Спектакль Коласаўскага тэатра (першая прэм'ера гэтага юбілейнага года) «Зімы не будзе» пастаўлены па п'есе выдатнага расійскага драматурга Віктара Альшанскага.
Ён больш вядомы як дзіцячы аўтар, дзякуючы шматлікім п'есам і інсцэніроўкам, адрасаваным найперш юнаму чытачу і гледачу. У 1983 годзе па яго сцэнарыі выйшаў тэлевізійны фільм «Гаспадыня дзіцячага дома» з Наталляй Гундаравай у цэнтральнай ролі. «Зімы не будзе», як выявілася (па колькасці вядомых пастановак у Расіі), найбольш папулярны твор гэтага аўтара. У Беларусі ён пастаўлены ў студэнцкім тэатры БДУ «На балконе», а на прафесійнай сцэне ўпершыню ў Віцебску, у коласаўцаў.

Сказаць, што спектакль адрасаваны выключна юнаму гледачу, не выпадае. Абсалютна даросламу? Таксама не. Мабыць, таму і ў афішы пазначана: «добрая гісторыя для ўсёй сям'і». Зрэшты, праблемы, закладзеныя ў п'есе і пастаноўцы, выдатна зразумелыя гледачам самых розных узростаў. Дабрыня, міласэрнасць, спагадлівасць, душэўнасць у адносінах да нашых блізкіх– гэта тыя якасці, якія важна выхоўваць у сабе на розных этапах свайго жыццёвага шляху. І вельмі важна, каб на гэты спектакль прыходзілі дзеці разам з бацькамі, дзядулямі і бабулямі.
Па жанры, вызначаным самім аўтарам, гэта сучасная казка, але ў ёй закладзена прыпавесць. І сапраўды, чаму б сабе не ўявіць, што галоўныя героі — зусім не каты, якія знайшлі прытулак у таксама бяздомнай бабулькі, а беспрытульныя падлеткі, дзеці вуліц? Тут алегорыя, іншасказанне. Але, вядома, не толькі праз своеасаблівыя характары жывёл-людзей выяўляецца гэты жанр. Канкрэтная жыццёвая гісторыя альбо сітуацыя служыць для ілюстрацыі больш агульных прынцыпаў альбо праблем быцця. У дадзеным выпадку (адмаўленне сына ад сваёй маці і пошук душэўнай блізкасці, апоры ў іншых, больш чалавечных істот) схаваны ўніверсальны сэнс – урок для ўсіх людзей.

Такім чынам, у гарадскім двары расце мудрае дрэва. А пад ім у закінутым кіёску жыве старая цётка Паша. У міліцэйскіх пратаколах пра такіх пішуць: «Асоба без пэўнага месца жыхарства». Бомж, адным словам. Па дабрыні душэўнай бабуля падкормлівае чатырох бяздомных катоў: Аднавокага, Рыжага, Худога і Новенькую. Разам ім мяркуе перажыць ужо блізкую суровую зіму.
Рэжысёр Канстанцін Ганчароў імкнецца ў сваёй новай пастаноўцы спалучыць камедыйнасць і драматызм, а часам нават і выйсці на філасофскае, ідэйна-сэнсавае абагульненне (што і ўласціва жанру прыпавесці). Галоўнае ў аснове –сямейныя каштоўнасці, тая любоў, прыхільнасць, а не толькі маральны абавязак, якія ідуць ад розуму, ад сумлення, і чалавечая прывязанасць, душэўная цеплыня, тыя нябачныя ніці, якія звязваюць нас з нашымі роднымі.
Апрача галоўнай гераіні, якую вельмі цёпла іграе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, спрабуючы спасцігнуць і даволі моцны, упарты, горды характар Пашы, якая, прадаўшы хату ў вёсцы і пераехаўшы да сына ў горад, не стала цярпець выбрыкі сваёй нявесткі і сышла з дому, не маючы іншага жылля, другога прытулку, значнае месца ў спектаклі займаюць вобразы катоў, якія ствараюць маладыя артысты коласаўскага тэатра. Тут ім спатрэбіліся і пластычная лёгкасць, фізічная разняволенасць, схільнасць да імправізацыі, здольнасць адчуваць партнёра, працаваць чуйна і дакладна ў акцёрскім ансамблі (а ён няблага выбудаваны рэжысёрам), але і здатнасць стварыць характар і падаць яго ў развіцці, чаго вымагае і сюжэт п’есы, і сукупнасць тых падзей, што разгортваюцца ў спектаклі.

