Марыць пра ўласныя песні, эксперыментуе з вакалам і працягвае вучыцца, каб раскрываць магчымасці голасу. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Алеся Віталс расказала, як дзіцячае захапленне перарасло ў прафесію і чаму талент немагчымы без штодзённай працы.

— Алеся, як вы прыйшлі да творчасці?
— Талент да спеваў і артыстызм ува мне разгледзела і пачала падтрымліваць мама, за што ёй шчыра дзякую. Я стала выступаць на сцэне, на конкурсах. Тады і адчула: падабаецца спяваць, дарыць людзям эмоцыі. Была першай у сям’і, хто наведваў музычную школу па класе фартэпіяна. Бацькі ва ўсім на маім баку. Гэта, вядома, дадае ўпэўненасці і веры ў сябе.
— Дзе працягнулася ваша станаўленне?
— У 2015-м, прыкладна ва ўзросце васьмі гадоў, пачала займацца ў студыі пры Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Першым педагогам па вакале была Алена Атрашкевіч — цудоўны настаўнік, кампазітар, чалавек на сваім месцы. З Аленай Віктараўнай падтрымліваем сувязь і цяпер.

Пасля дзявятага класа накіравалася ў сам каледж і скончыла яго з чырвоным дыпломам. Там са мной працавала педагог Наталля Балдзіна, якая дзялілася вопытам і дапамагла яшчэ больш раскрыцца з іншых бакоў, у розных музычных жанрах.
Сёлета без іспытаў паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Вучуся на завочным аддзяленні па спецыяльнасці “музычнае мастацтва эстрады” ў класе Ірыны Дарафеевай.
— Якія музычныя стылі вам да душы?
— Па натуры я лірык, таму ў рэпертуары пераважаюць эмацыйныя песні з глыбокім сэнсам. Люблю, калі праз твор можна распавесці гісторыю, перадаць унутраны стан і дапамагчы слухачу пазнаць у кампазіцыі нешта сваё. Разам з тым хочацца шукаць новыя фарбы ў голасе. Напрыклад, мне спадабалася, як гучу ў джазе. Гэта заўважылі таксама і іншыя, таму жадаю развівацца ў такім кірунку. Я адкрыта да эксперыментаў: цікава спрабаваць розныя жанры і стылі.

— Раскажыце, калі ласка, пра сцэнічны досвед.
— За маімі плячыма — больш за 50 конкурсаў і фестываляў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Удзельнічаю ў іх прыкладна з шасці гадоў, таму назапасілася шмат уражанняў, знаёмстваў і вопыту. Пакінуў прыемныя эмоцыі на доўгія гады Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-хало”, дзе заняла першае месца.

Важны і нават самы яркі, запамінальны для мяне — фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, на якім сёлета прадстаўляла нашу краіну ўжо другі раз і стала адным з пераможцаў.
Таксама неаднойчы выходзіла ў фінал нацыянальнага адбору дзіцячага музычнага конкурсу ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску” і перамагала ў Рэспубліканскім радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”. Кожнае падобнае мерапрыемства — магчымасць пачуць іншых выканаўцаў, прафесійную ацэнку і зразумець, над чым яшчэ трэба працаваць.
— Менавіта “Маладыя таленты” наблізілі вас да прэзідэнцкай прэміі. Як ставіцеся да такога прызнання?
— Гэта ўжо трэцяя адзнака ў маім творчым жыцці, звязаная са спецыяльным фондам. У 2018 годзе дзякуючы радыёконкурсу ўпершыню стала стыпендыятам, удастоілася адпаведнага пасведчання і была ўключана ў банк даных таленавітай моладзі.
У 2025-м узнагароду атрымала разам з ансамблем Art Energy, у якім пела падчас вучобы ў каледжы, а сёлета — як сольны выканаўца.
Для мяне гэта вялікая радасць, гонар, але і адказнасць. Хочацца расці, знаходзіць уласнае гучанне і дасягаць новых вынікаў, даказваючы, што давер апраўданы.

— Вы доўга выступалі з калегамі па каледжы. Што дало супрацоўніцтва?
— У Art Energy набыла каштоўны досвед сумеснай работы, навучылася адчуваць партнёраў і разумець, як асобныя галасы складваюцца ў адзінай мелодыі. Працягваем сябраваць, сустракаемся з хлопцамі і дзяўчатамі, падтрымліваем сувязь з педагогам. Абмяркоўвалі і магчымасць зноў аказацца на сцэне разам. Спадзяюся, у нашай гісторыі яшчэ будуць новыя старонкі.
— Выхад да публікі патрабуе псіхалагічнай устойлівасці. Як настройваецеся за кулісамі?
— Хваляванне — натуральная частка працы для любога артыста. Мне заўсёды важна, як глядач успрыме мяне, ці здолею данесці задуманае. Галоўнае — навучыцца кіраваць эмоцыямі і ўкладваць іх у выкананне. Асаблівых рытуалаў перад выхадам няма: звычайна раблю павольны ўдых і выдых, засяроджваюся на тэксце і сэнсе песні. Калі разумееш, што хочаш сказаць, лягчэй перадаць гэта ў вакале.

— Што дапамагае аднаўляць сілы і знаходзіць натхненне для творчасці?
— Сустрэчы з блізкімі, размовы, сумесныя падарожжы… Люблю бываць на прыродзе, чытаць кнігі, катацца на веласіпедзе. Здараецца, дастаткова ненадоўга змяніць абстаноўку, каб вярнуцца да спраў з новымі думкамі. Цяпер вольнага часу няшмат: я педагог па вакале і кіраўнік студыі ў Мінску, таму даводзіцца старанна размяркоўваць дзень, каб сумяшчаць усё гэта з вучобай.
— Аб чым марыце і што зараз у планах?
— Падрыхтоўка да конкурсаў для мяне не спыняецца. Нават калі няма дакладна вызначаных дат, усё роўна трэба працаваць над голасам, рэпертуарам, сцэнічнай культурай. Выкарыстоўваю кожную магчымасць для развіцця. Адкрыта да таго, каб пакараць новыя праекты і вяршыні.
У перспектыве хачу стаць вядомай артысткай, пісаць і выконваць уласныя песні, дзяліцца з людзьмі пачуццямі. Ёсць і больш маштабныя задумы, але пакуль пакіну іх пры сабе.
— Дайце параду маладым вакалістам, якія імкнуцца трапіць на буйныя пляцоўкі.
— Найперш — не баяцца праяўляць сябе і памыляцца. Няўдачы таксама частка шляху да майстэрства. Важна не тое, колькі разоў спатыкнуўся, а тое, ці падняўся і працягнуў ісці да сваёй мэты.

Трэба шмат працаваць. Талент — важная аснова, але без дысцыпліны, штодзённых намаганняў і жадання вучыцца ён не раскрыецца цалкам. Поспех на 10 % залежыць ад здольнасцей і на 90 % — ад працы над сабой. Таму варта верыць у сябе, быць цярплівым і памятаць, дзеля чаго выходзіш на сцэну.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні