Творы выпускнікоў спецыяльнасці «Кампазіцыя» Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прагучалі на вялікай сцэне ў аркестравым суправаджэнні, заваяваўшы сэрцы слухачоў. Унікальны стыль і свежы погляд на музыку робяць іх па-сапраўднаму яркімі прадстаўнікамі новага пакалення кампазітараў.

Сёлета Акадэмія музыкі выпусціла двух маладых кампазітараў – Уладзіслава Кірчанку і Соф'ю Чабатарову, выхаванцаў знакамітых беларускіх творцаў, прафесараў Уладзіміра Каральчука і Галіны Гарэлавай. Дзяржаўны экзамен для студэнтаў традыцыйна становіцца не толькі выпрабаваннем на прафесійную сталасць, але і сапраўдным святам акадэмічнай музыкі, бо, па захаванай традыцыі, творы выпускнікоў-кампазітараў гучаць на канцэртнай сцэне акадэміі ў выкананні студэнцкіх калектываў. Музыку маладых аўтараў у гэтым годзе прадставілі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага і аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Эльвіры Тахіравай.
Першае аддзяленне было прысвечана буйным сімфанічным опусам. Пачалося яно з выканання першай часткі Сімфоніі № 1 Уладзіслава Кірчанкі. Гэтая праца ўжо цяпер вылучаецца сталасцю, прадуманай структурай і глыбокім музычным зместам.

Па словах Уладзіслава, яго даўняя мара – завяршыць сваё навучанне ў акадэміі менавіта сімфоніяй. Ён адзначыў, што ў працы хацеў увасобіць свае жыццёвыя разважанні і пошукі: «Сімфонія пабудавана ў задуменных тонах. Гэта спроба зразумець, што нас чакае далей».
Наступным нумарам канцэртнай праграмы прагучалі дзве часткі з сімфанічнай казкі «Музыка-чарадзей» Соф'і Чабатаровай па матывах беларускага фальклору. Гісторыя раскрывае лёс галоўнага героя, яго перыпетыі і ролю музыкі ў пераадоленні розных жыццёвых сітуацый.
Малады кампазітар выкарыстоўвала нацыянальныя тэмы, якія надалі твору асаблівы каларыт і глыбіню. Так, у першай частцы цытуюцца мелодыі некалькіх беларускіх народных песень: «Перапёлачка», «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць» і «Добры вечар, халодная хатка». Казачную атмасферу Соф'і ўдалося па-майстэрску ўвасобіць дзякуючы багаццю аркестравых фарбаў – гучанню габоя-сола на фоне трэмала струнных у высокім рэгістры, глісанда валторнаў.

У другім аддзяленні канцэрта прагучалі сачыненні маладых кампазітараў у жанры кантаты. Як вядома, выканальніцкі склад мяркуе сімфанічны аркестр, хор і салістаў. Цікава, што кампазітары вырашылі адысці ад традыцыі і змяніць у сваіх творах інструментальную аснову на аркестр рускіх народных інструментаў. У выніку партытуры набылі новыя тэмбравыя фарбы і нечаканыя гучанні.
Першым быў прадстаўлены твор «Восеньскі дзень» Соф'і Чабатаровай на фрагменты вершаў Веліміра Хлебнікава і Райнера Марыі Рыльке, паэзія якіх вылучаецца незвычайнай вобразнасцю, глыбокім філасофскім зместам і ўнікальным музычным гучаннем. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў аўтарскай інтэрпрэтацыі.

Паводле слоў кампазітара, найважнейшую ролю ў гэтым сачыненні адыгрывае тэмбр званоў, які выклікае асацыяцыі з духоўным пачаткам у жыцці чалавека і яго этапамі. Яны гучаць у пачатку першай часткі і ў канцы чацвёртай, утвараючы арку. Цікава, што для самой Соф’і Чабатаровай званы – гэта свайго роду і лейтэмбр, які падкрэслівае завяршэнне навучання ў Акадэміі музыкі, і жаданне ўвекавечыць гэты важны момант яе жыцця: «У мяне ўзніклі разважанні пра момант завяршэння майго навучання ў акадэміі, фактычна пра тое, калі час падводзіць чалавека да адказу. У такі момант асабліва ярка гучаць словы Рыльке: “Хто самотны, таму куды спяшацца?” Яны нібы даюць зразумець, што мяжа надыходзіць, змяніць гэта ніяк нельга, але трэба проста цяпер, проста ў сённяшнім моманце пачаць будаваць сваю будучыню, якая прывядзе да новых магчымасцяў і адкрыццяў».
Сачыненне Уладзіслава Кірчанкі «Калі разгуляецца», напісанае ў дзесяці частках на вершы Барыса Пастарнака, пазначана аўтарам як кантата-прылік. Кампазітар на аснове паэтычных тэкстаў стварае паліфанію музычных сэнсаў і філасофскіх роздумаў аб чалавечым жыцці. З аднаго боку, ён выкарыстоўвае псалмадавальную лінію, якая праходзіць не толькі ў харавых, але і ў сольных нумарах, ствараючы адчуванне народнай стылістыкі. З іншага – ужо ў першай частцы кантаты («Ва ўсім мне хочацца дайсці да самай сутнасці…») задае агульны тон усёй кампазіцыі, пачынаючы музычны выклад з архаічных гучанняў. Уладзіслаў Кірчанка адзначае: «Гэта ўсё Сярэднявечча».

Па словах дырыжора аркестра рускіх народных інструментаў Эльвіры Тахіравай, у гэтым годзе сачыненні маладых кампазітараў вылучаліся арыгінальнасцю, канцэптуальнасцю і глыбінёй, ахоплівалі шырокі спектр жанраў і стыляў, дэманструючы высокі ўзровень майстэрства і эстэтычнага густу.
Пасля завяршэння канцэрта, калі змоўклі апладысменты, старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, прарэктар па навуковай рабоце Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Таццяна Навуменка цёпла падзякавала ўсім удзельнікам за іх талент і майстэрства. У сваім слове яна падкрэсліла высокі ўзровень падрыхтоўкі кампазітараў і выканання музычных твораў, а таксама адзначыла асаблівую атмасферу мерапрыемства: «Нацыянальныя традыцыі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі маладых беларускіх аўтараў. Відаць, што юнакі цікавяцца многім – яны ведаюць сусветныя тэндэнцыі, а таксама тыя, якія існуюць у блізкіх краінах. Беларуская культура такім чынам не выпадае з сусветнага парадку, а знаходзіцца ў рэчышчы гэтых актуальных тэндэнцый».

Відавочна, абое маладыя кампазітары ўпэўнена ідуць па пуцявіне, якая вядзе да вяршыняў музычнага мастацтва, а іх выступленні – толькі пачатак прафесійнага творчага росту. Кожны студэнт акадэміі, праходзячы праз шматгранны і насычаны шлях навучання, становіцца часткай філасофіі, што палягае ў аснове выкладчыцкай дзейнасці. Глыбокая канцэпцыя прафесара Галіны Гарэлавай ярка адлюстроўвае сутнасць падыходу ў Акадэміі музыкі да выхавання талентаў: «Агульны прынцып, якога прытрымліваюцца ўсе выкладчыкі, у тым, што вучань не посуд, які трэба запоўніць, а факел, які трэба запаліць». Гэтая метафара добра паказвае, што педагогам важна стымуляваць творчы пачатак, запальваць унутры кожнага студэнта іскру натхнення і імкнення да самавыяўлення. У гэтым і ёсць сакрэт унікальнасці выкладання ў акадэміі – стварэнне ўмоў, пры якіх маладое пакаленне музыкантаў развіваецца як яркія асобы, здольныя прадукаваць новае мастацтва.

Менавіта таму Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі заслужана лічыцца ўнікальным адукацыйным цэнтрам, здольным падрыхтаваць спецыялістаў, чыя творчасць стане часткай культурнай спадчыны краіны і свету.
Ігар КОМАР. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА