася загадкай.

 

Як расказала навуковы супрацоўнік музея Святлана Грынь, каля 15–17 гадоў таму яе перадаў установе ксёндз: адзін з мясцовых жыхароў знайшоў пліту ў сваім сараі, але не ведаў, адкуль яна ўзялася і для чаго выкарыстоўвалася.

Спачатку музейныя супрацоўнікі меркавалі, што гэта частка надмагілля. Аднак на адваротным баку былі два паглыбленні — квадратнае, а ў ім круглае. Навошта? Надпіс на лацінскай мове прачытаць не ўдалося.

Разгадаць таямніцу дапамог ксёндз, які нядаўна пераклаў тэкст:

«У год Божы 1897, дня 29 мая. Я, Казімір Рушкевіч, епіскап тытулярны Берыса, суфраган Варшаўскі, асвяціў алтар, сюды перанесены, і рэліквіі святых мучанікаў Севярыны і Северыяна сваёй рукой у гэтым месцы закрыў (запячатаў)».

Так стала вядома, што музейны прадмет — старадаўні пераносны алтар.

Згодна з традыцыямі рыма-каталіцкага Касцёла, такія алтары выкарыстоўвалі для правядзення набажэнстваў па-за храмам. У спецыяльных поласцях змяшчалі і запячатвалі мошчы святых, што надавала прадмету асаблівае духоўнае значэнне.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Ірыны СТАНКЕВІЧ

MAX TikTok