(Частка дзясятая — па гэтай спасылцы)
Да нашага юбілею ўзнаўляем у памяці падзеі, што ўвайшлі ў гісторыю газеты, і знакавыя публікацыі, у якіх адбіўся дух эпохі. Чарговая частка цыкла рэтраспектыўных матэрыялаў прысвечана 2020-м.
2020—2021. ШЛЯХАМ АДЗІНСТВА

Выданне працягвала крочыць у нагу з часам, захоўваючы вернасць спрадвечнаму курсу. Журналісты па-ранейшаму праўдзіва і грунтоўна асвятлялі культурнае жыццё краіны, не застаючыся ў баку ад важных грамадска-палітычных працэсаў.

Адметная падзея пачатку дзесяцігоддзя — заснаванне Дня народнага адзінства. Новае дзяржаўнае свята было зацверджана Указам Прэзідэнта № 206 ад 7 чэрвеня 2021 года. “З’яднаныя адзінай мэтай”, — адзначана на першай паласе “Культуры” (№ 38, 18 верасня 2021 г.). Да гэтай урачыстасці рэдакцыя прымеркавала тэматычны асветніцкі праект. Задума рэалізоўвалася сумесна з тэлеканалам “Беларусь 3”. У рамках асобнай рубрыкі аўтары расказвалі аб перыпетыях, што адбываліся ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, і выпрабаваннях, якія выпалі на долю людзей у той час.
Журналісты падрабязна разбіралі гістарычныя перадумовы і палітычныя працэсы, што прывялі да векапомнага аб’яднання беларусаў у агульнай дзяржаве. Надалі ўвагу і мастацтву рэгіёна, творцам, якія ў складаных умовах змагаліся за захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Праект разгортваўся як на старонках штотыднёвіка, так і ў эфіры галоўнага культурнага тэлеканала рэспублікі.
Працяг будзе!
Данііл ПІЎКАРЭЦ