Ⅲ

Умацоўваючы повязі

Апублiкавана: 05 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: РУДАК Антон

Працягам добрых традыцый супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі сталі Дні культуры Самарскай вобласці, якія праходзілі ў Беларусі 2 па 4 кастрычніка.

 

НА СТАРТАВЫМ АДРЭЗКУ

Насычаная праграма стартавала з цырымоніі адкрыцця Дзён дакументальнага кіно Самарскай вобласці.

У мерапрыемстве, якое разгарнулася ў сталічным кінатэатры “Перамога”, узялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сідарэнка, міністр культуры Самарскай вобласці Ірына Калягіна і дырэктар Самарскага абласнога мастацкага музея Ала Шахматава.

У прывітальным слове Аляксандр Сідарэнка перадусім падзякаваў расійскім калегам за сардэчны прыём нашай дэлегацыі падчас Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Самарскай вобласці ў красавіку і падкрэсліў, што ў Мінску іх чакае падобная цёплая брацкая сустрэча.

Першы намеснік кіраўніка ведамства акцэнтаваў, што шматгадовая гісторыя адносін Рэспублікі Беларусь і Самарскай вобласці мацнее, і ўзаемаадносіны Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і губернатара Самарскай вобласці Вячаслава Федарышчава сведчаць пра гэта. Бакі паспяхова супрацоўнічаюць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы ды іншых галінах эканомікі, а таксама развіваюць сувязі ў сферах навукі і адукацыі. Адным з важных інструментаў і наглядных праяў нашай духоўнай еднасці з’яўляюцца культура і мастацтва.

Як адзначыў Аляксандр Сідарэнка, сёлета ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Самарскай вобласці быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадстаўленая шырокая панарама сучаснага беларускага кінематографа, ад гістарычных стужак да фільмаў пра сённяшнюю Беларусь. А цяпер, у кастрычніку, нашы гледачы змаглі здзейсніць завочнае падарожжа ў Самару, убачыўшы працы расійскіх дакументалістаў, прысвечаныя гісторыі, культуры і знакавым аб’ектам горада.

Першы намеснік міністра культуры Беларусі запэўніў: падчас сустрэч з самарскімі калегамі намечана мноства пунктаў судакранання.

— Упэўнены, што мы знаходзімся на стартавым адрэзку нашых плённых адносін і выкарыстоўваем наяўныя магчымасці для іх пашырэння і ўмацавання, — сказаў Аляксандр Пятровіч.

 

ЗА КРУГЛЫМ СТАЛОМ

Адной з ключавых падзей Дзён культуры Самарскай вобласці стаў круглы стол з удзелам намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргея Саракача, міністра культуры Самарскай вобласці Ірыны Калягінай і кіраўнікоў устаноў, падначаленых абодвум міністэрствам.

На сустрэчы, якая разгарнулася на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, былі абмеркаваныя сумесныя творчыя планы.

Таксама адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і Самарскім музычным вучылішчам імя Д.Г. Шаталава.

Акрамя таго, для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія і прагучаў канцэрт, падрыхтаваны педагогамі і студэнтамі ўстановы.

 

БЛІЗКІЯ НАРОДЫ

Яскравым акордам Дзён культуры Самарскай вобласці стаў гала-канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Да ўдзельнікаў і гасцей звярнуліся першы намеснік міністра культуры Беларусі Аляксандр Сідарэнка і міністр культуры Самарскай вобласці Ірына Калягіна, якая зачытала прывітанне ад губернатара Самарскай вобласці Вячаслава Федарышчава.

У адрасе падкрэслівалася, што правядзенне гэтай маштабнай культурнай падзеі стала магчымым дзякуючы даручэнню Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па ўмацаванні ўсебаковых сувязяў з бліжэйшымі саюзнікамі. Самарская вобласць — адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Расіі, які славіцца магутным індустрыяльным патэнцыялам і багатымі культурнымі традыцыямі. Паводле слоў губернатара, культура з’яўляецца такім жа надзейным падмуркам для інтэграцыі, як і эканоміка. Творчыя сустрэчы працягваюць умацоўваць повязі духоўнай блізкасці нашых народаў. Ён падкрэсліў, што жыхары Самарскай вобласці вельмі цёпла ставяцца да Беларусі.

— Гэтая сімпатыя ідзе ад самага сэрца, яна шчырая і непадробная. Няхай гэтыя кастрычніцкія дні падораць жыхарам Мінска радасць зносін з сапраўдным мастацтвам і ўмацуюць нашу шматгадовую дружбу, — гаварылася ў прывітанні.

У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і творчыя калектывы. Сярод іх — Дзяржаўны акадэмічны Волжскі рускі народны хор імя П.М. Мілаславава, які беражліва захоўвае традыцыі Волжскага песеннага мастацтва, а таксама таленавітыя выканаўцы Самарскага моладзевага хору. Расійскія і беларускія артысты падарылі гледачам насычаную музычную праграму, у якой прагучалі песні, упадабаныя слухачам абедзвюх краін. Сярод іх — знакамітая “Белавежская пушча” А. Пахмутавай і М. Дабранравава, “Час новых перамог” Г. Благавай і Г. Сялук, “Мы — адзінае цэлае” К. Губіна. Вельмі цёпла публіка сустрэла твор “Дзве сястры” К.Брэйтбурга і Э. Мельнік у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча.

Музычны вечар яшчэ раз паказаў, наколькі блізкія нашы народы, і стаў выдатным працягам добрых традыцый культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Самарскай вобласці Расіі.

Антон РУДАК, Святлана ЧЭКАЛАВА.
Фота з тэлеграм-канала Міністэрства культуры

MAX TikTok