Выраз “хутарскі менталітэт” часта мае адмоўныя канатацыі — ды наколькі такое стэрэатыпнае ўспрыманне хутара справядлівае? Каб лепш зразумець гэтую сацыяльную, эканамічную і культурную з’яву, варта выправіцца… на хутар.
Новая экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту дазваляе адказаць на пытанне, што ж рухала тымі нашымі продкамі, якія выбіралі хутарскую адасобленасць. Прынцып “мая хата з краю”? Здаровае памкненне будаваць жыццё на ўласнай зямлі?

ЗАПАВЕТНАЯ МАРА
Цэнтралізавана развіць на тэрыторыі Беларусі свайго роду фермерства спрабавалі неаднойчы. Спярша, яшчэ за царом, была рэформа Пятра Сталыпіна. Потым, ужо ў БССР часоў нэпа, падобную палітыку праводзіў прагрэсіўны наркам земляробства Дзмітрый Прышчэпаў. Варта згадаць, што абедзве ініцыятывы сяляне сустрэлі вельмі прыхільна. І каб не ўмяшаліся няўмольныя гістарычныя абставіны...
Што ні кажы, а мара пра ўласную зямлю для нашага люду была характэрная спакон веку. Сцяпан Пішчулёнак з вёскі Цімошкава, што на Мёршчыне, яе ўвасобіў самастойна, па-за рамкамі вялікіх рэформаў. Нейкім чынам ён здолеў займець немалы надзел — аж 40 дзесяцін (недзе 43 гектары), разы ў чатыры большы, чым у сярэдняй сялянскай сям’і. Можа, прыдбаў у крэдыт, а можа, дачакаўся, пакуль знізіліся кошты.
РЫЗЫКА І ЎЗНАГАРОДА
На дварэ — 1918 год. Яшчэ нядаўна паблізу тых мясцін стаяў фронт Першай сусветнай. Цяпер жа, пасля дзвюх рэвалюцый, улада мянялася рэгулярна, і ніхто не ведаў, чым усё гэта скончыцца. Здавалася б, для новых пачынаў час не найлепшы. Аднак Пішчулёнак, пэўна, успрыняў нявызначанасць як акно магчымасцей — і перабраўся з вёскі ва ўласную сядзібу. Відаць, верыў, што старанныя рукі заўсёды пракормяць.

Хаця ратоў было нямала — у сям’і восем дзяцей, трое з якіх нарадзіліся глуханямымі. Сваю зямлю Пішчулёнкі апрацоўвалі самі: прынамсі, звестак пра наймітаў-парабкаў не захавалася.
Зразумела, рызыка істотная. Хутар — гэта, лічы, асобны суб’ект эканомікі. Адпаведна, ты павінен не проста сабраць ураджай, а належна ім распарадзіцца. Ведаць кан’юнктуру рынку: што вырошчваць, каму і па якім кошце прадаваць. Усё пад сваю адказнасць...
Ды прадпрымальнасці Сцяпану Пішчулёнку (як і многім іншым хутаранам) не бракавала. Справы пайшлі няблага, сям’я хутка разжылася. І ўжо неўзабаве старая хата, перанесеная на хутар з вёскі, была ператворана ў варыўню, дзе захоўваліся прыпасы. А ўсутыч да яе прыбудавалі прасторны дом. Абшаляваны свежымі дошкамі, сёння ён здалёк прыцягвае позіркі наведвальнікаў маляўнічага скансэна.
З ПАВАГАЙ ДА ГАСПАДАРОЎ
— Калі мы працавалі над праектам музеефікацыі, то мусілі вырашыць адразу некалькі задач — адлюстраваць як побыт “тыповага” хутараніна, так і рэгіянальныя асаблівасці, характэрныя менавіта для Паазер’я, — кажа загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ігар Іваноў. — І, вядома, аднесціся з павагай да гаспадароў. У экспазіцыі можна ўбачыць некаторыя аўтэнтычныя рэчы, якія належалі сям’і Пішчулёнкаў.

Напрыклад, драўляныя шавецкія лапы ды іншае начынне для вырабу ботаў, якімі карыстаўся адзін з сыноў уласніка хутара. Ён быў шаўцом і зладзіў сабе майстэрню наўпрост у сенцах бацькавага дома.
Будаваў сядзібу Сцяпан Пішчулёнак не толькі для сябе. Як нярэдка здараецца і сёння, гэты чалавек імкнуўся вырашыць “кватэрнае пытанне” нашчадкаў. Чатыры дачкі павыходзілі замуж, атрымаўшы належны пасаг. Двум сынам бацька вылучыў надзелы. А вось двое іншых прывялі жонак у татаву хату.

