Ⅲ

“Этнасусвет”. Праект “Кола года”

Апублiкавана: 29 верасня 2026 Афiша Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: Служба інфармацыі

Адкрыццё фотавыставы Кацярыны Аракчэевай “Этнасусвет” у рамках праекта “Кола года” адбудзецца 30 верасня ў 19:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

 

— У персанальным праекце “Этнасусвет” Кацярына Аракчэева прадстаўляе фотаздымкі, створаныя на працягу 2023–2026 гадоў. Гэта галерэя партрэтаў сучасных беларусак у традыцыйных аўтэнтычных касцюмах, — распавялі ва ўстанове. — Унікальнасць праекта ў тым, што звычайныя людзі на дзве гадзіны фотасесіі апраналі рэчы музейнай каштоўнасці, якім больш за 100 год, — яны звычайна “жывуць” у вітрынах і недасяжныя для карыстання. Падчас фотасесій выкарыстоўваліся беларускія народныя строі з прыватных калекцый або вельмі дакладныя рэканструкцыі. Гледзячы на фотаздымкі, можна ўявіць, як выглядалі нашыя продкі.

Было вельмі цікава і захапляльна назіраць за тым, як мяняецца аблічча, постаць, позірк жанчыны ў строі, як яна адчувае сябе ў гэтым старадаўнім уборы. Гэтыя партрэты паказваюць: сапраўдная прыгажосць не ведае часу. Яна жыве ў нашых генах, прарастае праз арнаменты і ззяе ў вачах кожнай беларускі.

На выставе таксама можна ўбачыць арыгінальныя касцюмы з некалькіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.

Выстава будзе працаваць па 22 лістапада 2026 года.

Уваход на адкрыццё – вольны.

Даведкі па тэлефоне: +375 17 363 56 21.

Служба інфармацыі “КіМ”

MAX TikTok