Зусім не адразу ствараецца духоўная і душэўная еднасць, якая аб’ядноўвае іх у нешта цэлае, тое, што хочацца назваць сям’ёй. Спярша гэтая непадобнасць кожнага спараджае канфлікты нават унутры асяродка, свайго роду кацінай зграі. Кожны мае сваю гісторыю і ў адпаведнасці з гэтым адметны характар, знешнюю і ўнутраную сутнасць. Калі Аднавокі — асабліва ў першага выканаўцы, Яўгена Бераснева, больш памяркоўны, разважлівы, стрыманы дарадчык, у Антона Бараноўскага фактычна нефармальны лідар, які можа кіраваць астатнімі, — мае большы жыццёвы досвед і спасціжэнне чалавечых звычак і дзівацтваў, а яшчэ і рамантык, што ў мінулым пацярпеў праз каханне (выбітае вока!), то Худы (Дзмітрый Філімоненкаў, Даніла Катовіч) больш заклапочаны сваім страўнікам, сэнс яго жыцця, па яго ўласным сцвярджэнні, – рыба, таму яго тут, у гэтым асяродку з гэтай гаспадыняй, нічога не ўтрымлівае.
Размовы пра каханне Худы ўспрымае скептычна, з іроніяй, разам з тым гэта не замінае яму завіхацца каля чыстай, непасрэднай, наіўнай Новенькай (Аліна Астрашаб, Вераніка Малашкевіч), што спараджае канфлікт з Аднавокім. Рыжы (Ілья Блыкін, Аляксандр Пачкаеў) – самы вытанчаны з персанажаў, які больш за іншых памятае сваё мінулае ў цёплай хатняй абстаноўцы побач з гаспадыняй, для яго нават знешнія артыбуты прыгожага жыцця (падушачка, ашыйнік, які ў парыве гневу раздзярбаніў Худы) іграюць істотную ролю. І ў яго яшчэ засталіся марныя спадзяванні на вяртанне ў тое жыццё, утульнае і сытае. Выканаўцы гэтай ролі выдатна перадаюць тугу і настальгію гэтага персанажа. Падзеі (а гэта ў асноўным крушэнне ўсіх надзей на ўладкаванае, нармальнае жыццё) пакрысе збліжаюць герояў. Яны пачынаюць разумець, што паасобку, кіруючыся толькі ўласнымі памкненнямі, не падтрымліваючы адно аднаго, не саграваючы сябра душэўным цяплом, немагчыма выжыць у гэтым жорсткім свеце.
Калі ёсць у спектаклі Паша Вялікая, то павінна быць па логіцы і Паша Маленькая. Гэтую ролю выконвае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна. Прызначэнне менавіта гэтай актрысы падаецца даволі парадаксальным, бо яна вельмі мала падобная да простай вясковай цёткі. Выканаўца падкрэслівае яе актыўны характар, неабыякавасць, чалавечую чуласць і душэўную шчодрасць.

П’еса ў нейкім сэнсе дзіўная і своеасаблівая, бо дзейнічаюць у ёй не толькі людзі і жывёлы, але і нежывыя істоты, скажам, мудрае гаваркое Дрэва (Ніна Обухава, Алена Меркушава), гэтакае ўвасабленне непахіснасці законаў прыроды, альбо аўтамабіль Фордфокус (Кірыл Гільгенберг, Аксана Сурвіла), даволі эксцэнтрычны персанаж, з дапамогай якога Аднавокі ажыццяўляе свой план сустрэчы сына з маці. Адметна тое, што адзін выканаўца ролі мае сваю трактоўку, другая – сваю. Падчас дзіцячых паказаў іграе хлопец (ну, з гэтым усё зразумела, мужчынскі характар цалкам адпавядае ролі гэткага пашкуматанага ў вулічных баях транспартнага сродку). Падчас дарослых спектакляў мы бачым зусім іншую “антылопу-гну”, гэткую расфуфыраную расфарбаваную мадам, што нагадвае жанчыну лёгкіх паводзін.
Ёсць у спектаклі даволі цікавыя вобразы іншых другарадных персанажаў. Напрыклад, Пеці, сына Пашы Вялікай. Яго таксама выконваюць два акцёры (выбар выканаўцаў рэжысёрам прадуманы і нясе пэўную сэнсавую нагрузку) і героі вельмі непадобныя вонкава. Скажам, калі Аляксей Анісеня ў ролі Пеці знешне нягеглы, маленькага росту (як кажуць, “метр з кепкай”), такога няцяжка жонцы (Крысціна Ульяненка, Надзея Радзімава) заціснуць пад абцас, то Міхаіл Асанаў буйнога, мажнога целаскладу. Тым не менш характары ў іх падобныя. Ім абодвум не хапае мужчынскага пачатку, і мянушка, прылепленая ім да жонкі (“Маўчыбаба”), нічога не вартая, бо тая, нягледзячы на знешнюю грубасць ці нават брутальнасць мужа, умее ім круціць.
Цікавым, завострана камедыйным, з пэўнай доляй акцёрскай іроніі пададзены вобраз міліцыянера (Раман Волат, Мікалай Чарных). Калі на ім фуражка, ён выдае сябе за прадстаўніка нейкай нябачнай адміністрацыі, што выпускае прадпісанні, не асабліва ўнікаючы ў чалавечыя праблемы. Калі здымае фуражку, просты сімпатычны хлопец, які можа паспачуваць альбо даць нейкую параду. У апошнім сваім з’яўленні ён аказваецца досыць смелым, каб пазбавіцца ад свайго бюракратызму, і дапамагае жанчынам.
Рэжысёр актыўна скарыстоўвае розныя сцэнічныя прыёмы. Напрыклад, выявы ценявога тэатра на самым пачатку і ўжо ў фінале, на паклоне, надаюць казцы-прыпавесці элементы камедыйнай фантасмагорыі альбо гратэску. Асноўныя ігравыя пункты, якія па-ўсялякаму абжываюць артысты, – гэта металічныя бочкі, дзе можна хаваць ежу альбо самім хавацца ад нейкай небяспекі (мастак Святлана Макаранка). Разам з тым тэатральная ўмоўнасць, у цэлым уласцівая спектаклю, зусім не замінае глыбокаму і праўдзіваму акцёрскаму пражыванню, тым тонкім душэўным зрухам, унутранаму душэўнаму болю, які, у сваю чаргу, выклікае суперажыванне і нават слёзы ў гледача.

Любоў і душэўная цеплыня могуць вельмі многае, і нават перайначыць законы прыроды. Героі спектакля ў прастаце сваёй спрабуюць “адмяніць” зіму (прышываюць апалае лісце назад, на дрэва). І хоць гэта ў іх, вядома, не атрымаецца, але, саграваючы адно аднаго, можна вельмі многае ў гэтым свеце перамяніць.
У фінале ўсе так і сядзяць, прытуліўшыся адно да аднаго. Яны – разам, і гэта галоўнае. І гучыць поўная аптымізму і спадзявання на лепшае кампазіцыя “Будзе! Будзе!” гурта “7Б”. Яна на дзіва дакладна кладзецца на сэнс пастаноўкі. Песня пра тое, што некалі і час будзе дабрэйшым, і людзі больш уважлівымі і чулымі адно да аднаго. І да катоў таксама.
Дык ці будзе зіма?..
Юрый ІВАНОЎСКІ. Фота з архива тэатра