Праз мастацтва — да міру

У індыйскім горадзе Бхапал завяршылася XI сустрэча міністраў культуры краін БРІКС. Знакавая падзея сабрала таксама кіраўнікоў профільных ведамстваў дзяржаў — партнёраў аб’яднання, у лік якіх уваходзіць і Беларусь.

 

Нашу дэлегацыю на форуме ўзначаліў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач.

Парадак дня быў насычаны, разгледзелі шмат тэм — ад захавання гістарычнай спадчыны і вяртання культурных каштоўнасцей на радзіму да ўкаранення тэхналогій штучнага інтэлекту ў творчае асяроддзе. Вынікам сустрэчы стала падпісанне дэкларацыі, якая замацавала імкненне краін да цеснага супрацоўніцтва ў пытаннях рэстытуцыі.

Акрамя таго, па прапанове індыйскага боку ў рамках БРІКС будзе створаны добраахвотны рэестр дзеячаў мастацтва — для абмену досведам і для прафесійнай камуніка­цыі.

 

ГАЛОЎНЫ ПРЫНЦЫП

Выступаючы перад калегамі, Сяргей Саракач канстатаваў, што культура сёння — самы эфектыўны інструмент “мяккай сілы”. Праз мастацтва прасцей за ўсё наладжваць давер, які становіцца падмуркам для вырашэння палітычных і эканамічных задач.

— Мы рухаемся па прынцыпе “праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, што неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Наша пазіцыя цвёрдая: любое ўзаемадзеянне павінна будавацца на глыбокай павазе да суверэнітэту і традыцый кожнага народа, — адзначыў намеснік міністра.

У ліку яркіх прыкладаў культурнага дыялогу Сяргей Саракач назваў Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. У цэнтры ўвагі Беларусі — пашырэнне творчых і адукацыйных абменаў, арганізацыя Дзён нацыянальных культур, падтрымка маладых талентаў, супрацоўніцтва ў сферы аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на кінематографе: багаты досвед краін БРІКС дазваляе рэалізоўваць маштабныя праекты, здольныя знайсці водгук у самай рознай аўдыторыі.

 

ЁСЦЬ ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ

На палях форуму Сяргей Саракач правёў перамовы з намеснікам міністра культуры Індыі Шры Вівекам Агарвалам. Бакі пацвердзілі намер падпісаць міжурадавую праграму супрацоўніцтва. Больш за тое, ужо склалася прадукцыйнае ўзаемадзеянне, якое ахоплівае народную творчасць, адукацыю, кінематограф, іншыя кірункі. У прыватнасці, Індыя — пастаянны госць фестывалю “Лістапад”, а беларусы маюць шанц прадстаўляць сваю краіну на найбуйнейшых пляцоўках азіяцкай дзяржавы. Прыкладам, летась гэта была яркая заяўка на Міжнародным кінафестывалі Індыі (IFFI).

— Абапіраючыся на нашы гістарычныя сувязі, мы можам усталяваць вельмі добрае сучаснае і актуальнае супрацоўніцтва, — падкрэсліў Шры Вівек Агарвал. — Для таго ёсць умовы і вялікая зацікаўленасць з абодвух бакоў.

 

МОВАЙ ЗЯМЛІ

У рамках асноўных падзей, прымеркаваных да XI сустрэчы міністраў культуры, прайшоў Фестываль культур краін БРІКС.

У Бхапале выступілі найлепшыя творчыя калектывы розных дзяржаў. На адкрыцці маштабнага свята Беларусь бліскуча прадставілі салістка-вакалістка Анастасія Воранава і танцавальная група Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча.

Уражальныя нумары таксама былі паказаны на ўрачыстым мерапрыемстве для ўдзельнікаў сустрэчы міністраў культуры краін БРІКС і іх партнёраў. Сяргей Саракач разам з калегамі — кіраўнікамі ведамстваў наведаў канцэрт, які прадэманстраваў прыгажосць мастацтва розных кантынентаў. Самабытную айчынную культуру прэзентаваў Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча. Артысты выканалі спецыяльна створаную да форуму музычную кампазіцыю, што ўвасабляе імкненне дзяржаў БРІКС жыць у гармоніі і міры.

У сваёй песні беларусы заклікалі: “Няхай дабрыня стане мовай Зямлі, // Яднаннем, вышэйшым за межы і веру”.

Служба інфармацыі “К” паводле Telegram-канала Міністэрства культуры

MAX TikTok