У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сёлета зноў аказалася нашмат больш ахвотных ствараць ігравыя фільмы, чым можна прыняць! Пра тое, як адбіраюць будучых майстроў экрана і якія тэмы яны распрацоўваюць цяпер, расказвае дэкан факультэта кіно, тэатра і тэлебачання, а яшчэ рэжысёр такіх стужак, як “Адно на дваіх”, “Час вярнуцца” і “Падрыў”, Іван Паўлаў.

СУТКІ НА РОЗДУМ
— Цягам уступнай кампаніі на спецыяльнасць “рэжысура аўдыявізуальнага твора” было пададзена 50 заяў. Кантрольная лічба прыёму — 14 чалавек. Толькі чацвёра захацелі на тэлебачанне. Усе астатнія — у кіно! Але іх трэба неяк размеркаваць. У мінулым годзе я паўтара месяца вучыўся са студэнтамі, прыглядаўся, хто да чаго схільны. Потым вылучыў ім суткі: падзяліцеся самі, ці гэта зраблю я. Сем засталіся на ігравым, восем — адправіліся на ТБ. Зараз дзейнічаем па-іншаму, бо я ўжо на іспытах пачаў ацэньваць, у каго лепш пойдзе ігравое кіно.
На першым экзамене абітурыенты пішуць тэкст у стылістыцы сцэнарыя — гэта, напрыклад, гісторыя ў фармаце “што было раней і што здарыцца пасля” па матывах невялікага аповеду або фота. Самае цікавае пачынаецца на другім этапе — падчас творчага эцюда, калі правяраецца рэжысёрская фантазія і здольнасць паставіць сцэну.
— На эцюд мы прыносілі з дому тры-чатыры выпадковыя рэчы. Я ўзяў хакейную клюшку, піпідастр і цацачную сабаку. Студэнты вярталіся з акцёрскай пастаноўкай праз некаторы час, — прыгадвае Іван Міхайлавіч. — А трэці экзамен — гэта сумоўе і агляд партфоліа. Паказвалі ўсё: вершы, апавяданні, фатаграфіі, відэа, зманціраваныя на тэлефоне, хтосьці — нават школьную грамату за першы клас па кіданні гранаты! А адзін хлопец, 26 гадоў, валодае пяццю мовамі і прынёс падручнік па чэшскай, які сам і выпусціў. Ён паступіў, бо рэжысура — прафесія накаплення, а ў яго досвед досыць багаты. Да таго ж экзамены здадзены выдатна.

ДЫК ГЭТА ШІ НАПІСАЎ…
Усіх абітурыентаў пытаюць, навошта яны ідуць у рэжысуру. Некаторыя — нават “дзеля таго, каб паказаць сваю душу”.
— Але гэта ў корані няправільна. Я б хацеў, каб студэнты адлюстроўвалі рэчаіснасць, заўважалі ў жыцці многія моманты. Глядач павінен пазнаць сябе на экране. У кіно галоўнае — герой і эмацыйная праўда яго ўзаемаадносін. Першы фільм убачыць пяць чалавек. Чым больш студэнты здымаюць зараз, тым больш дапусцяць памылак, на якія мы, выкладчыкі, пакажам. Маладыя рэжысёры не выйдуць на вялікія экраны, калі не назапасяць дастаткова досведу.
Быў выпадак. Хлопец прынёс сцэнарый работы — вельмі класны, мне спадабаўся. А дзяўчынкі з курса гавораць: “Іван Міхайлавіч, дык гэта штучны інтэлект напісаў!” Я адказваю: “Ну і добра! Паглядзім, як будзе знята. Чалавек жа на рэжысёра вучыцца, а не на сцэнарыста. Значыць, мусіць умець працаваць з акцёрамі, распавядаць гісторыю праз іх”. Дарэчы, хлопец зразумеў, што не справіцца з гэтым “штучным” тэкстам, і стварыў іншы фільм.

ПАРА НА ВЯЛІКІЯ ЭКРАНЫ!
Студэнты актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх нацыянальных конкурсах, а калі дадаць замежныя субцітры — спіс пляцовак для пробы сіл пашыраецца.
— Часцей за ўсё здымаюць бытавыя драмы, фантастыку, дэтэктывы, крымінал. Тое, у чым, як ім здаецца, разбіраюцца. Пра каханне пакуль мала, — канстатуе Іван Паўлаў. — У ліпені быў паказ дыпломных работ у сталічным кінатэатры “Перамога”. Для выпускнікоў падобнае — нармальная практыка. Для першага курса — праблемна. Але ёсць рашэнне. Дасягнута дамоўленасць з Белтэлерадыёкампаніяй: там хочуць дэманстраваць творы маладых рэжысёраў, зараз вывучаюць нашы матэрыялы. У выніковай падборцы — як ігравое кіно, так і тэлевізійныя сюжэты. Напрыклад, Мікіта Лахматаў падрыхтаваў дакументальную карціну пра людзей, якія да гэтага часу застаюцца вернымі аналагавай кінастужцы. Марыя Шульман прадставіла кароткаметражку пра закуліссе вакальнага шоу “Фактар.BY”, а Элан Лыскоў — 35-хвілінны фільм з прыгожымі кадрамі, класічнай музыкай пра актрысу-пачаткоўца і яе пошук сябе ў прафесіі... атрымалася аўтарскае кіно. І гэта толькі малая частка студэнцкіх работ.
Ключавы складнік поспеху — прасоўванне. Карціну адгледжвае орган, адказны за рэгістрацыю, і дае ўзроставы рэйтынг, потым— можна прапаноўваць кінатэатрам. Важна закрыць выдаткі на вытворчасць, зарабіўшы на касавых зборах мінімум у два разы больш. А для гэтага — трэба зацікавіць публіку, задумацца над уласнай рэпутацыяй і іміджам, каб людзі ішлі “на рэжысёра”.
— Пракатчыкі пакідаюць сабе 50 % збораў. Я неяк лічыў: каб у нас акупіўся фільм з бюджэтам мільён долараў, у кінатэатры павінна завітаць каля 600 тысяч чалавек. Між тым на другім паказе “Адысеі” Крыстафера Нолана вечарам у пятніцу з 600 месцаў было занята каля 100. Але ў маладых рэжысёраў больш магчымасцей прыцягнуць аўдыторыю — з дапамогай запатрабаваных гісторый (людзі любяць дэтэктывы: хто каго забіў, хто вінаваты — напружанне захоплівае ўвагу), прасоўвання ў сацсетках, лаглайна, які чапляе: “Сябры, у мяне выйшла кіно пра тое, як тры дзяўчыны рыхтуюць замах на хлопца! Глядзіце па спасылцы!” (Смяецца.) Штучны інтэлект таксама дазваляе эканоміць: для карціны “Адно на дваіх” уся камп’ютарная анімацыя самалётаў была зроблена з выкарыстаннем нейрасеткі за чатыры месяцы.

ПРАБІЎНЫ ПРАДЗЮСАР
Нават калі на фільм вылучаюць палову патрэбнай сумы — гэта не падстава здавацца. Сапраўдны рэжысёр сёння выконвае ролю яшчэ і прабіўнога прадзюсара. Менавіта такія якасці імкнецца прышчапіць Іван Міхайлавіч студэнтам. Бо з 14 чалавек у прафесіі рэжысёра могуць застацца толькі трое. Паказальны прыклад Кірыла Халецкага: калі яму “зрэзалі” бюджэт на дэбютную работу “Кіношнікі”, малады спецыяліст не апусціў рукі.
— Ён адаптаваў сцэнарый, перанёс здымкі на даступныя лакацыі, запаліў сваёй ідэяй каманду, якая пагадзілася працаваць бясплатна, — распавядае Іван Паўлаў. — Больш за тое, абышоў кампаніі ў пошуках фінансавання і дамовіўся з Юрыем Стаянавым пра здымкі! Важна, што энергія і жаданне здольныя прабіць любыя сцены.
Цінацін МАЙСУРАДЗЭ. Фота з архіва героя