Працягваем гартаць нашу газету. Трэцяя частка рэтраспектыўнага цыкла прысвечана 2010—2019 гадам. Як гэты час адбіўся на культурным жыцці краіны і чым былі напоўнены рэдакцыйныя будні?
(Частка сёмая — па гэтай спасылцы)
2010—2012. СІМВАЛЫ ЭПОХІ

Дзесяцігоддзе пачалося з прыемных навін. Па выніках VI Нацыянальнага конкурсу “Залатая ліцера” газета “Культура” атрымала гран-пры ў намінацыі “Найлепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў”. Экспертнае журы адзначыла серыю публікацый “Дыміліся франтоў дарогі”. У гэтай рубрыцы (назва якой, дарэчы, адсылае да верша Аркадзя Куляшова) журналісты прадставілі падрабязную хроніку Вялікай Айчыннай вайны на нашай зямлі. Асобныя артыкулы былі прысвечаны трагедыі спаленых вёсак і генацыду беларускага народа, дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, аперацыі “Баграціён”. Таксама друкаваліся эксклюзіўныя інтэрв’ю са сведкамі ліхалецця. Сярод рэдакцыйных ініцыятыў той пары вылучаецца і цыкл
“Вяртанне імёнаў”. Аўтарам выступіў мастацтвазнавец і публіцыст Барыс Крэпак. У цэнтры аказаліся дзеячы культуры, якія доўга заставаліся па-за ўвагай шырокай аўдыторыі. Праект вярнуў імёны дзясяткаў выбітных асоб у сучасны кантэкст.
Але трэнд на адраджэнне гістарычнай памяці распаўсюдзіўся далёка за межы газетных старонак. Пры пастаяннай дзяржаўнай падтрымцы праводзілася маштабнае аднаўленне аб’ектаў нацыянальнай спадчыны. Менавіта ў пачатку 2010-х адбылося вяртанне знакавых гісторыка-культурных каштоўнасцей — сапраўдных сімвалаў краіны. У снежні 2010 года завяршылася рэстаўрацыя комплексу ў Міры. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адным з першых наведаў мясціну. “Дзень урачыстага адкрыцця Мірскага замка стаў яркім і запамінальным святам для ўсіх беларусаў”, — канстатуе “Культура” (№ 51, 18 снежня 2010 г.).

У ліпені 2012-га наваселле спраўляў Нясвіжскі палац. “Слынны скарб нашай спадчыны”, — напісала на першай паласе газета (№ 29, 21 ліпеня 2012 г.).
У кастрычніку 2011-га штотыднёвік адзначыў чарговы юбілей: рэдакцыя падводзіла рысу пад другім дзясяткам. За гэты тэрмін былі апублікаваны тысячы матэрыялаў — у друкаваную прастору вылілася бурлівая плынь думак, што перадавалі пульс творчага жыцця краіны. “Дваццаць гадоў палёту” — такім загалоўкам вітала круглую дату “Культура” (№42, 15 кастрычніка 2011 г.). У святочным нумары — безліч цёплых слоў і пажаданняў ад прадстаўнікоў улады і інтэлігенцыі.

Працяг будзе!
Данііл ПІЎКАРЭЦ