Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

Генадзій Курыловіч
Генадзій Курыловіч, намеснік дырэктара
— Даючы інтэрв’ю газеце “Культура” ў 2006-м, я і падумаць не мог, што праз 16 гадоў стану яе часткай. Культура ўва мне — гэта не абстрактны набор правіл і нормаў, а жывы фільтр, праз які прапускаю кожнае слова і дзеянне. Яна пачынаецца з агульных ведаў: як дасягаць дамоўленасці, не спрачаючыся, як паважаць чужы час, калі хочацца гаварыць пра сваё.
Я імкнуся бачыць за кліентам яго кантэкст, а не ролю ці пасаду. У працы з рэкламадаўцамі культура выяўляецца праз прафесійную этыку. Гэта сумленнасць у лічбах, празрыстасць у адносінах.
Мне важна, каб дзелавы партнёр адчуваў: я не проста выканаўца, а суаўтар яго задачы. Тут павінен быць баланс паміж жаданнем дагадзіць і неабходнасцю агучыць праўду, нават няёмкую.
Культура ўва мне — гэта ўнутраны компас, што падказвае, як заставацца чалавекам у любой сітуацыі.

Дар’я Архіпкова
Дар’я Архіпкова, карэспандэнт:
— Я ў культуры з дзяцінства. З пяці гадоў, калі пераступіла парог школы мастацтваў. Не прыгадаю дня, праведзенага без культуры. Бачу яе ў дасканалым тэксце, у чароўнай мелодыі, у непаўторным спалучэнні фарбаў. Люблю кожную яе праяву, таму вырашыла прысвяціць ёй жыццё.
Пісаць пра культуру з сардэчнай цікавасцю і “заражаць” сваёй любоўю іншых. Бо гэта не збор твораў ці імёнаў, а самабытны спосаб думаць, адчуваць і жыць. Услухоўваючыся ў ігру аркестра, чую голас чалавечай душы, узіраючыся ў карціну — бачу сувязі паміж мінулым і сучаснасцю.
Культура адлюстроўваецца ў манеры гаварыць, маўчаць, ва ўменні прыкмячаць прыгажосць будзённага.
І штораз, калі рыхтую матэрыял, разумею: мы жывём культурай. Яна ў тым, як гучыць роднае слова, як нечаканы акорд чапляе нешта глыбокае ўнутры. Мне хочацца спыняць гэтыя імгненні і дзяліцца імі — каб чытач таксама заўважыў: культура не дзесьці далёка, а побач. Вось яна, у кожным нашым удыху.