У выніку дом складаўся з дзвюх частак: у адной палове жылі гаспадар з гаспадыняй, а ў другой — дзве маладыя сям’і, якія, трэба меркаваць, пастаянна прырасталі дзеткамі. Кожная з “кватэр” па плошчы больш-менш тоесная сучаснай двухпакаёўцы, таму маладняку там, пэўна, было цеснавата. Але такія жыллёвыя ўмовы ўсё роўна лічыліся досыць прыстойнымі: ільготных крэдытаў шматдзетным сем’ям тады не давалі.
НІБЫ Ў ГОРАДЗЕ
Рэканструяваныя музейнымі работнікамі інтэр’еры больш нагадваюць сядзібу дробнага шляхціца, чым сялянскую хату. Апрача звыклых ложкаў ды крэслаў, ёсць тут і такі рарытэт, як шлабан — гібрыд канапы і куфра. Мэбля, дарэчы, уся аўтэнтычная і адпаведная таму часу, прычым пераважна з гэтага рэгіёна.
Ігар Іваноў звяртае ўвагу, што заможныя хутаране ўжо не мусілі абсталёўваць сваё жыллё саматужна: яны маглі дазволіць сабе замовіць мэблю ў майстроў. Не з Парыжа, вядома, а ў мясцовых. Але выглядаюць іх вырабы вельмі дыхтоўна, часам нават вытанчана. Даследчык тут бачыць уплывы не столькі шляхецкага, колькі гарадскога побыту. Арыенціры сталі трохі іншымі…
— Пасля адмены прыгоннага права, якая абумовіла маёмаснае расслаенне ў збольшага аднароднай раней сялянскай масе, пачалася і пэўная культурная дыфузія паміж горадам і вёскай, — адзначае супрацоўнік музея. — З’явіліся заможныя гаспадары, што інтэгравалі ў свае хаты ўзоры гарадскога жыцця: куфры, люстэркі, канапы…
У доме Пішчулёнкаў можна ўбачыць нават гасцёўню, дзе яны збіраліся за бяседай. Каміна няма, але ж яго добра замяняла куды больш практычная печка.
МАЛЯВАНКІ І ВІДЗІКІ
І тым не менш народная аўтэнтыка на хутарах заставалася. Паазерскую хату міжваеннага перыяду цяжка ўявіць без маляванкі. Вось і ў рэканструяваным доме Пішчулёнкаў такія дываны займаюць пачэснае месца. Ёсць тут і куды радзейшыя відзікі. Не відэамагнітафоны, вядома, а малюнкі на шкле.
Падчас экскурсіі распавядаюць мноства цікавінак пра паўсядзённае жыццё Паазер’я. Прыкладам, калі гляк трэскаўся, беражлівы гаспадар яго не выкідаў, а пакрываў бяростай — пасля пасудзіна магла служыць для захоўвання сыпучых рэчываў.

Асаблівасці мелі і рэгіянальныя ткацкія арнаменты, адзін з якіх наведвальнікі бачаць “у працэсе стварэння” — на кроснах, размешчаных на “сыноўскай” палове. Як растлумачыў Ігар Іваноў, паазерскаму ткацтву ўласцівая не палоснасць, а цэнтрычнасць узору.
ВЫХАД У ЛЮДЗІ
На этажэрцы ля аднаго з ложкаў — кнігі. Як гаворыць суразмоўца, на хутарах яны сапраўды былі: геаграфічная аддаленасць асвеце зусім не шкодзіла. Дарэчы, пацвярджэнне таму можна знайсці ў біяграфіі народнага паэта Беларусі Максіма Танка, які рос акурат на хутары каля вёскі Пількаўшчына на тым самым Паазер’і. Хлопчык у любое надвор’е пераадольваў немалы шлях ад сваёй сядзібы да найбліжэй школкі. Больш за тое, хутаране адрозніваліся і юрыдычнай пісьменнасцю. Дакументаў Пішчалёнкаў не збераглося, але Ігар Іваноў прыводзіць у прыклад архіў сям’і Бець з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна. Сярод іншага там і страхавы поліс на маёмасць — і гэта ў міжваенны час!
Адпаведна, міф пра “замшэласць” хутаран адназначна варты карэкціроўкі. Даследчык перакананы: адлюднікамі-анахарэтамі засцянкоўцы не былі: уключанасць у сацыяльныя адносіны захоўвалася заўсёды. Скажам, выпраўляючыся штонядзелю ў царкву ці касцёл, дзе збіралася ўся мясцовая супольнасць, яны сустракаліся з суседзямі, знаёміліся з навінамі, абмяркоўвалі агульныя справы…
ПРАГРЭС І АРХАІКА
Сёння хутар з добрым інтэрнэтам — мара многіх фрылансераў. Але як праходзіла камунікацыя ў тыя часіны, калі Сусветнай павуціны не існавала? Натуральна, жыўцом. Як сцвярджае Ігар Іваноў, на кожным хутары быў цэлы набор сваіх транспартных сродкаў для любой пары года і любых патрэб. Так, сані-розвальні прызначаліся для працоўных мэт, а вось у тую ж царкву або на кірмаш сям’я ехала на іншых санях, “парадных”.
На кірмашах, дарэчы, куплялі не толькі прыемную драбязу. Асобны раздзел экспазіцыі скансэна сведчыць, што і тэхнічны прагрэс хутары не абмінаў.
— Гаспадарка Пішчулёнкаў ужо не была самадастатковай, — кажа даследчык. — Добра прадаўшы ўраджай, заможны селянін мог прыдбаць тагачасную навінку сельгастэхнікі: напрыклад, сячкарню ці малатарню вытворчасці паважнай лідскай фабрыкі “Бенланд” — апошняя з названых машын у нас і прадстаўлена.
Уставіць вілку той ці іншай прылады ў разетку Пішчулёнкі не маглі: электрычнасць у кожнай хаце з’явіцца куды пазней. Бензінавыя рухавікі таксама былі раскошай. Але ж законы механікі выкарыстоўваліся актыўна. На падворку хутара сёння даступны дзівосны агрэгат — конны прывад той самай лідскай фабрыкі, дзякуючы якому працавалі розныя сельскагаспадарчыя прыстасаванні.
— Ён у нас спраўны, ды і малатарня пад яго таксама ёсць, — паведамляе Ігар Іваноў. — Таму цяпер думаем, як яго запусціць (мабыць, усё ж без каня). Падобных дзіўных прылад вельмі няшмат, і наведвальнікі забаву, без сумневу, ацэняць.
Магутнасць рухавіка ў адну конскую сілу сёння выглядае… не надта пераканаўча. Ды ў міжваенны час нават такія інавацыі апраўдвалі сябе. Досыць прымітыўныя па цяперашніх мерках машыны спраўляліся з працай у дзясяткі разоў хутчэй за звычайных людзей з іх “дзедаўскімі метадамі”.
Аднак экспазіцыя сведчыць, што пры ўсёй адкрытасці да прагрэсу ў хутарской гаспадарцы заў- сёды заставалася месца і для архаікі. Прыкладам, прыпасы захоўваліся ў карабах і кашах, зробленых у тэхніцы спіральнага саломапляцення, якая, калі верыць археолагам, была вынайдзена яшчэ ў часы неаліту.
І сапраўды: навошта тут інавацыі, калі дзякуючы ўмельству і карпатлівай працы можна атрымаць з падручнага матэрыялу лёгкія, трывалыя і экалагічна чыстыя вырабы?

ДЭБЮТ У ВЯЛІКІМ КІНО
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што атмасфера ў экспазіцыі — усё ж музейная, а не хатняя. Для поўнага паглыблення не хапае дэталей: скажам, характэрнага паху грубкі, якім набрынялі старыя сцены. Па словах суразмоўцы, задума зрабіць печ працоўнай была, але… пажарныя забаранілі, зважаючы перадусім на чаротавую страху, адноўленую паводле аўтэнтычных тэхналогій. Усё ж скансэн — гэта музей, і пануюць тут зусім іншыя нарматывы, ніж у звычайнай вёсцы.
Яшчэ адна сённяшняя навінка — дыхтоўны стужачны падмурак з вялікай брукаванай адмосткай. Ігар Іваноў тлумачыць, што такі капітальны фундамент сяляне ўсё ж не маглі сабе дазволіць. Яго з’яўленне падчас рэстаўрацыі абумоўлена практычнымі патрэбамі. Дом знаходзіцца ў нізіне, і вільгаці там куды больш, чым на суседніх пагорках. Акрамя таго, пад забудовай ёсць грунтавыя воды.
Ды, нягледзячы на дробныя недакладнасці, хутар Пішчулёнкаў ужо аблюбавалі “кіношнікі” — як лакацыю, дзе можна рабіць фільмы пра даўніну без асаблівай дапамогі штучнага інтэлекту. Неўзабаве тут запланаваны здымкі эпізоду аднаго з самых амбітных расійскіх праектаў апошняга часу — экранізацыі рамана “Вайна і мір” у фармаце тэлесерыяла. У якой ролі выступіць сядзіба, пакуль не паведамляецца.

* * *
Зразумела, даспадобы новая экспазіцыя і наведвальнікам. Варта аглядаць яе з экскурсіяй — іначай мноства цікавых нюансаў хутарскога жыцця застанецца па-за ўвагай.
На думку Ігара Іванова, такі тып паселішча выдатна адпавядае беларускай ментальнасці: ты гаспадар на сваёй тэрыторыі, будуеш як хочаш і што хочаш — пад сваю адказнасць, якой наш люд не баіцца...
І сапраўды, на беларускіх землях хутар — неўміручы. Таму і сёння ўдалечыні ад вялікіх гарадоў можна сустрэць нямала такіх гаспадароў, як Пішчулёнкі. Яны таксама не бядуюць — дзякуючы цягавітасці. І таксама спалучаюць сельскую архаіку з выкарыстаннем тэхнічных навінак. Але ж замест калёс ды саней на падворках стаіць ужо нешта з маторам.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара