Ⅲ

Гонар беларускага тэатра

Апублiкавана: 14 кастрычнiка 2026 Стужка Тэатры Мінск Дата

Аўтар: ІОФЕ Эмануіл

Так знаўцы называлі народную артыстку БССР Ірыну Ждановіч, 120-годдзе з дня нараджэння якой адзначаецца сёлета. Даследчыкі таксама лічылі: яе талент — ад Бога і ад бацькі Фларыяна Ждановіча.

 

У ПЛЕЯДЗЕ МАЙСТРОЎ

Насамрэч Фларыян Паўлавіч быў унікальным тэатральным дзеячам, акцёрам, рэжысёрам, адным з заснавальнікаў айчыннага прафесійнага тэатра, арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком БДТ-1 (1920—1921), а ў 1922—1929-м — вядучым артыстам трупы.

Аўтарытэтны тэатразнавец, аўтар кнігі “Ірына Ждановіч” (Мінск, 1970) Клара Кузняцова пісала: “У плеядзе выдатных майстроў беларускай сцэны І. Ждановіч займае своеасаблівае месца. На працягу многіх гадоў яна прыносіла радасць гледачу сваёй выразнай, тэмпераментнай ігрой, заклікала любіць чалавека, чула ставіцца да яго гора і радасці. Галоўнае для яе гераінь — як жыць, якім павінен быць чалавек. У розных варыяцыях і спалучэннях гэтая праблема стала цэнтральнай у сцэнічнай дзейнасці актрысы…

Ірына Фларыянаўна стаяла ля падмурка беларускага сцэнічнага мастацтва, і яе значны ўклад у развіццё і ўзбагачэнне акцёрскіх традыцый цяжка пераацаніць. Сваёй ігрой яна садзейнічала поспеху п’ес Крапівы і Чорнага, Горкага і Астроўскага, Шэкспіра і Ібсена. Яна выступала ў ансамблі з іншымі вядучымі артыстамі — Платонавым, Глебавым, Уладамірскім, Ржэцкай, Рахленкам, але яе акцёрскі голас заўсёды быў уласным, адметным”.

 

ПЕРШЫЯ КРОКІ

Ірына Ждановіч дэбютавала ў вобразе хлопчыка ў пастаноўцы Першага таварыства беларускай драмы і камедыі “Раскіданае гняздо” Я. Купалы (1917), калі ёй споўнілася ўсяго 11. Праз 43 гады айчынны акцёр і тэатразнавец Яўген Рамановіч нагадае: “Яе запрасілі выканаць ролю хлопчыка Данілкі ў драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Яна здзівілася — чаму хлопчыка, калі яна дзяўчынка? …Гэта ж роля з тэкстам. І не эпізод які-небудзь, а на ўвесь спектакль. Бацькі растлумачылі Ірыне, што звычайна хлопчыкаў іграюць зусім маладыя актрысы, і такое амплуа называецца «травесці». І яшчэ сказалі ёй, што ў жыцці, а тым больш на сцэне, трэба быць смелай і нічога не баяцца.

Ірына вывучыла ролю і досыць смела і ўпэўнена яе рэпеціравала, аднак, калі настала пара выйсці на сцэну і іграць прэм’еру, нейкі раптоўны, неадольны страх скаваў яе душу. Здавалася, што немагчыма будзе не толькі вымавіць слова, але і зрабіць хоць які-небудзь рух. Унутры Ірыны ўсё закамянела. Але калі наступіў час ёй адказаць на рэпліку і ўсе прысутныя на сцэне дапытліва паглядзелі на Ірыну, яна раптам загаварыла і нават узняла ўгару сваю дошчачку, з якой вырэзвала скрыпку, а далей усё пайшло гладка, як і на рэпетыцыях, упэўнена і дакладна, толькі з большым творчым натхненнем, бо за цёмным квадратам акна сцэны ў нейкім таямнічым змроку былі людзі, гледачы з насцярожанымі і дапытлівымі вачамі. Гэта напоўніла душу юнай актрысы пачуццём вялікай адказнасці”.

