Менавіта гэтае выслоўе стала лейтматывам педагагічнага форуму ўстаноў адукацыі сферы культуры Мінскай вобласці. На старце навучальнага года прафесійныя сходы настаўнікаў разгарнуліся па ўсёй Беларусі.

— Аналагічныя мерапрыемствы ў апошнія дні жніўня і першыя тыдні верасня ладзяцца ва ўсіх абласцях нашай краіны, — распавяла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч. — Гэта вельмі важны кірунак работы, бо падчас такіх сходаў мы падводзім вынікі мінулага навучальнага года і ўступнай кампаніі, ушаноўваем лепшых работнікаў і ветэранаў сістэмы, абмяркоўваем і вырашаем праблемныя пытанні, акрэсліваем задачы на наступны перыяд, вітаем маладых спецыялістаў устаноў адукацыі сферы культуры.
ПАМЯЦЬ І ПАШАНА
Месцам сустрэчы педагогаў Міншчыны стаў гасцінны Слуцк, які сустракаў дэлегацыі з 22 раёнаў і горада абласнога падпарадкавання Жодзіна сонечным надвор’ем і прыўзнятым настроем — відавочна, калегам з розных куткоў цэнтральнага рэгіёна прыемна пабачыцца і абмеркаваць прафесійныя пытанні. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч, кіраўнікі Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька і Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргей Крысенка.

Па традыцыі форум распачаўся ўшанаваннем памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Бо, як адзначалася падчас мітынгу-рэквіему, што прайшоў на Мемарыяльным комплексе, менавіта гэтым людзям — загінулым салдатам, партызанам, падпольшчыкам, расстраляным і знішчаным мірным жыхарам — мы сёння абавязаны магчымасцю жыць, працаваць, займацца творчасцю і вучыць дзяцей узнёсламу і прыгожаму. Хвіліна маўчання і кветкі на мармуровыя пліты — даніна павагі кожнаму з 40 тысяч чалавек Случчыны, хто не пашкадаваў жыцця ў імя міру на зямлі.
Пасля акцыі памяці пачалася плённая работа ў некалькіх секцыях.

РАЗГЛЯДЗЕЦЬ ТАЛЕНТ
У Слуцкай дзіцячай школе мастацтваў — адной з лакацый, дзе разгарнуліся дыялогавыя пляцоўкі, — дэлегатаў чакала выстава работ вучняў рэгіянальных ДШМ і навучэнцаў двух ССНУ абласнога падпарадкавання: Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Падчас абмеркаванняў кіраўнікі дзіцячых школ мастацтваў гаварылі пра конкурсы, выхаванне, аптымізацыю. Вялі секцыю намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Дзмітрый Раўба і старшыня савета дырэктараў дзіцячых школ мастацтваў, дырэктар Салігорскай ДШМ Алег Шчэрбаў. У дыскусіі таксама ўдзельнічалі кіраўнікі Мінскага і Маладзечанскага каледжаў Юрый Ляўко і Вераніка Венгерская. Пытанне падрыхтоўкі выпускнікоў школ мастацтваў да ўступнай кампаніі паднялі прадстаўнікі ССНУ.
Былі вызначаны пункты і пазіцыі, на якія ў першую чаргу неабходна звярнуць увагу на індывідуальных занятках з будучымі абітурыентамі. На думку спецыялістаў, педагогі ДШМ змогуць выкарыстоўваць атрыманыя парады і пры падрыхтоўцы выхаванцаў да творчых спаборніцтваў.
Увага засяроджвалася на тым, што важна не толькі давесці да дасканаласці выкананне той ці іншай кампазіцыі, але і варта навучыць канкурсанта ўпэўнена трымацца на сцэне і не баяцца публікі. А найбольш істотна — адчуваць музыку, прапускаючы кожную ноту праз сэрца.
— Такое выкананне заўсёды выйгрышнае, яно трапляе ў самую душу, закранаючы яе патаемныя струны, — упэўнена дырэктар Лагойскай ДШМ Вольга Чумак. Яна выхавала не адно пакаленне таленавітых піяністаў, лаўрэатаў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, і шчыра дзялілася з калегамі ўласнымі напрацоўкамі.

Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч
і дырэктар Лагойскай школы мастацтваў Вольга Чумак (злева)
Разам з тым было адзначана, што вучням невялікіх перыферыйных школ цяжка супернічаць з выхаванцамі гарадскіх, дзе значна вышэйшыя тэхнічныя магчымасці. Прагучала прапанова арганізаваць асобны конкурс альбо фестываль для вясковых навучэнцаў — каб найлепшых рэкамендаваць для дадатковых заняткаў у больш аснашчаных установах.
— Варта з самага юнага ўзросту разглядзець талент і падтрымаць яго, даць будучай зорачцы добры старт, — упэўнены Дзмітрый Раўба. — Па сутнасці, гэта найвышэйшая задача кожнага з нас.
НА ПРЫКЛАДАХ
Пытанні арганізацыі работы ўстаноў сферы абмеркавалі кіраўнікі аддзелаў і сектараў культуры райгарвыканкамаў на другой секцыі, якую правяла першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель.
Разам з работай устаноў адукацыі былі разгледжаны іншыя формы выхавання падрастаючага пакалення. На прыкладзе краязнаўчага музея і раённага цэнтра народнай творчасці ўдзельнікам форуму прадэманстравалі магчымасці розных тыпаў арганізацый сферы культуры ў рабоце з дзецьмі і моладдзю. Сярод узораў — даследчыя праекты па вывучэнні гісторыі роднага краю, якія ўключаюць як экспедыцыі, работу з насельніцтвам, так і працу з дакументамі; даследаванне нацыянальных традыцый і прэзентацыя іх пры дапамозе выпуску друкаванай прадукцыі і тэатралізацыі; далучэнне да папулярызацыі народных мастацтваў.
— Гэта вельмі важны напрамак, што дазваляе захоўваць генетычны код нацыі, садзейнічаць развіццю ў падрастаючага пакалення такіх пачуццяў, як патрыятызм, гонар і годнасць, — упэўненыя ўдзельнікі форуму.
— Галоўнай задачай работнікаў адукацыі сферы культуры з’яўляецца выхаванне асоб з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія паважаюць традыцыі і гісторыю сваёй краіны, адказных за зберажэнне дасягненняў суверэннай рэспублікі і ўпэўненых у дастойнай будучыні Беларусі, — падкрэсліла падчас пленарнай нарады Марына Юркевіч.
ДАРОГУ — МАЛАДЫМ!
Самай, бадай, крэатыўнай аказалася пляцоўка, дзе прайшла сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства культуры, аблвыканкама і галіновага прафсаюза з маладымі спецыялістамі.

На працягу амаль дзвюх гадзін Марына Юркевіч, Ала Шахоцька і Сяргей Крысенка вялі зацікаўленую гутарку з моладдзю.
З прывітальным словам да новаспечаных педагогаў звярнулася намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Наталля Чарнушэвіч, якая пажадала пачаткоўцам паспяховай працы ў выхаванні юных талентаў.
А іх шмат, як і кірункаў мастацтваў, у якіх працуюць маладыя спецыялісты — удзельнікі педагагічнага форуму. Сярод іх настаўнікі музыкі і спеваў, выяўленчага мастацтва, харэаграфіі. Гэта жыхары сталіцы, райцэнтраў і невялікіх населеных пунктаў. Тут і выпускнікі каледжаў, акадэмій музыкі і мастацтваў, універсітэта культуры, магістранты — два з паловай дзясяткі яскравых і ініцыятыўных.
Пытанні, якія яны задавалі падчас дыялогу, самыя розныя. Ад простых бытавых, накшталт уладкаванасці на новым месцы жыхарства, да юрыдычных — абароны правоў, мерах стымулявання працы. Але ж галоўныя датычылася прапаноў па паляпшэнні працэсу адукацыі і выхавання вучняў. Прыкладам, маладыя педагогі закранулі тэму доўгатэрміновага вучэбнага планіравання (“А раптам што зменіцца?”).

— Вы самі будзеце бачыць, паспяваюць вашыя вучні за праграмай ці не, і зможаце ўносіць пэўныя карэктывы, — растлумачыла Ала Шахоцька. — У любым выпадку ў кожнага з вас ёсць замацаваны настаўнік, да якога варта звярнуцца па параду.
— А калі ўзнікнуць іншыя пытанні — тэлефануйце нам, — прапанаваў Сяргей Крысенка. — Мы здольныя самі ці з дапамогай аблвыканкама вырашыць амаль ўсё. Бо і прафсаюз, і наймальнікі, і тым больш кіраўніцтва раёнаў і вобласці зацікаўленыя ў тым, каб вы і пасля адпрацаванага тэрміну па размеркаванні засталіся на сваіх працоўных месцах.
Дарэчы, тэндэнцыя павышэння працэнта замацавання маладых спецыялістаў на Міншчыне — велічыня пастаянная. Па словах Алы Шахоцька, па выніках аналізу, праведзенага ў снежні мінулага года, 88 % выпускнікоў творчых навучальных устаноў 2023-га засталіся працаваць на сваіх месцах. Гэта вельмі добрая лічба. Аднак, як кажуць, ёсць рэзерв для яе павелічэння. Дзеля гэтага існуюць меры дадатковага стымулявання. Яны акрэслены ў калектыўных дагаворах і маюць статус заканадаўчага лакальнага акта.
Прапанову Сяргея Крысенкі арганізаваць форум для тых, хто замацаваўся на першым працоўным месцы, падтрымалі Марына Юркевіч, Ала Шахоцька і маладыя педагогі. Прагучала таксама ідэя правесці конкурс прафмайстэрства для спецыялістаў другога года працы.

