Ⅲ

Палёт над Дняпром

Фестываль “Палёт над Дняпром” злучыў юных артыстаў з Беларусі і Расіі ў імкненні да сяброўства і мастацтва. Дзесяць дзён маленькія таленты выступалі на сцэнах трох гарадоў — Раслаўля, Смаленска і Мсціслаўля. Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці гэтага горада ўпершыню прымаў праект, які не ведае межаў.

 

У Мсціслаўлі прайшло закрыццё XIII Міжнароднага дзіцячага фестывалю творчых калектываў, выканаўцаў і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Палёт над Дняпром”. Свята падарыла гледачам яскравыя выступленні, а ўдзельнікам — новыя знаёмствы, магчымасць паказаць свае здольнасці, адчуць падтрымку і стаць часткай вялікай творчай супольнасці.

Яркая канцэртная праграма ператварылася ў сапраўдны культурны дыялог, што аб’яднаў прадстаўнікоў розных краін і творчых напрамкаў. Харэаграфічныя і вакальныя нумары, тэатралізаваныя пастаноўкі і казачныя паказы — калектывы дэманстравалі індывідуальнасць, артыстызм і шчырую захопленасць мастацтвам. Кожны выхад на сцэну быў маленькай перамогай. Бо тут важны не толькі вынік, але і сам шлях, які дзіця праходзіць падчас падрыхтоўкі: вучыцца працаваць у камандзе, пераадольваць хваляванне, чуць партнёраў і верыць ва ўласныя сілы.

У інклюзіўнай прасторы кожны артыст успрымаецца перш за ўсё як асоба — са сваімі здольнасцямі, марамі, характарам і непаўторным унутраным светам. Тут няма месца абмежаванням: ёсць музыка, рух, фантазія, падтрымка і жаданне тварыць.

Яшчэ адной пляцоўкай для знаёмства з дасягненнямі юных талентаў была выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Госці змаглі палюбавацца работамі юных аўтараў і самі папрактыкавацца ў рукадзеллі. Майстар-клас па вырабе паштоўкі — сімвалічны працяг фестывальнай ідэі. Бо самаробная паштоўка — гэта знак увагі, добрых пажаданняў і чалавечага цяпла.

Завяршылася ўрачыстасць уручэннем дыпломаў і падзячных лістоў. Гэтыя ўзнагароды — заслужанае прызнанне працы дзяцей, педагогаў і арганізатараў міжнароднага мерапрыемства. “Палёт над Дняпром” у Мсціславе стаў сапраўдным святам творчасці, сяброўства і ўзаемнай павагі. Фестываль падарыў юным зорачкам магчымасць праявіць свае здольнасці, гледачам — яркія ўражанні, а кіраўнікам калектываў — новыя ідэі для далейшай працы.

Няхай гэты палёт працягваецца — ад сцэны да сцэны, ад сэрца да сэрца, адкрываючы новыя таленты і ўмацоўваючы сяброўства паміж дзецьмі, гарадамі, краінамі.

Вераніка СЕВІЗДРАЛ, ГУК “ Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна”

MAX TikTok