Ⅲ

Летапіс Коласаўскага: 1990-я. Выпуск 7

Канец 1980-х — 1990-я сталі для тэатра імя Якуба Коласа часам змен. Трупе трэба было шукаць новыя падыходы да гледача, новую мову і сэнсы. Гэты перыяд — эпоха трох яркіх рэжысёраў, кожны з якіх прапанаваў свой адказ на выклікі лёсу.

 

Спектакль "Шчаслівае здарэнне". Рэжысёр Барыс Эрын

 

ПСІХАЛАГІЧНЫ ТЭАТР

У 1991 годзе мастацкае кіраўніцтва калектывам узяў на сябе Барыс Эрын — рэжысёр, чыё імя добра ведалі ў Беларусі. Барыс Уладзіміравіч намагаўся вярнуць тэатр да глыбокага псіхалагізму, калі галоўнае — акцёр і яго душа. Эрын не гнаўся за багаццем знешніх эфектаў, мэтра цікавіла перш за ўсё жывое, непаўторнае пачуццё. Рэ­- жысёр валодаў унікальнай здольнасцю “выцягваць” з артыста тое, што было трэба для сцэны, дапамагаючы раскрыць характар персанажа.

 

Пастаноўка "ЧП-1" і "ЧП-2". Рэжысёр Барыс Эрын

Так, “ЧП-1” і “ЧП-2” паводле знакамітага “Рэвізора” М. Гогаля, “Шчаслівае здарэнне” С. Мрожака, “Хачу здымацца ў кіно” Н. Саймана былі яскравымі пастаноўкамі. Асабліва вылучаўся “Рэвізор”, дзе Эрын выкарыстаў постмадэрнісцкую форму, аб’яднаўшы трагедыю, фарс і фантасмагорыю. Спектакль пачынаўся з рэпетыцыі, на падмостках панаваў суфлёр, а ролю Хлестакова размеркавалі адразу паміж чатырма акцёрамі. Пастаноўка атрымалася складанай, шматслойнай і патрабавала ад гледача эмпатыі і роздуму.

У сваіх работах Эрын заўжды імкнуўся да таго, каб артыст не проста іграў ролю, а існаваў на сцэне праўдзіва, перажываючы лёс героя. Барыс Уладзіміравіч быў перакананы, што менавіта ў глыбіні чалавечай душы, у яе супярэчлівых праявах і хаваецца сутнасць тэатра. Таму спектаклі майстра, нават калі ён працаваў са складанай або абсурдысцкай драматургіяй, заўсёды вызначаліся вострым псіхалагізмам і ўвагай да ўнутранага свету асобы. Нягледзячы на ўсе цяжкасці таго часу, Эрын вярнуў тэатр да глыбокага псіхалагізму і акцёрскай праўды. Прынцыпы, закладзеныя Барысам Уладзіміравічам, сталі трывалым падмуркам для далейшага развіцця калектыву, а пастаноўкі — узорам высокага мастацтва, якое не чакае ўзнагарод.

 

СПОВЕДЗЬ ДУШЫ

У 1993 годзе эстафету прыняў Валерый Маслюк. Ён прыйшоў як вопытны рэжысёр і кіраўнік, каб стварыць “сапраўдны духоўны тэатр”. Валерый Васільевіч быў яшчэ і драматургам, паэтам, мастаком. Яго дзейнасць — гэта спроба супрацьстаяць духоўнаму збядненню грамадства.

 

Спектакль "Жаніцьба". Рэжысёр Валерый Маслюк

Майстар скіроўваў увагу да вечных каштоўнасцей, стараючыся данесці да гледача боль ад страчанай гармоніі. Спектаклі “Кароль Лір” паводле У. Шэкспіра, “Жаніцьба” М. Гогаля, “Сола для гадзінніка з боем” О. Заградніка, а таксама ўласныя п’есы “Пад сонцам” і “Вялікая сумная рыбіна, якая чакае” сталі глыбокімі філасофскімі прытчамі. Рэжысёр спалучаў псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай эстэтыкі, раскрываючы чалавека ў яго шматбаковых праявах праз яркую відовішчнасць і метафарычнасць.

 

Спектакль "Кароль Лір". Рэжысёр Валерый Маслюк

У рабоце “Кароль Лір” Маслюк спрабаваў знайсці надзённыя алюзіі, падняць гісторыю вар’яцтва каралятырана да ўзроўню касмічнай трагедыі, сусветнага апакаліпсісу. Згодна з задумай Валерыя Васільевіча, Зямля быццам перажыла ядзерную катастрофу, а на абломках былой цывілізацыі ўзнікае новая, яшчэ больш дзікунская.

Мэтр імкнуўся арганізаваць у Віцебску сапраўдны тэатральны асяродак: адрадзіў традыцыю акцёрскіх бенефісаў, ініцыяваў тэатральныя марафоны, дапамагаў выданню газеты “Раёк”. Маслюк упершыню вывез калектыў з “Каралём Лірам” у далёкае замежжа. Творчасць гэтага чалавека — тонкі паэтычна-псіхалагічны тэатр, дзе рэжысёр дзяліўся з гледачом унутраным болем і хваляваннямі. Валерый Васільевіч верыў, што менавіта за духоўнасцю — будучыня тэатра, і тую веру перадаваў праз пастаноўкі.

Жыццё Маслюка абарвалася занадта рана, але ён паспеў пакінуць вялізную спадчыну. Пасля яго адыходу сябры і калегі выпусцілі кнігу “Я паспею, я ўсё паспею...”, у якую трапілі вершы, п’есы і графічныя работы. Выданне, як і непаўторныя спектаклі Валерыя Васільевіча, — жывая памяць пра бліскучага творцу.

 

ПОШУКІ НОВАЙ ФОРМЫ

У 1997-м мастацкім кіраўніком Коласаўскага стаў Віталь Баркоўскі — рэжысёр, які прапанаваў зусім іншы шлях. Віталь Міхайлавіч павёў трупу да эстэтыкі постмадэрнізму, да пошуку новых сродкаў выразнасці і разбурэння звыклых канонаў. Баркоўскі не баяўся эксперыментаў. Яго складаныя, шматзначныя спектаклі схілялі гледача да актыўнага саўдзелу. Таксама рэжысёр сцвярджаў, што галоўнае ў яго пастаноўках — не сюжэт, а атмасфера, не характар, а стан душы. Майстар часам сам выступаў як сцэнограф, прыдумваючы ўнікальныя візуальныя вобразы.

 

Пастаноўка "Шагал... Шагал...". Рэжысёр Віталь Баркоўскі

Адметнае месца ў творчасці Віталя Міхайлавіча займае спектакль “Шагал... Шагал...” — своеасаблівае прысвячэнне Віцебску і знакамітаму мастаку. Гэта была спроба праз мову тэатра перадаць філасофію Шагала, адлюстраваць яго свет, поўны палёту і памяці. Баркоўскі актыўна выкарыстоўваў сімвалы, метафары, пластыку, працуючы над “тэатрам стану”, дзе важна не што, а як адбываецца. Работа атрымала прызнанне на міжнародных фестывалях, у тым ліку ў Эдынбургу, дзе займела адзін з галоўных прызоў.

 

Пастаноўка "Чорная нявеста". Рэжысёр Віталь Баркоўскі

Таксама ў гэты перыяд Віталь Баркоўскі стварыў “Чорную нявесту” — пастаноўку, якая характарызавалася строгай графічнасцю, глыбокай метафарычнасцю і асацыятыўнасцю.

1990-я былі для Коласаўскага тэатра часам няпростых пошукаў і значных здабыткаў. Кожны з трох рэжысёраў унёс свой неацэнны ўклад у развіццё калектыву. Але ж гісторыя не спыняецца на дасягнутым: наперадзе — новыя выклікі, імёны і адкрыцці, якія стануць прадметам наступнага выпуску нашай хронікі.

Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok