Ліштва — рэч функцыянальная. Патрэбная, каб закрываць адтуліны паміж зрубам і аконнай каробкай. Аднак спакон веку ў нашых продкаў такі элемент меў і сакральны сэнс, і эстэтычныя функцыі. Выстава “Драўляныя карункі”, якая праходзіць на галоўнай пляцоўцы гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, у чарговы раз прыцягвае ўвагу да гэтага культурнага феномена. І разам з тым актуалізуе нямала пытанняў — яны тычацца традыцыі ўпрыгожвання вокнаў, якая існавала задоўга да вынаходства зручных, але бяздушных шклопакетаў.

АКНО Ў НЕПРАДКАЗАЛЬНАСЦЬ
— Уявіце сябе жыхаром старадаўняй вёскі, — прапануе намеснік дырэктара музея-запаведніка па навуковай рабоце Ксенія Сямашка. — Хата для яго — зона камфорту, айкумена, месца бяспечнага бытавання. За яе межамі — непрадказальны і часта варожы свет, поўны драпежных звяроў ды іншых пагроз. Таму ці не кожная дэталь у хаце мела як функцыянальную ролю, так і метафізічнае значэнне, прычым злучаны яны непарыўна. Зразумела, акно не было выключэннем. Гэта тое ўразлівае месца, якое патрабавала найбольшай абароны.
Разьбяныя ліштвы на нашых землях выкарыстоўваюцца яшчэ з эпохі Полацкага княства. Аднак паколькі дрэва — матэрыял нетрывалы, да нас прадметы той пары не дайшлі — як і артэфакты пазнейшых часоў. Нават уяўленні пра выгляд даследчыкі маюць вельмі прыблізныя. Тыя ліштвы, якія мы ведаем (і якія прадстаўлены ў экспазіцыі), — пераважна ўжо ХХ стагоддзя.
Як падкрэсліваюць супрацоўнікі музея, такая “драўляная выцінанка” нават тэарэтычна не магла ўзнікнуць раней. Прычына тут найперш тэхналагічная: разьба рабілася па роўнай дошцы, а яна стала даступнай для вяскоўцаў толькі пасля ўкаранення паравога рухавіка — параўнальна нядаўна. Ды і шыбы некалі ў вёсцы былі рэдкасцю: звычайна маленькія акенцы зацягвалі бычынымі пухірамі.

АД ЦМОКАЎ ДА БАРОКА
Тым не менш не выпадае сумнявацца, што многія матывы “перакачавалі” на звыклыя для нас ліштвы з архаічных папярэднікаў. На выставе ў разьбяных карунках часам можна разгледзець міфічных цмокаў (прынамсі, так лічаць даследчыкі). Сустракаюцца і салярныя сімвалы. Верагодна, іх старажытны язычніцкі сэнс паспеў згубіцца або істотна трансфармавацца. Таму ў хрысціянскім грамадстве гэтыя знакі набывалі не магічныя, а эстэтычныя функцыі.
А вось картачныя масці, якія таксама ёсць на ліштвах, — ужо прыкмета новага часу і, напэўна, даніна модзе. Наогул, у разных карунках пераплятаюцца самыя розныя традыцыі — і высокія, і нізкія.
Напрыклад, некаторыя з ліштваў увянчаны барочнымі картушамі. Тут можна прыгадаць, што пасля маніфеста 1905 года на захадзе Беларусі здарыўся неверагодны ўсплёск касцельнага будаўніцтва ў рэтраспектыўных стылях. Верагодна, менавіта адтуль у нашу вёску прыйшло шляхетнае барока.

ЯКОЕ ЗНАЧЭННЕ Ў КЕЛІХА?
З пункту гледжання семіётыкі ліштвы — той яшчэ рэбус. Ксенія Сямашка звяртае ўвагу на келіх, выразаны на адным з экспанатаў выставы. Які сэнс такі вобраз нясе? Самы відавочны адказ — гэта сімвал Еўхарыстыі. Хрысціянскія знакі нашы пабожныя продкі нярэдка ўвасаблялі ў ліштвах — каб абараніць дом ад злога духа.
— Але гэта калі аналізаваць выяву ў кантэксце хрысціянства — дадае Ксенія Уладзіміраўна. — Бо цалкам магчыма, што келіх — проста келіх. Посуд для піцця.
Хто ведае — можа, ён сведчыў пра вясёлы нораў гаспадароў. Не трэба выключаць і варыянт, што такі элемент аздабляў самаробную шыльду нейкай карчомкі.
Тут расставілі б кропкі над “і” толькі самі гаспадары. Ды, на вялікі жаль, звяртацца да іх запозна. Найперш таму, што ўспрыманне ліштваў як каштоўнага культурнага феномена, здольнага распавесці шмат цікавых падрабязнасцей пра менталітэт нашых продкаў, з’явілася не так даўно. Носьбіты інфармацыі да гэтага часу проста не дажылі.

У БАБУЛЬЧЫНУ ХАТУ
Мастак і рэстаўратар Уладзімір Цвірка тую прыгажосць ацаніў адным з першых. А таму збіраў ліштвы, што сустракаліся яму ў вандроўках па беларускай глыбінцы. Большасць экспанатаў — з закінутых хат. Вывезці ўдавалася толькі кароны — дэкарыраваныя навершы, бо самі аконныя рамы ў легкавік не ўмесціш.
Многія лічаць, што разныя ліштвы ўласцівыя пераважна Гомельшчыне. І сапраўды, такіх дзівосных карункаў, як на поўдні Беларусі, у іншых рэгіёнах не знойдзеш. Але геаграфія выставы пераконвае: прага аздабляць вокны была ў нашых людзей паўсюдна.
— Мэта экспазіцыі — не прадэманстраваць найлепшыя ўзоры ліштваў з іх дакладным навуковым апісаннем, а актуалізаваць гэты тып культурнай спадчыны для наведвальнікаў, — тлумачыць Ксенія Сямашка. — Мяне вельмі ўзрушвае, калі, пабачыўшы выставу, чалавек кажа: “Авой, дык і ў бабульчынай хаце таксама былі ліштвы!” Ёсць надзея, што хтосьці захоча прыкласці намаганні, каб выратаваць створанае продкамі хараство.
…Яшчэ гадоў сорак таму разьбяных ліштваў на заслаўскіх вокнах было багата. Пра гэта сведчаць чорна-белыя фотаздымкі супрацоўнікаў музея. Сёння такі рарытэт у жылым доме знойдзеш нячаста. Аднак стаўленне спакваля мяняецца.
Работнікі ўстановы згадваюць нядаўні выпадак. Выкупіўшы ў Заслаўі старую хаціну, гаспадар вырашыў яе знесці — каб збудаваць катэдж. Але ж ліштвы беражліва зняў. Музейшчыкі звярнуліся да ўласніка з просьбай перадаць артэфакты ў фонд музея-запаведніка. Гаспадар сім-тым падзяліўся, але многае пакінуў сабе — маўляў, такія каштоўныя рэчы мне таксама спатрэбяцца.
Адпаведна, разьбяныя ліштвы сёння ўжо не выглядаюць безнадзейным анахранізмам, ад якога варта пазбавіцца найхутчэй. Стомленыя ад сучасных тэхналогій людзі зноў бачаць у гэтых карунках і прыгажосць, і код пакінутай продкамі традыцыі.
Выстава будзе працаваць да 27 снежня.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара