Ⅲ

Буслы помняць сваё гняздо

Апублiкавана: 23 кастрычнiка 2026 Стужка Традыцыі не указан Соцыум

Аўтар: АРХІПКОВА Дар’я

На краі кантынента, дзе дыхаюць вулканы, беражліва захоўваецца наша культура. За сем тысяч кіламетраў ад Мінска, у Петрапаўлаўску-Камчацкім, дзейнічае рэгіянальная грамадская арганізацыя “Беларускае зямляцтва Камчаткі”. Яе старшыня Валянціна Крылова (на фота справа) расказала, як на суровым паўвостраве ўшаноўваецца памяць продкаў і знаходзяць адно аднаго тыя, хто не забывае свае карані.

 

НА ДАЛЁКАЙ ЗЯМЛІ

“Беларускае зямляцтва Камчаткі” — не проста арганізацыя. Гэта суполка, якая згуртавала нашых суайчыннікаў, што жывуць на паўвостраве, а таксама тых, хто паважае Беларусь, яе культуру і гісторыю.

Самая вялікая жамчужына аб’яднання — фальклорная вакальная група “Сустрэча”. Яе заснавалі 10 гадоў таму. Назва сімвалічная: людзі сустрэліся ў далёкім краі, каб спяваць разам. У калектыве 12 чалавек. Рэпертуар разнастайны: народныя і эстрадныя, беларускія і рускія творы. Сярод найбольш любімых — “Вальс дружбы” Пахмутавай і Дабранравава, гімн зямляцтва “Белая Русь”, напісаны яго членам В. Ліхотам.

— Тут вельмі сардэчныя людзі, — распавядае Валянціна Андрэеўна. — Ёсць удзельніца, якой хутка будзе 97 гадоў, — Валянціна Гілева. Яна наша старэйшына, ветэран. Далучаюцца і маладзейшыя, і дзеці. Напрыклад, 10-гадовыя хлопчыкі-двайняты чытаюць вершы на беларускай мове.

Суполка суайчыннікаў нешматлікая, але актыўная і дружная. Згуртаванасць адчуваецца ва ўсім — у песнях, сустрэчах, жаданні падтрымаць адно аднаго. Арганізацыя адкрыта для ўсіх. Прыходзяць нават тыя, хто не мае беларускіх каранёў, але любіць нашу краіну.

Летась зямляцтву споўнілася 30 гадоў. На фестывалі славянскай культуры “Ад традыцый да сучаснасці” беларусам Камчаткі аддалі цэлы блок, які яны прысвяцілі нашым звычаям. Удзельнічаюць члены аб’яднання і ў свяце “Кухні свету”. Акрамя таго, штогод далучаюцца да фестываляў нацыянальных культур, якія ладзяцца ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, і заўсёды імкнуцца паказаць спадчыну як мага шырэй.

Суполка праводзіць і разнастайныя майстар-класы. Мясцовы ўмелец Валерый Ліхота — і спявак, і кампазітар, і рамеснік. Ён навучыўся вырабляць шчэпавую птушку і перадае веды ўсім ахвотным. У арганізацыі таксама ёсць філолаг Людміла Жамойда. Яна гаворыць па-беларуску і ладзіць заняткі з усімі цікаўнымі, нават калі яны іншай нацыянальнасці.

 

БЕЛЫЯ РОСЫ КАМЧАТКІ

Вельмі важны для зямляцтва праект — кніга “Белыя росы Камчаткі”. Яе напісаў журналіст і член аб’яднання Міхаіл Жылін. Летась выданне падарылі Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

— У “Белых росах Камчаткі” сабраны лёсы беларусаў за цэлае стагоддзе, — тлумачыць Валянціна Крылова. — Гэтыя людзі — розных прафесій і саслоўяў: хтосьці быў вайскоўцам, музыкантам, а хтосьці — шафёрам, як мой бацька.

