Ⅲ

Выстава “Мінск — горад майго шчасця”

Апублiкавана: 13 кастрычнiка 2026 Афiша Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: Служба інфармацыі

15 кастрычніка ў 18:00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі Барыса Аракчэева «Мінск — горад майго шчасця» да 100-годдзя з дня нараджэння мастака.

 

— Мінск — гэта асобная старонка ў творчасці Барыса Аракчэева, — распавялі нашай рэдакцыі ў Музеі гісторыі горада Мінска. — Як казаў сам мастак, гэты горад стаў для яго сапраўдным шчасцем: тут ён пачаў сваю мастацкую адукацыю, сустрэў каханне, якое ператварылася ў сямейнае жыццё, і яго дочкі, унукі і праўнучка працягнулі мастацкую дынастыю.

Выстава ўяўляе сабой рэтраспектыву твораў Барыса Аракчэева, прысвечаных сталіцы. Асноўную частку экспазіцыі складаюць жывапісныя пейзажы і тэматычныя карціны, дапоўненыя графічнымі работамі, якія паказваюць любімы горад майстра.

— У 1957 годзе Барыс Аракчэеў піша цэлую серыю маленькіх эцюдаў, якія цяпер цікава разглядаць як дакумент гісторыі, — акцэнтавалі ўвагу супрацоўнікі галерэі. — Калі сям’я жыла на вуліцы Берасцянскай, штораніцы мастак назіраў праз акно, як дзеці ідуць у школку, дарослыя спяшаюцца на заводы і фабрыкі. Атрымаўшы майстэрню ў 1962 годзе, ён стварае некалькі сотняў эцюдаў і замалёвак з акна, праз якое адкрываецца цудоўны панарамны від на самае сэрца Мінска.

Творца піша гісторыю горада, дзе год ад году ўсё мяняецца. На старонках гэтай хронікі можна ўбачыць трамвайчык, што калісьці хадзіў па Інтэрнацыянальнай вуліцы праз плошчу Свабоды ўніз да Нямігі, кафэ «Пінгвін», якое праглядаецца скрозь золата восеньскай лістоты, і будынак былога гарадскога тэатра на Інтэрнацыянальнай.

Па гэтых эцюдах майстар стварае вялікія тэматычныя палотны. Шэраг работ прысвечаны плошчы Свабоды: тут адбываліся розныя дзяржаўныя мерапрыемствы, Гэта было месца збору прызыўнікоў, і адсюль пачыналі рух першамайскія і кастрычніцкія дэманстрацыі, што адлюстравана на карцінах «Восеньскі прызыў» (1976—1977), «Свята вясны, міру і дружбы народаў» (1980-я), «Дзень Чырвонай арміі» (1980). На плошчы пад Новы год ставілі ўпрыгожаную ёлку, развешвалі гірлянды ліхтароў на дрэвах, як гэта адлюстравана на незавершанай карціне «Саборная плошча» (1974).

Працы 1950–1980-х разнастайныя па тэхніцы выканання і каляровым рашэнні, але і зімой, і ўлетку любімая сталіца ў вачах мастака паўстае кранальна мілай і святочна прыгожай.

Выстава працягнецца да 1 лістапада.

Адрас: Мінск, пл. Свабоды, 15

Тэлефон для даведак: +375 17 270-43-66

Служба інфармацыі “КіМ”

MAX TikTok