Кастрычніцкі нумар часопіса “Мастацтва” выйшаў у рамках праекта “Культура са знакам якасці”. Выпуск прысвечаны 55-годдзю мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” ды 70-годдзю Музея абароны Брэсцкай крэпасці.

Матэрыялы найперш будуць каштоўнымі для гісторыкаў і музейных работнікаў, але цікавыя артыкулы знойдзе для сябе любы чытач.

Пры падрыхтоўцы часопіса выкарыстана шмат архіўных звестак і фотаздымкаў. Прыклад — аповед пра выратаванне сцяга 393-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна.

У канцы чэрвеня 1941 года, калі становішча абаронцаў Усходняга форта аказалася бязвыхадным, малодшы сяржант Радзівон Семянюк, радавыя Фальваркаў і Тарасаў схавалі святыню ў каземаце знешняга вала ўмацавання Усходняга форта. Усе трое трапілі ў палон. Лёсы двух апошніх невядомыя, а Радзівону пашчасціла выжыць. І праз 15 гадоў, улетку 1956-га, ён вярнуўся, каб разам з ваеннаслужачымі знайсці сцяг. Артыкулы, размешчаныя пад рубрыкай “Рарытэты крэпасці”, расказваюць пра спецыфіку працы з каштоўнымі экспанатамі.

Вялікі раздзел прысвечаны гераізму абаронцаў цвярдыні ў мастацтве. Так, грунтоўны аналіз жывапісу, графікі, скульптуры выкананы работніцай мемарыяльнага комплексу Марынай Кудрашовай.
У пасляваеннай культуры Брэсцкая крэпасць стала асаблівым вобразам памяці — знакам стойкасці, самаахвярнасці і воінскай вернасці. Кінематограф, як і іншыя віды мастацтва, зноў і зноў звяртаецца да падзей чэрвеня — ліпеня 1941-га. У кожны з пазнейшых гістарычных перыядаў рэжысёры прапануюць свой погляд на гэты подзвіг: змяняюцца не толькі героі і сюжэтныя акцэнты, але і сама кінамова.

Як трансфармаваўся падыход творцаў на працягу сямі дзесяцігоддзяў — у матэрыяле “Брэсцкая крэпасць на экране”.
Не менш цікава развівалася тэма абароны ў тэатры і музыцы. Аналіз знакавых спектакляў, некаторыя з якіх, дарэчы, ставіліся непасрэдна ў крэпасці, зрабіла мастацтвазнавец Надзея Бунцэвіч. Гэтыя глыбокія эмацыйныя артыкулы захопліваюць літаральна з першых радкоў.

Завяршаецца нумар праектам “Музыка жаночага хараства”. Настрой палатна Івана Ахрэмчыка “Абаронцы Брэсцкай крэпасці” адчула і перадала ў мелодыі студэнтка чацвёртага курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ілона Сідаровіч. Маладая піяністка выканала Другую фартэпіянную прэлюдыю Ігара Алоўнікава. Паслухаць яе можна з дапамогай QR-кода, надрукаванага ў часопісе побач з публікацыяй.
Служба інфармацыі “КіМ”