Ⅲ

У жыцці і на сцэне

Апублiкавана: 09 кастрычнiка 2026 Афiша Тэатры Мінск Дата

Аўтар: РУДАК Антон

Выстава “Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі БССР, зладжана ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы.

 

Праект створаны сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. Яго дырэктар Алена Макаранка на ўрачыстым адкрыцці адзначыла: у скарбніцы захоўваецца сямейны архіў актрысы, які змяшчае каля 300 спраў.

У Купалаўскім тэатры прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, успаміны сучаснікаў і калег Ірыны Ждановіч, артыкулы з газет мінулага стагоддзя.

Як распавяла вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяна Анпілогава, экспазіцыя ўключае тры часткі, кожная з якіх адлюстроўвае розныя бакі лёсу Ірыны Фларыянаўны: акцёрская кар’ера, сямейнае жыццё і перыяд выкладання ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Творчую дзейнасць можна прасачыць праз фатаграфіі сцэн са спектакляў, а таксама праз тэксты роляў з паметамі выканаўцы ды лісты прыхільнікаў.

Асобны раздзел складаюць сямейныя дакументы Ірыны Ждановіч і яе мужа — народнага артыста БССР і СССР Барыса Платонава.

Выстава даступная да 25 кастрыч­ніка.

Антон РУДАК. Фота аўтара

MAX TikTok