Пра спадчыну, музыку і натхненне

Званне “Жанчына года” ў намінацыі “Духоўнасць і культура” для рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алены Куракінай не адзіная знакавая падзея сёлета. Пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыўся галоўны корпус БДАМ.

 

— Алена Віктараўна, перадусім дазвольце павіншаваць вас з завяршэннем “вялікай будоўлі”.

— Дзякуй. Сапраўды, для нас гэта падзея. Самі работы доўжыліся каля двух гадоў, але ім папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца, нябачная звонку. Былі паднятыя архіўныя дакументы: праект, апісанні, каштарысы і акты, праведзена шмат разнастайных экспертыз стану будынка і асобных яго элементаў. Дарэчы, з моманту адкрыцця ў 1958-м гэтая гісторыка-культурная каштоўнасць ні разу паўнавартасна не рамантавалася, так што апгрэйд быў вельмі неабходны.

— Раскажыце, калі ласка, як адбывалася рэканструкцыя, што ўдалося захаваць, а што — аднавіць?

— Гістарычную частку будынка было вырашана цалкам аднавіць. Дзеля гэтага праведзена яе маштабная рэстаўрацыя. Пачынаючы з фасада, дзе выканана ачыстка ляпных і сцяжных элементаў ад фарбавальных напластаванняў і позніх паправак, папаўненне страчаных тынкавых фрагментаў, аднаўленне згубленых дэталяў. Дарэчы, у абліцоўцы фасада ўжывалася слюда, што надавала будынку шыкоўнасць і нават нейкую святочнасць. На жаль, у познесавецкі і постсавецкі перыяды гэтая каштоўнасць была страчана. Сёлета гістарычнае пакрыццё вернута!

Шмат работ выканана і ўнутры. Адноўлены пакрыццё лесвіц, паркет, вокны і падаконнікі, ляпныя дэталі, жырандолі… Прычым — што вельмі важна! — выкарыстоўваліся толькі натуральныя матэрыялы: метал, камень, гіпс, дрэва, пераважна дуб. У аздабленні няма ніводнага сантыметра пластыку! Мы аднавілі паркет: дошчачкі экстрамоцнага класа, пакрыццё лесвіц — мармуровае, каркасы крэслаў канцэртнай залы дубовыя, родныя, а вось тэкстыль новы, але таксама высокай якасці, калоны ў фае з аздабленнем з асялковага мармуру, які выкарыстоўваўся толькі ў двух багатых сядзібах мінулага ды пазамінулага стагоддзяў…

Але галоўны скарб, я б нават сказала, жамчужына — гэта канцэртная зала. Ведаеце, па сваіх акустычных якасцях яна найлепшая ў Мінску! Гэты факт быў пацверджаны акустычнай камісіяй падчас прыёмкі залы.

— Ці ёсць якія сюрпрызы ў плане аздаблення будынка?

— Натуральна. Акрамя таго, што адноўлены ўсе гісторыка-каштоўныя элементы, шмат работы выканана па прыстасаванні класных пакояў да сучаснага працэсу навучання, для зручнасці і ўтульнасці — фае, калідораў, бытавых памяшканняў. Парадуе студэнтаў і выкладчыкаў новая студыя гуказапісу, абсталяваная па апошнім слове тэхніцы.

Але калі казаць усё ж пра сюрпрызы, то варта прыгадаць скульптуру скрыпачкі, якая размясцілася злева ад цэнтральнага ўваходу ў курданёры, — своеасаблівы сімвал музыкі і натхнення. Яе аўтар, вядомы беларускі скульптар Валянцін Занковіч, “убачыў” гэты вобраз ля будынка на Інтэрнацыянальнай яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя. Але больш за тры дзесяцігоддзі вырабленая ў гліне выява чакала свайго часу ў майстэрні на паліцах. Нарэшце надышоў яе час.

Поўнамаштабна ўвасобілі “Скрыпачку” выпускнікі Акадэміі мастацтваў Юрый Бірін-Паўлаў і Лайма Мірончык. Да тандэма далучыўся вопытны архітэктар Віктар Карака. На жаль, сам аўтар не паспеў пасадзейнічаць маладым творцам — Валянцін Паўлавіч пайшоў з жыцця напрыканцы мінулага года. Скульптуру адлілі з бронзы і ўстанавілі на метровы гранітны пастамент. Сама “Скрыпачка” невялікая — 2,40 м з улікам узнятага ўгору смычка.