У кнізе расказваецца, што імёны нашых суайчыннікаў у гісторыі Камчаткі прасочваюцца яшчэ з часоў першага паходу рускіх казакоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Атласава. Ураджэнцы беларускай зямлі разам з прадстаўнікамі іншых народаў удзельнічалі ў даследаванні і асваенні прыродных багаццяў краю, у яго абароне. Сярод камчацкіх беларусаў — выбітныя вайскоўцы, вучоныя і пісьменнікі.

У іх ліку Героі Савецкага Саюза палкоўнік Ц.А. Пачтароў, палкоўнік В.А. Кот, Герой Сацыялістычнай Працы В.С. Кур’яновіч, тры адміралы — М.Г. Кулак, В.Ф. Гаўрыкаў, А.В. Вітко. У выданні больш за 35 дакументальных нарысаў, створаных на аснове архіўных звестак і ўспамінаў.

 

ПА КЛІЧЫ СЭРЦА

Для Валянціны Крыловай захоўваць беларушчыну на Камчатцы — пакліканне.

— Я адчула гэта, калі трапіла ў зямляцтва, — прыгадвае суразмоўца. — Бацька з дзяцінства далучаў мяне да роднай культуры. Калі ён памёр, здалося, што я засталася адна. І раптам пачула беларускую мову ў бібліятэцы. Там былі нашы людзі, нашы песні. Так я і прыйшла ў арганізацыю.

Самы цёплы ўспамін старшыні, звязаны з Радзімай, — наш белакрылы сімвал.

— Камчатка — гэта мядзведзі. А Беларусь — бусел. Бацька мне гаварыў: “Ты, Валечка, жывеш на Камчатцы і не ведаеш, што там, дзе я з’явіўся на свет, ёсць такая птушка”. І той вобраз стаў для мяне ўвасабленнем роднага краю, памяці пра бацьку, яго цеплыні.

На пытанне, што трэба зрабіць, каб нашы традыцыі на паўвостра- ве не згасалі, Валянціна Андрэеўна адказвае ўпэўнена, таму што наладзіць кантакт паміж Камчаткай і Беларуссю — яе мара.

— Нам неабходна збудаваць мост, каб з Сінявокай прыязджалі майстры, спевакі, фалькларысты, іншыя творчыя людзі. Каб быў абмен досведам. Тады да нас далучацца мясцовыя беларусы, якія яшчэ не з намі. Усе сумуюць па Радзіме.

Зараз задача старшыні аб’яднання — павялічыць колькасць яго членаў. Валянціна Крылова хоча, каб пра суполку больш чулі. І суайчыннікі павінны даведацца: на краі зямлі, які атачаюць два моры і акіян, жывуць тыя, хто зберагае, шануе і любіць сваю спадчыну.

— Захаванне каранёў — сур’ёзная тэма. Я з усёй душой стаўлюся да яе, — прызнаецца гераіня. — Напэўна, гэта мой лёс. Бацька ў 1953 годзе трапіў на Камчатку, каб праз час я прасоўвала нашу культуру разам з іншымі землякамі.

Любімыя мерапрыемствы Валянціны Андрэеўны — канцэрты. Самы яркі адбітак у памяці пакінула праграма да 55-годдзя “Песняроў”: імпрэза прайшла ў Камчацкай краявой навуковай бібліятэцы. Сабралася поўная актавая зала — каля 250 чалавек! Падобныя вечарыны ладзяць і да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў.

Гэта вельмі важна, як і ўсё, што робіць Валянціна Крылова і яе аднадумцы. Музыка, сустрэчы, кнігі, майстар-класы — не проста захаванне традыцый, а мост паміж Камчаткай і Беларуссю, паміж мінулым і будучыняй. Мост, які злучае родныя душы. І пакуль гучыць наша песня на далёкім паўвостраве, пакуль моладзь чытае вершы Купалы, — Радзіма жыве ў сэрцах сваіх дзяцей, дзе б яны ні знаходзіліся.

Дар’я АРХІПКОВА. Фота аўтара і з архіва гераіні

MAX TikTok