“Культуры” — 35: святкуем разам! Частка першая

У кастрычніку газета “Культура” адзначае юбілей — 35 гадоў з дня выхаду першага нумара. Якім ён быў? Якія тэмы ўздымалі журналісты? Пагартаем пажоўклыя старонкі і прыгадаем, з чаго пачынаўся шлях нашага выдання — летапісу культуры суверэннай Беларусі.

 

Да знакавай даты запускаем рубрыку “Нам — 35!”. У цыкле рэтраспектыўных матэрыялаў распавядзём пра самыя цікавыя факты з гісторыі станаўлення сучаснага айчыннага мастацтва. Першая частка прысвечана 1990-м — перыяду глабальных змен, узнёслых надзей і сур’ёзных выклікаў для нашай краіны. Чым тады жыла галіна і якія культурныя і грамадскія падзеі былі адлюстраваны ў выданні?

 

1991. НОВАЯ ГАЗЕТА

Першы нумар “Культуры” ўбачыў свет 14 кастрычніка 1991 года. У дэбютным выпуску рэдакцыя сфармулявала сваю місію, якая застаецца нязменнай і цяпер, — аб’ектыўна і прафесійна асвятляць працу органаў дзяржаўнага кіравання і падзеі ў сферы нацыянальнай культуры, прапагандаваць гістарычную спадчыну беларускага народа і яго культурныя дасягненні.

На васьмі чорна-белых старонках публікаваліся навіны пра выставы, фестывалі і канцэрты, а таксама аналітычныя артыкулы, тэатральныя і кінарэцэнзіі, гістарычныя нарысы… Выданне хутка займела адметнае аблічча і кола верных чытачоў, а журналісты сталі сапраўднымі летапісцамі культурнага жыцця краіны.

Працяг будзе!

Данііл ПІЎКАРЭЦ

MAX TikTok