Выяўленне, вяртанне і ўвядзенне ў навуковы абарот культурнай спадчыны Беларусі, якая аказалася за мяжой, застаюцца стратэгічным напрамкам дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Пра нядаўнія здабыткі ў гэтым кірунку распавялі адмыслоўцы.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Аўдзей падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы падкрэсліла, што ведамства вядзе сістэмную працу ў азначанай галіне. У 2025 годзе было атрымана больш за 10 лічбавых копій музейных прадметаў, звыш 1620 электронных старонак лічбавых копій архіўных дакументаў, 360 архіўных дакументаў рознага аб’ёму і 20 кінадакументаў.

Мяккая рэстытуцыя — важны інструмент у развіцці і папулярызацыі вяртання культурнай спадчыны. Напрыклад, замкавы комплекс “Мір” наладзіў супрацоўніцтва з Дзяржаўным архівам Расійскай Федэрацыі і музеямі гэтай краіны, дзякуючы чаму ўдалося здабыць 11 электронных выяў дакументаў, звязаных з мінуўшчынай Міра.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” таксама актыўна папаўняе фонд экспанатамі, што былі створаны на тэрыторыі Беларусі, але цяпер знаходзяцца за яе межамі. Так, 1 чэрвеня траюрадны пляменнік мастака Міхаіла Сеўрука, які жыве ў Маскве, падарыў установе больш за паўсотні карцін і графічных работ майстра.

Міхаіл Сеўрук. "Малацьба льну"
МАНІТОРЫНГ АЎКЦЫЁНАЎ
Разам з тым працягваецца праца па пошуку і вяртанні прадметаў, страчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сумесна з Генеральнай пракуратурай праз Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі ініцыяваны даследаванні, у выніку якіх перададзены звесткі пра 11 культурных каштоўнасцей.

На выставе "Страты і вяртанні" ў НММ
Таксама актывізаваны пошук артэфактаў, што адносяцца да культурнай спадчыны Беларусі, на аўкцыёнах. Рэспубліканскія, абласныя і раённыя музеі праводзяць маніторынг, выяўляюць каштоўнасці і ўстанаўліваюць іх гістарычную значнасць. У далейшым фарміруецца спіс, акрэсліваецца магчымасць іх набыцця і вяртання ў краіну. Прыкладам, прааналізавана звыш 9 тысяч паштовак, якія маюць дачыненне да беларускай мінуўшчыны.
СЕМ ТЫСЯЧ СТРАТ

Як распавяла намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Наталля Счасновіч, у гады Вялікай Айчыннай вайны большасць музеяў, бібліятэк і архіваў рэспублікі была разрабавана. Краіна страціла амаль 7 тысяч твораў мастацтва, і сёння невядома, дзе знаходзіцца асноўная іх частка. Нацыянальныя эксперты склалі пералік такіх рарытэтаў, і нашы замежныя ўстановы пастаянна шукаюць інфармацыю аб магчымым размяшчэнні артэфактаў у дзяржавах акрэдытацыі. Да працы прыцягваюцца міжнародныя праваахоўныя каналы.
Міністэрства замежных спраў і пасольствы Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаюць з айчыннымі архівамі, а таксама з бібліятэкамі ды іншымі ўстановамі культуры — дапамагаюць знаўцам збіраць звесткі аб нашых гісторыкакультурных каштоўнасцях у свеце, спрыяюць стварэнню электронных і факсімільных копій, рэалізацыі сумесных праектаў па экспанаванні культурных здабыткаў, наладжванню кантактаў і вядзенню перагавораў, у тым ліку з прыватнымі асобамі і калекцыянерамі.
ВЫНІКІ ДЫ ПЕРСПЕКТЫВЫ

Навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Сініла паведаміў, што складзена каля 60 фармуляраў на страчаныя прадметы, з якіх 49 ужо ўключаны ў базу Інтэрпала. Сярод унесеных у рэестр артэфактаў — карціны Абрама Бразера, Фердынанда Рушчыца, Ільі Рэпіна, Валянціна Сярова і Міхася Філіповіча, мармуровыя скульптуры з калекцыі князёў Паскевічаў у Гомелі, партрэты з галерэі Нясвіжскага замка і абразы беларускай школы XVIII стагоддзя. Сабраныя матэрыялы дазваляюць пачаць працу над друкаваным ілюстраваным каталогам, які дапаможа падагульніць зробленыя і намеціць далейшыя крокі па выяўленні і вяртанні рарытэтаў.

На выставе "Страты і вяртанні" ў НММ
Вяртанне культурных каштоўнасцей з іншых краін — вельмі няпросты працэс, які часта суправаджаецца цяжкасцямі. Часам яно немагчымае. У такіх выпадках рашэннем становяцца праекты сумеснага карыстання, абмен электроннымі копіямі, дэпазітнае захоўванне, а таксама рэалізацыя супольных выставачных і даследчыцкіх ініцыятыў.
ЛІКВІДУЮЧЫ БЕЛЫЯ ПЛЯМЫ

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава канстатавала, што руплівая архіўна-даследчая праца адкрывае магчымасць фарміраваць доказную базу для міжнароднага вышуку і развіваць асветніцкія праекты. Дзякуючы аналізу даваенных газет і часопісаў, выяўленню здымкаў страчаных артэфактаў установа падала ў Інтэрпал першыя 10 твораў з іх фота ды ўказаннем памераў. Усяго ёсць звесткі аб 3330 такіх прадметах. Таксама прадстаўнікі музея падрыхтавалі шэраг артыкулаў для зборніка “Скарбы беларускай культуры”, прысвечанага тэме вяртання каштоўнасцей.
Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага Ірына Мацяс адзначыла, што паралельна з архіўным і міжнародным пошукам важны ўнёсак у вяртанне багацця робіць дзяржаўнапрыватнае партнёрства і ўзаемадзеянне з мецэнатамі. Яны набываюць за мяжой рарытэты, звязаныя з гісторыяй Беларусі, і перадаюць іх музеям. Так, дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры ў 2026-м куплены арыгінальны слуцкі пояс, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі. Налета яго прэзентуюць у пастаяннай экспазіцыі.
Ірына Уладзіміраўна нагадала, што музей быў арганізаваны ў 1939 годзе як Дзяржаўная мастацкая галерэя БССР. Першы дырэктар Мікалай Міхалап за кароткі тэрмін здолеў сабраць добрую калекцыю з больш як 3 тысяч прадметаў. Асноўная іх частка страчана ў Вялікую Айчынную вайну. Тыя нямногія творы, што ўдалося вярнуць, у Нацыянальным мастацкім прадстаўлены з асаблівай паметкай, дзе ўказана поўная інфармацыя аб іх.

На выставе "Страты і вяртанні" ў НММ
Увядзенне такіх каштоўнасцей і лічбавых копій у навуковы абарот дазваляе даследчыкам ліквідаваць белыя плямы ў мінуўшчыне нашага мастацтва. Сістэмнае ўзаемадзеянне міністэрстваў, акадэмічных колаў і дыпламатычнага корпуса дапамагае не толькі ўзбагачаць сучасныя музейныя фонды, але і эфектыўна абараняць гістарычную памяць беларускага народа.
Антон РУДАК