УШАНАВАЛІ НАЙЛЕПШЫХ
На пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў Слуцкім Доме культуры, былі падведзены вынікі форуму і абагульнена праца мінулага года. Аналіз работы правяла начальнік Галоўнага ўпраўлення культуры Ала Шахоцька. Яна знайшла добрыя словы для тых, хто ў азначаны перыяд дасягнуў пэўных вышынь, і агучыла задачы, якія стаяць перад работнікамі адукацыі сферы культуры на бліжэйшы перыяд.
— Першае, на што мы павінны звярнуць увагу, гэта якасць адукацыі і прафесіяналізм кадраў, развіццё кампетэнцыі абсалютна кожнага педагога, — адзначыла Ала Канстанцінаўна.
Яна акцэнтавала, што стварэнне высокатэхналагічнага асяроддзя — патрабаванне часу. І гэта датычыцца не толькі закупкі абсталявання, але і ўкаранення новых, сучасных напрамкаў навучання і выкарыстання інавацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. У 2025 годзе для ўмацавання матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі сферы культуры вобласці накіравана больш за 8 мільёнаў. Закуплена 115 музычных інструментаў. Праведзена мадэрнізацыя і рамонт школ мастацтваў і каледжаў.
Сёлета на гэтыя мэты ўжо пайшло практычна паўтара мільёна рублёў.
— Кожны з вас, упэўнена, разумее, чаго каштуе якасная адукацыя ў тым ліку ў сферы культуры. Гэта найвышэйшая і вельмі значная інвестыцыя ў чалавечы патэнцыял, — падкрэсліла Ала Шахоцька. — І таму мне вельмі прыемна ўручыць заслужаныя ўзнагароды.

Ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама
начальнік ведамства Ала Шахоцька ўручыла свайму першаму намесніку Таццяне Хмель
Ганаровымі граматамі і Граматамі абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў і Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама, а таксама падзякамі ад губернатара вобласці за плённую працу былі ўзнагароджаны амаль паўсотні педагогаў. Яшчэ паўтара дзясятка работнікаў сферы культуры — за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні культурных мерапрыемстваў у рамках ХІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сярод іх — супрацоўнікі музеяў, цэнтраў рамёстваў, клубнай сістэмы, мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.
Ушаноўвалі “залаты фонд” сістэмы адукацыі ў сферы культуры. Тых, чый працоўны шлях вымяраецца не толькі гадамі, але і лёсамі вучняў. Стаж больш за 40 гадоў — гэта знак высокай пробы, бо быць захавальнікам ведаў і правадніком у свет мастацтва можна толькі па закліку сэрца.

Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч уручыла дырэктару Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзіміру Яцыновічу, Грамату Міністэрства культуры — дырэктару дзіцячай мастацкай школы імя А.А. Анікейчыка г. Барысава Сцяпану Клімчуку і дырэктару Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў Маладзечанскага раёна Святлане Кулеш.
Удзячнасці міністра культуры аб’яўлены Мікалаю Міхайлоўскаму — настаўніку Бярэзінскай ДШМ і Вользе Пальчынскай — намесніку дырэктара Клецкай школы мастацтваў.
Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана дырэктар Вілейскай ДШМ Наталля Сліжова, удзячнасць міністра адукацыі аб’яўлена настаўніку Смалявіцкай ДШМ Надзеі Навіцкай і дырэктару Лагойскай ДШМ Вользе Чумак.

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза Сяргей Крысенка ўручыў падарункі маладым спецыялістам і пажадаў ім плённай працы на карысць нашай Радзімы.
Ірына СТАНКЕВІЧ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з Тэлеграм-канала “Культурныя людзі Міншчыны”