— Напэўна, хутка вакол яе з’явяцца нейкія прыкметы. Ці вы ўжо прыдумалі легенду?

— Легенда, упэўнена, узнікне сама сабой. Студэнты на гэта вельмі здатныя, а творчая моладзь — тым больш! Мне ж падаецца, што постаць нагадвае залаты скрыпічны ключ, а ў свеце начных ліхтароў — кроплю бурштыну на фоне велічнага элегантна-шэрага корпусу.

Дарэчы, лічыцца, што ў далёкія 1950-я, калі будынак толькі праектаваўся знакамітым архітэктарам Раманам Гегартам, задумвалася ўстаноўка некалькіх скульптур. У той перыяд у многім на тое, каб будынак стаў па-сапраўднаму велічным, паўплываў тагачасны рэктар Анатоль Багатыроў — выдатны музычны дзеяч, кампазітар, бацька беларускай оперы, настаўнік шматлікіх славутых музыкантаў.

— Імя Багатырова ахутана эпітэтамі “геніяльны”, “незвычайны”, “вялікі”…

— Так. Анатоль Васільевіч менавіта той чалавек, намаганнямі якога было сфарміравана рэпутацыйнае аблічча кансерваторыі як установы найвышэйшага гатунку ў сферы музычнай адукацыі. Яшчэ пры жыцці яго называлі багатыром беларускай музыкі — і ў гэтым адчуваецца ігра слоў. Адзін з родапачынальнікаў айчыннай кампазітарскай школы выхаваў сабе дастойную змену: каго з нашых класікаў ні вазьмі, усе так ці інакш вучыліся ў яго. Ён пражыў доўгае жыццё — 90 гадоў, з іх сем дзесяцігоддзяў былі напоўнены працай — творчай, арганізацыйнай, педагагічнай, якую ён выконваў, не скардзячыся на нагрузку.

— І ў яго шмат прадаўжальнікаў…

— Фарміраванне нацыянальнай кампазітарскай школы пачалося яшчэ да Багатырова. Яе заснавальнікам стаў прафесар Васіль Залатароў — вучань Рымскага-Корсакава. Першымі выпускнікамі класа кампазіцыі якраз і быў Анатоль Багатыроў. А яшчэ — Пётр Падкавыраў, Васіль Яфімаў, Анатоль Папоў, Міхаіл Крошнер. Славутыя імёны!

З акадэміяй звязана творчая дзейнасць кампазітараў Мікалая Аладава, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдывані, Уладзіміра Каральчука. Найлепшыя традыцыі беларускай эстрады таксама знайшлі адлюстраванне ў работах нашых выпускнікоў — кампазітараў Эдуарда Зарыцкага і Леаніда Захлеўнага, Ядвігі Паплаўскай і Васіля Раінчыка, Алега Елісеенкава і Уладзіміра Карызны, іншых вядомых аўтараў.

— Калі мы ўжо загаварылі пра выпускнікоў Акадэміі музыкі, дзе яны знаходзяць сябе пасля выпуску?

— Мне прыемна гаварыць пра тое, што выпускнікі нашай акадэміі сёння ўваходзяць у склад вядучых калектываў Беларусі і замежжа і праслаўляюць краіну і непасрэдна сваю альма-матар па ўсім свеце. Яны — вучні вядомых музыкантаў, спевакоў, кампазітараў — нясуць традыцыі нацыянальнай культуры, выкладаючы ў вядучых музычных ВНУ Аўстрыі і Чэхіі, Індыі і Мексікі, Іарданіі і Тайланда, у некалькіх універсітэтах Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі.

Уцешна, што прафесійныя ўрокі, як і ўрокі жыцця, атрыманыя ад нашых найлепшых педагогаў, дазволілі годна выступаць на самых буйных і прэстыжных сцэнах: у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу, Оперным тэатры г. Грац (Аўстрыя), Клайпедскім дзяржаўным музычным тэатры і многіх-многіх іншых.

— І сярод выкладчыкаў акадэміі шмат вашых выпускнікоў?

— Пераважная большасць! Пад дахам акадэміі працуюць выдатныя майстры сучаснасці — піяністы Уладзімір Дулаў, Лілія Тер-Мінасян, кларнетыст і педагог Уладзімір Скараходаў, артысты Наталля Руднева і Міхаіл Зданевіч, цымбаліст Яўген Гладкоў, кампазітары Галіна Гарэлава, Віктар Войцік, Алег Хадоска і Ігар Комар, духавік Максім Шкулепа, якія беражліва перадаюць сакрэты рамяства маладым музыкантам. Гэта не проста навучанне, гэта бесперапынная духоўная пераемнасць, дзе кожны ўрок становіцца дыялогам пакаленняў.

— Алена Віктараўна, пагадзіцеся, для таго каб выхаваць зорачку, аднаго педагагічнага майстэрства мала. Высокая якасць адукацыі, у чым няма сумненняў, абумоўлена таксама якаснымі ўмовамі. Ці не так?

— Так. Я б нават сказала, што ў першую чаргу якасцю музычных інструментаў. І тут нам таксама ёсць чым ганарыцца! Не перабольшваю, аднак гэта яшчэ адзін — ужо, напэўна, сёння трэці па ліку пасля прафесарска-выкладчыцкага складу і памяшканняў, — скарб акадэміі. Пачынаючы з аргана, які вырабляўся спецыяльна для нашай установы філіпінскай фірмай Diego Cera. Мы — уладальнікі шыкоўнай раяльнай калекцыі, сярод якіх “сям’я” Steinway, унікальнага клавесіна, багатай калекцыі домбраў і домраў.

Шмат цікавых экзэмпляраў, зробленых абмежаванай колькасцю, духавых і ўдарных інструментаў, баянаў і акардэонаў. Асаблівы гонар — скрыпкі. Пачынаючы ад Гварнеры, якая на 12 гадоў старэйшая за Баха, інструментаў Вітачыка і заканчваючы скрыпкамі сучаснага маскоўскага майстра Мікалая Стасава, інструменты якога ўзнагароджаны дыпломамі за найлепшыя гукавыя якасці.

— Ваш “скрыпічны парк”, калі можна так сказаць, папоўніўся яшчэ адным цікавым асобнікам. Раскажыце пра яго.

— Гэта адбылося на сёлетнім Пасхальным фестывалі, і падзея стала прыемным сюрпрызам нават для мяне. Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Герман Аляксандр Бейлер паднёс унікальны дар — эксклюзіўную скрыпку, створаную па найвышэйшых сусветных лякалах. Гісторыя з’яўлення інструмента ў Беларусі не менш каштоўная, чым яго гучанне.

Як расказаў сам мецэнат, набытая ім пяць гадоў таму скрыпка аказалася высокадакладнай рэплікай аднаго з найлепшых сусветных узораў. Былі скрупулёзна вывучаны ўсе параметры арыгінала, пасля чаго спадар Бейлер прыняў рашэнне аднавіць інструмент спецыяльна для беларускіх музыкантаў.

Дарэчы, гэта не адзіны прыклад мецэнацтва. Тры гады таму да нас звярнуўся наш суайчыннік, адстаўны афіцэр Уладзімір Амельчанка з прапановай набыць музычныя інструменты для таленавітай моладзі. Ён ахвяраваў пэўную суму грошай, на якія былі набыты італьянскі акардэон Scandalli, два баяны “Зонта”, кларнет Prestige, саксафональт і труба фірмы Yamaha, трое цымбалаў. Заўважу, гэта надзвычай дарагія інструменты.

Чым мы маглі аддзячыць нашаму спонсару? Сваім талентам! У гонар дзіўнага чалавека арганізавалі канцэрт-прынашэнне, а таксама падарылі бестэрміновы абанемент на ўсе нашы выступленні.

— Алена Віктараўна, вашы выхаванцы заяўляюць пра сябе на самых вялікіх сцэнах, праслаўляючы нашу краіну і айчынную школу музыкі на ўвесь свет. Ды і падчас студэнцтва яны вядуць насычанае творчасцю жыццё… А вось менавіта для вас што значыць Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі?

— Не перабольшваю, калі кажу: гэта маё жыццё. Любой паспяховай, квітнеючай краіне патрэбныя добрыя музыканты — таленавітыя і прафесійныя, з трывалай акадэмічнай базай, тонкім густам, адказным стаўленнем да жыцця і разуменнем сваёй высокай місіі. Чым больш такіх, тым лепей!

Наша ўстанова працуе, кіруючыся прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі работы з таленавітай моладдзю.

Мы імкнёмся не ўпусціць адоранага чалавека, стварыць для яго ўмовы сфармавацца і рэалізаваць патэнцыял. Менавіта ў гэтым сёння і бачу сваё прызначэнне — і як рэктара, і як музыказнаўца, і як педагога.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ўстановы

MAX TikTok