Розныя па характары, але на сцэне — адзіны арганізм. Квартэт саксафаністаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Кіраўніца ансамбля Дар’я Бабко распавяла, як чацвёра падлеткаў вучацца быць адным цэлым, дасягаць поспехаў і што ў планах калектыву.
ЭСТАФЕТА МАЙСТЭРСТВА
Саксафаністаў сабрала разам не выпадковасць і не спантанны эксперымент.

Дар’я Аляксееўна згадвае: ідэя прыйшла даўно. Ва ўсім свеце папулярныя саксафонныя квартэты і квінтэты, ды і адукацыйны план прадугледжвае, што вучні сярэдняга звяна павінны спрабаваць сябе ў ансамблевым выканальніцтве.
— Гэта была вельмі добрая зачэпка, каб стварыць калектыў. Да таго ж у нашай гімназіі-каледжы ёсць усе віды саксафонаў — ад сапрана да барытона. Купляць такія прафесійныя інструменты самому — дорага. А тут дзеці могуць іграць бясплатна. Так што да нас трапілі зацікаўленыя і моцныя музыканты.
Цяперашні склад — не першае пакаленне ансамбля. Адразу квартэт быў жаночым, потым з’явіліся новыя ўдзельнікі. Сёння ў чацвёрцы — Ангеліна Макей і Арцём Неруш, якія маюць конкурсны досвед і сталі стыпендыятамі спецфонду, ды пачаткоўцы Сяргей Сухоцкі і Марыя Барадач.
— Мы ўвайшлі ў новы навучальны год з гэтымі цудоўнымі хлопцамі і дзяўчатамі, — кажа Дар’я Бабко. — Старэйшыя ўжо ведаюць, што такое поспех, і могуць падзяліцца вопытам з тымі, у каго ўсё яшчэ наперадзе.
Але галоўнае, падкрэслівае кіраўніца, — не проста сабраць выканаўцаў па партыях. Квартэт жыве, пакуль у яго ўдзельнікаў ёсць агульная мэта — вучыцца быць адным цэлым, чуць і разумець партнёраў. І гэта значна важней за любую перамогу.
ЗАЎСЁДЫ РАЗАМ
Самае складанае ў ансамблі — не тэхніка і чыстае інтанаванне. Як утрымаць адзіную палітру гучання, калі кожны мае ўласнае бачанне? Суразмоўца прызнаецца: рэпетыцыі — гэта заўжды дыялог. Здараюцца спрэчкі.

— Выхаванцы вучацца не толькі слухаць адно аднаго, але і дзесьці саступаць, ці, наадварот, настойваць на сваім. І не даводзіць справу да канфлікту, што ў такім узросце цяжка. Ансамбль дае падлеткам гэтыя навыкі — музычныя і жыццёвыя. Дзякуючы ім, кажа педагог, юныя выканаўцы не баяцца сцэны. Калі вы выходзіце ўчацвярых, страх знікае: побач тыя, каго адчуваеш без слоў.
Невербальная падтрымка — асноўная зброя квартэта, якая дапамагае справіцца з хваляваннем перад конкурсамі. Выбар рэпертуару — адзін з самых цікавых элементаў працы. І тут, як адзначае Дар’я Аляксееўна, у калектыве поўная дэмакратыя. Выкладчыца прапануе, але рашэнне прымаецца сумесна:
— Спачатку мы разглядаем тое, што я прыношу. Зачапіла, пасуе па ўзроўні — пакідаем. Музычны густ ужо фарміруецца, і я лічу важным будаваць дыялог. Звычайна вылучаем яркія, тэхнічна складаныя творы. Але часам конкурс патрабуе паглыблення ў пэўную эпоху ці стылістыку — тады падладжваемся.
Цікава, што і самі выхаванцы актыўна прапануюць ідэі, сочаць за сусветнымі тэндэнцыямі. Для юных музыкантаў гэта не проста заняткі, а будучыня, у якую варта ўкладвацца. І калі твор падабаецца ўсім, яго вывучаюць з зусім іншай энергетыкай. Нават найбольш цяжкія месцы ўжо не здаюцца немагчымымі.
З ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМКАЙ
Прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта для квартэта — першая ўзнагарода такога ўзроўню. Раней выступалі на фестывалях, ездзілі на конкурсы ў Маладзечна, Гродна, але перамагчы ў “Маладых талентах Беларусі” і ўдастоіцца дзяржаўнай падтрымкі — новы досвед.

— Мы ведалі, што на рэспубліканскім радыёконкурсе заўсёды вялікая канкурэнцыя, асабліва сярод ансамбляў. Але вырашылі рызыкнуць. І вось — першае месца і прэзідэнцкая стыпендыя. Гэта не было нечакана, але нам вельмі прыемна, — дзеліцца эмоцыямі Дар’я Бабко. Калі прыйшла навіна, усе моцна радаваліся: у чаце пасыпаліся віншаванні, словы ўдзячнасці.
Для квартэта гэта яшчэ і сур’ёзная фінансавая падтрымка — некаторыя з выканаўцаў паступілі ў Акадэмію музыкі, а саксафаністам, як жартуе кіраўніца, заўжды ёсць на што патраціць грошы: муштукі, аксесуары…

Але матэрыяльны бок — не галоўнае. Істотна, што з’явілася ўпэўненасць. Старэйшыя ўдзельнікі, Ангеліна і Арцём, цяпер адчуваюць сябе тымі, хто можа падаць прыклад малодшым.
— Калі аб’яўляюць, што на канцэрце сыграе стыпендыят спецфонду Прэзідэнта, гэта ўспрымаецца як знак якасці. Выпадковых людзей так не заахвочваюць. І ёсць, безумоўна, вялікая адказнасць, — тлумачыць педагог.

Сёння ў творчых планах калектыву — шмат канцэртаў па гарадах Беларусі. Хочуць выступіць у Гродне, Брэсце, Маладзечне, Смалявічах... І гэта не мара — адміністрацыя гімназіі-каледжа гатова падтрымліваць падобныя ініцыятывы.
— Наш дырэктар Наталія Аркадзьеўна Кароціна заўсёды кажа: прапаноўвайце, мы дапаможам. І я ўпэўнена: усё ў нас складзецца, — усміхаецца суразмоўца.
Стыпендыя падштурхнула да актыўнасці і малодшых выхаванцаў. Яны ўбачылі, чаго можна дасягнуць працай, і зараз Дар’я Аляксееўна рыхтуе малодшы квартэт саксафаністаў. Так перамога аднаго калектыву дала жыццё новаму.

— Для дзяцей ансамбль — гэта ў першую чаргу зносіны, музіцыраванне, пошук. А для мяне галоўнае — запаліць у вучнях іскру, якую яны змогуць пранесці праз увесь лёс.
Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіва кіраўніцы