Ⅲ

На цвёрдым грунце

Апублiкавана: 18 жнiўня 2026 Стужка Народная творчасць Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

У галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці дэманструецца выстава керамікі і фота “Ад роднае зямлі…”.

Праект распавядае пра вырабы з гліны і тэхналогіі яе апрацоўкі, асаблівасці дэкору, разглядаючы мастацкую кераміку ў кантэксце захавання народных традыцый і повязі з прыродным асяроддзем.

Адценні тэракоты, абвару і паліў паўтараюць колеравую гаму беларускіх краявідаў са здымкаў, прадстаўленых тут жа. Іх аўтар, фатограф Сяргей Калтовіч (1961—2022), быў і рэстаўратарам, членам Беларускага саюза дызайнераў, удзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, багата супрацоўнічаў з айчыннымі музеямі як дызай­нер экспазіцыйных праектаў.

Яшчэ ў савецкія часы Сяргей Уладзіміравіч удастоіўся бронзавага медаля Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі, пазней неаднаразова атрымліваў медалі Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва (FIAP).

У экспазіцыі можна пабачыць прадметы з фондаў Музея гісторыі Клеччыны, Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, а таксама работы майстроў Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Скарбонка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.

Праект даступны да 30 жніўня.

Антон РУДАК

MAX TikTok