 

ШМАТГРАННАСЦЬ ХАРАСТВА

Ірына Фларыянаўна працавала ў тэатры, які сёння носіць імя Я. Купалы, 42 гады (1920—1962). Глыбокае разуменне сцэнічных законаў дало ёй права выхоўваць моладзь: у 1962— 1969-м вучыла акцёраў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Ірына Ждановіч паказала сябе як здольны рэжысёр у такіх спектаклях, як “Пунсовая кветачка” па п’есе-казцы І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча, “Таня” паводле А. Арбузава і “Праз 20 год” па М. Святлове. Выкананне роляў сагрэта душой і акцёрскім бачаннем вобразаў самой Ірыны Фларыянаўны.

Нашай гераіні вельмі пашанцавала, што яе першым настаўнікам стаў Еўсцігней Міровіч. Менавіта ён, будучы адным са стваральнікаў беларускага савецкага тэатра, мастацкім кіраўніком БДТ-1 (1921—1931), яго рэжысёрам (1941—1945), доўгія гады ўважліва працаваў з Ірынай Фларыянаўнай — да таго часу, пакуль яе талент не заззяў на сцэне ўсімі гранямі свайго хараства.

 

СЯСТРА ДЭЗДЭМОНЫ

Мінуць гады, і Ірына Ждановіч у 1946-м бліскуча сыграе ў трагедыі “Рамэа і Джульета” У. Шэкспіра. Чым вызначылася яе Джульета? Кантраснасцю душэўных перажыванняў, імгненнасцю пераходаў ад аднаго стану да іншага, трагізмам і магутным тэмпераментам.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Леў Літвінаў у 1932—1937-м быў мастацкім кіраўніком, а ў 1943—1948-м — галоўным рэжысёрам БДТ-1. Творца абагаўляў Ірыну Фларыянаўну, падбіраў п’есы з улікам яе амплуа. Менавіта Леў Маркавіч у 1946-м паставіў выдатны спектакль “Рамэа і Джульета” з Платонавым і Ждановіч. Яна — першая актрыса, якая загаварыла пра каханне словамі вялікага Шэкспіра на беларускай сцэне.

Вядомы літаратуразнавец Давід Фактаровіч падкрэсліваў: “…Джульета-Ждановіч больш рашучая за той характар, які быў створаны, напрыклад, М. Бабанавай (народная артыстка СССР. — Заўв. аўт.). Бабанава іграла Джульету на самых тонкіх інтанацыях пяшчотнасці і гінула з адчаем і крыўдай на свет. Джульета-Ждановіч з большым характарам. Яна сястра Дэздэмоны. Артыстка скарыстала свой талент на раскрыццё ўзмужнеласці дзявочага характару, якому жыццё не дало шчасця. Гэта — валявая гераіня Рэнесансу”.

 

У РОЗНЫХ ВОБРАЗАХ

Але шлях Ірыны Ждановіч ад Данілкі да Джульеты — цяжкія і настойлівыя творчыя пошукі, ланцужок выпрабаванняў сябе ў розных вобразах, на розным драматургічным матэрыяле.

Сярод многіх паспяхова выкананых актрысай роляў вылучаюцца піянер Юрка ў п’есе К. Крапівы “Канец дружбы”, Майка (“Платон Крэчат” А. Карнейчука), Машанька ў аднайменнай рабоце А. Афінагенава, Ганна Крушына (“Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), Верачка (“Апошнія” М. Горкага), Марылька (“Бацькаўшчына” К. Чорнага), Ганна Карэніна ў інсцэніроўцы Л. Талстога, Людміла і Негіна ў творах А. Астроўскага “Позняе каханне” ды “Таленты і паклоннікі”. З глыбокім драматызмам Ірына Фларыянаўна ўвасабляла і Нору ў п’есе Г. Ібсена.

 

СВЯТОЕ СЛУЖЭННЕ

Поруч з нашай гераіняй працавала народная артыстка БССР Зінаіда Браварская. Ва ўспамінах яна адзначала: у лёсе Ірыны Ждановіч немалую ролю адыграў бацька, які ў 1920-м здзейсніў свайго роду подзвіг — стварыў тэатр! Менавіта Фларыян Ждановіч вывеў дачку на сцэну ў 11 гадоў, а ў 14 яе ўжо залічылі ў трупу. Ірыну Фларыянаўну выхоўвалі на прынцыпах высокай духоўнасці. Зінаіда Іванаўна любіла і паважала калегу: Ірына Ждановіч адносілася да мастацтва як да святога служэння, была вельмі ўдумлівая і сканцэнтраваная.

У 1937-м, калі Зінаіда Браварская прыйшла ў тэатр, паказваўся спектакль “Апошнія” па п’есе М. Горкага (рэжысёр М. Зораў). Пастаноўка атрымала высокую ацэнку не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі, аб чым сведчылі водгукі вядомых маскоўскіх крытыкаў. Ірына Ждановіч іграла Верачку.

“Спачатку яе Верачка — проста юная экзальтаваная дзяўчынка, якая горача марыла аб дабрадзейным донкіхоце… Рамантычная і звонкагалосая душа сустрэла на сваім шляху звычайнага хама, што груба растаптаў яе мары. Ад дзяўчушачкі, якая ззяе, як сонечны праменьчык, не засталося і следу. За падзенне яна заплаціла чысцінёй юнай душы. Яна зламалася. Але не плача. І ў канцы спектакля на стогне, на зрыве голасу — перад намі пастарэлы погляд, стомлены голас, надломленая паходка. Гераіня ператварылася ў жанчыну, нават у бабулю з дзіцячым тварам: «Хіба няма сумленных людзей, мама?..» — і слёзы каціліся па яе твары. Перад намі была бездапаможная, самотная і безжыццёвая дзяўчынка. «Я ніколі не буду мець дзяцей… — і нейкім надтрэснутым шэптам дадавала: — Гэта страш на…» Уявіць сабе, што акцёр можа так у спектаклі траціцца — немагчыма!

Ждановіч не іграла Верачку. Яна прапускала сваё жыццё праз усе нервовыя канчаткі сэрца і вылівала боль пачуццяў гледачу. Вера ў выкананні Ждановіч — суровая жаночая споведзь. Гэтая роля стала трыумфам актрысы”.

 

ШЧАСЛІВЫ ЛЁС

Глыбокі і таленавіты беларускі тэатразнавец Анатоль Сабалеўскі лічыў Ірыну Ждановіч гонарам айчыннай сцэны. Эксперт пісаў: “На долю Ждановіч выпаў шчаслівы лёс адной з самых яркіх зорак на нашым тэатральным небасхіле, сярод многіх выдатных нацыянальных актрыс стаяць першай, такіх, як у Расіі — Ярмолава, ва Украіне — Занькавецкая, у Латвіі — Ліліта Берзінь”.

Беларускі паэт і перакладчык Юрка Гаўрук казаў: “Калі мы называем тэатр школай жыцця, дык Ірына Ждановіч была ў гэтай школе адной з найлепшых настаўніц”.

У 1940-м ёй прысвоілі званне народнай артысткі БССР. У 1948-м за ролю Ганны Крушыны ў спектаклі “Канстанцін Заслонаў” атрымала Сталінскую прэмію ІІ ступені. Акрамя таго, была ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Таксама Ірыну Фларыянаўну тройчы выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Актрысы не стала 3 снежня 1994 года...

Эмануіл ІОФЕ, вучоны-культуролаг, прафесар, доктар гістарычных навук

MAX TikTok