Далікатная, капрызная, але такая жывая — салома ў руках сапраўднага майстра ператвараецца ў карункі ўбораў, цудоўныя снапы і нават іконы. Аксана Андрончык, кіраўніца народнай студыі “Натхненне” з Клецка, ужо тры дзесяцігоддзі даводзіць: у прыроды няма чарнавікоў, ёсць толькі шэдэўры.

ШЛЯХ ДАЎЖЫНЁЮ Ў 30 ГАДОЎ
У кагосьці любоў да саломкі нараджаецца імгненна, але ў Аксаны Міхайлаўны ўсё склалася інакш. У Клецкі раённы Дом культуры яна прыйшла зусім маладой, перабірала розныя тэхнікі, шукала сябе. Аднойчы выпадкова ўбачыла працу майстроў саломапляцення.
— Прайшло паўгода, перш чым у памяці ўсплыла тая выява, а ў душы прачнулася настойлівае “хачу паспрабаваць”, — прызнаецца наша гераіня.

Так пачаўся шлях у народную творчасць. Адукацыя ў Аксаны Міхайлаўны педагагічная, і веды ў новым для сябе мастацтве прыйшлося здабываць па макулінках. У бібліятэцы знайшлася адна старэнькая кніжка, якую яна вывучыла ад скарынкі да скарынкі. Але сапраўднай школай сталі конкурсы і фестывалі. Спачатку была сціплай удзельніцай, “падглядала” за працамі іншых, потым з’явіліся пытанні і ўласныя эксперыменты.
Пераломным момантам стаў фестываль “Саламяны цуд” у 2005 годзе. Менавіта там яна атрымала першы сур’ёзны старт. А ўжо ў 2007-м студыя “Натхненне” была ўдастоена звання “народная”.

УБОРЫ ЗОЛАТАМ ГУЧАЦЬ
Адна з самых яскравых старонак творчасці Аксаны Андрончык — стварэнне касцюмаў. І нагодай для гэтага стаў конкурс “Жытніца” ў рамках фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ў 2005 годзе. Менавіта для яго шмат гадоў таму майстрыха стварыла сукенку з саломы, якая адразу прынесла першае месца.
— З гэтага касцюма і пайшлі мае калекцыі, — расказвае яна. Сёння ў “скарбонцы” іх ужо шэсць. Ёсць дзіцячыя і дарослыя вобразы, капялюшыкі, сумкі і галаўныя ўборы.
І гэта не проста музейныя экспанаты.
— Мы робім жывыя выставы. Уборы не пыляцца за шклом, яны жывуць на сцэне. У іх выступаюць і самі майстры, і, што асабліва каштоўна, іх юныя выхаванцы, — тлумачыць Аксана Міхайлаўна. — Самае галоўнае — бачная праца дзяцей. Я толькі дапамагаю, накіроўваю, нешта збіраю на машынцы, калі малыя не могуць. Але самі элементы плятуць яны. Прыемна, калі людзі не вераць, што гэта зроблена дзіцячымі рукамі, захапляюцца.

ДА ТВАРУ НАВАТ КЛЕАПАТРЫ
Асобная і вельмі кранальная гісторыя — удзел у міжнародным конкурсе прыгажосці “Міс Эка Інтэрнацыянал”, які праходзіў у Егіпце ў 2023 годзе. Задача здавалася амаль невыканальнай: стварыць касцюм Клеапатры з беларускага прыроднага матэрыялу для мадэлі, з якой ніколі не сустракалася ўжывую. У распараджэнні Аксаны Міхайлаўны былі толькі памеры і фатаграфіі дзяўчыны. Майстрыха папрасіла блаславення ў святара і паглыбілася ў трохмесячную карпатлівую працу.
— Салома — жорсткі матэрыял. Важна было зрабіць галаўны ўбор. А ён высокі, масіўны і павінен трымацца ідэальна.
Калі выраб быў гатовы, мадэль прыехала яго мераць. Карона села бездакорна, быццам Аксана Міхайлаўна майстравала яе на самой дзяўчыне.
— Гэта цуд для мяне. З блаславення, мусіць, атрымалася, — кажа майстрыха. — Я была ўпэўненая, што прыйдзецца яшчэ ўшываць і папраўляць, але выраб сеў як другая скура.
У выніку вобраз беларускай Клеапатры ў саламяным уборы прынёс удзельніцы першае месца на міжнародным конкурсе.

АД СНАПОЎ ДА АБРАЗОЎ
Аксана Міхайлаўна прызнаецца, што пляценне снапоў — гэта яе асобны, аўтарскі запал.

Многія майстры займаюцца гэтым, але яна пайшла далей. Сёлета да свята ўраджаю падрыхтавала сапраўдны арт-аб’ект — сноп на аснове, якая круціцца.
— Гэта нібы карусель нашага жыцця, — дзеліцца задумай майстрыха. — Дэталі адлюстроўваюць будні, радасці і дзяцей — наша галоўнае багацце.
У планах рукадзельніцы працаваць над калекцыяй вялікіх лялек — ростам метр дваццаць. Ужо гатовая “беларуская прывітальніца”, далей — фігура хлопца са снапом.

А яшчэ Аксана Міхайлаўна стварыла ікону ў тэхніцы саломапляцення.
— Абраз знаходзіцца ў храме, ён дзейны, людзі прыходзяць памаліцца, — расказвае гераіня. — Цяпер мы шчыруем над выявай Ісуса Хрыста ў тым жа стылі. Напэўна, гэта таксама маё пакліканне — шукаць сябе ў новым.
ЛЁС, СПЛЕЦЕНЫ Ў КАЛАСОК
Гледзячы на гэтую далікатную жанчыну, складана ўявіць, колькі фізічных намаганняў патрабуе кожны яе твор. Бо ўсё пачынаецца з поля.

— Трэба па адным зрэзаць каласкі, высушыць, ачысціць, адбяліць, пафарбаваць… — пералічвае гераіня. — Гэта не хуткае задавальненне. Але менавіта ў такой руплівасці нараджаецца магія.
Аксана Міхайлаўна не карыстаецца схемамі і нават не малюе эскізаў.
— Пачынаю працаваць — і думкі прыходзяць да мяне самі. Не ведаю, што атрымаецца заўтра. Калі спрабую зрабіць дакладную копію папярэдняга твора — не выходзіць. Гэта нараджаецца тут і цяпер. Прыходжу дадому — трэба плесці. Гэта мая стыхія, маё жыццё, — прызнаецца яна.

За плячыма Аксаны Міхайлаўны Андрончык — гран-пры міжнародных фестываляў, прызнанне калег і любоў вучняў. У яе студыю прыходзяць дзеці, якія з задавальненнем займаюцца старажытным рамяством.
— Цяпер усе вундэркінды, нават у маленькіх атрымліваецца тое, што раней не выходзіла ў старэйшых, — з цеплынёй кажа настаўніца.

Рыхтуючыся да розных мерапрыемстваў, майстрыха заўсёды марыць аб адным: каб людзі ўбачылі ў яе творах не проста ўменне, а само жыццё.

Саламяную, залатую, бясконцую карусель, якая не спыняецца.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні