Абліччы нябеснай апякункі

Апублiкавана: 09 чэрвеня 2026 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Вобраз Божай Маці — адзін з найбольш распаўсюджаных у сусветным мастацтве. І ці не самы размаіты паводле інтэрпрэтацый. Кожны творца ўвасабляў яго неяк па-свойму, згодна з уласным разуменнем Боскага і чалавечага хараства. На выставе “Пяць стагоддзяў шанавання Божай Маці. Зваротная перспектыва. XVIII—XIV стст.”, што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, можна ўбачыць каля 30 абліччаў нябеснай апякункі — вельмі розных, але сугучных у адной сімфоніі.

  

АД КРО­НЫ ДА КА­РА­НЁЎ

Гэта ўжо другі сумесны праект НММ з Наўгародскім дзяржаўным аб’яднаным музеем-запаведнікам. Знакамітая ўстанова, якая летась адсвяткавала 160-гадовы (!) юбілей, прывезла ў Мінск сапраўдныя шэдэўры са сваёй калекцыі. Прычым некаторыя рарытэты ніколі не пакідалі тэрыторыі не толькі Расіі, але і нават Вялікага Ноўгарада.

Звычайна экспазіцыя выбудоўваецца ў храналагічным парадку — ад старых твораў да навейшых. Але ў дадзеным выпадку гэты прынцып перакулены з ног на галаву. Выставу распачынаюць самабытныя беларускія абразы XVIII стагоддзя, якія далёка адышлі ад візантыйскіх узораў. А ўжо ў другой зале змешчаны куды больш даўнія іконы з Вялікага Ноўгарада — лаканічныя і строгія.

— Мы вырашылі паказаць спярша тыя абразы, дзе з цягам часу напластаваліся розныя ўплывы, а потым рушыць да вытокаў іканапісу, да яго каранёў, — тлумачыць куратар праекта, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Любоў Сысоева.

Ідэю прымяніць у экспазіцыі ўласцівы іканапісу метад зваротнай перспектывы прапанаваў дырэктар Наўгародскага музея-запаведніка Сяргей Брун. На яго думку, калі наведвальнік пачынае аглядаць выставу з самых ранніх помнікаў, то, пакуль дабіраецца да пазнейшых, занадта стамляецца, каб належна іх успрыняць.

Зрэшты, больш відавочны ход — параўнанне беларускага і наўгародскага іканапісу — увасобіць было досыць праблематычна. Айчынныя абразы XIV—XV стагоддзяў проста не захаваліся. А ў Ноўгарадзе Вялікім падобныя ёсць.

 

КА­ПЕ­ЛЮ­ШЫ ДЫ ІНШЫЯ ДЭ­ТА­ЛІ

І тым не менш паралелі часам напрошваюцца самі сабою. Найбольш яўныя абумоўліваюцца сюжэтамі, нязменнымі цягам стагоддзяў. Скажам, Нараджэнне Хрыстова на выставе можна сустрэць у некалькіх версіях.

 

Абраз "Раство Хрыстова" (XVII ст.), Пружаны

Згодна з прынцыпам зваротнай перспектывы, спярша мы ўбачым абраз XVII стагоддзя, які патрапіў у фонды музея з Пружанаў. Пэўна, і напісаў яго невядомы нам мясцовы самародак. Як падкрэслівае даследчыца, на Беларусі гэты сюжэт досыць часта перадаваўся ў заходнееўрапейскім варыянце: на іконах адлюстроўвалася пакланенне трох каралёў. На абразе з Пружанаў яны маюць выгляд шляхціцаў, убраных у адпаведнасці з актуальнымі ў той час павевамі моды.

Далей мастацтвазнаўца акцэнтуе яшчэ адну дэталь гардэробу. Пастушкі, намаляваныя на заднім плане, носяць шыкоўныя капелюшы з шырокімі палямі. У нашых вёсках такія ніколі не бачылі — не кажучы ўжо пра старажытны Віфлеем.

На думку Любові Сысоевай, тыя капелюшы родам… аднекуль з Галандыі. Як жа яны дайшлі да Пружанаў? Мабыць, праз заходнееўрапейскія гравюры, якімі натхняліся мясцовыя майстры. Увага да дэталей на выставе абавязкова будзе ўзнагароджана цікавымі адкрыццямі.

 

Абраз "Раство Маці Божай" (XVII cт.), Маларыцкі раён

Напрыклад, у кутку іконы Раства Маці Божай (XVII ст.) з Маларыцкага раёна можна прыкмеціць: служанка дакранаецца рукой да вады перад тым, як купаць немаўля. Побытавая сцэна не змяншае духоўную важнасць падзеі, але нібы ўкараняе яе ў рэчаіснасць.

 

ДЗІЎ­НЫ СТА­РЫ

У суседняй зале знаходзім куды больш даўняе і традыцыйнае ўвасабленне Раства Хрыстовага. Абраз з Ноўгарада, які мае шматлікія страты выяўленчага слоя, адлюстроўвае сюжэт згодна з візантыйскімі канонамі. Героі тут тыя самыя, але і вешчуны, і пастушкі, вядома, у звыклым адзенні. Аднак сярод знаёмых персанажаў вока выхоплівае і дзіўную фігуру — старога ў шкурах. Хто гэта, аб чым ён гутарыць са святым Іосіфам? І чаму апошні выглядае так задуменна?

Як тлумачыць куратар, праз старога паказаны сумневы і спакусы, што прыходзілі да Абручніка — і якія ён урэшце пераадолеў. У кананічных Евангеллях пра тое нічога няма (як і наогул пра эмоцыі Іосіфа). Але ў іконаграфічнай традыцыі Старажытнай Русі з’явіўся такі драматычны сюжэт. Адпаведна, схільнасць да інтэрпрэтацый была і ў класічны перыяд.

 

СЯ­РЭД­НЯ­ВЕЧ­НЫ СУП­РЭ­МА­ТЫЗМ

На строгіх наўгародскіх абразах залатога веку — нічога лішняга. Яны грунтуюцца на візантыйскай традыцыі — з візуальным аскетызмам і памкненнем адлюстраваць духоўны свет праз бачныя вобразы.

— Ёсць меркаванні, што наўгародскаму іканапісу ўласцівая спрошчанасць, — распавядае Любоў Львоўна. — Я не згодная. Хутчэй варта гаварыць пра лаканічнасць, манументальнасць. А яшчэ пра гарманічныя прапорцыі, выразнасць рытмаў і, вядома ж, каларыт. Недарэмна кажуць, што наўгародскі іканапіс “звініць”. Гэта дзякуючы яркай кінавары, якую шырока выкарыстоўвалі майстры.

 

Ікона "Спас у Сілах" (XVI ст.), Ноўгарад

“Спас у Сілах” (XVI ст.) выдатна ілюструе словы мастацтвазнаўцы. Хрыстос выяўлены тут як велічны Уладар, чый прастол нібы лунае ў космасе. На фоне — ромб, авал і квадрат. Заўважыўшы іх, сёй-той адразу ўспомніць супрэматызм Малевіча. Дарма што абраз створаны амаль 500 гадоў таму!

Як адзначыла суразмоўца, кожная з фігур мае выразную інтэрпрэтацыю. Сіне-зялёны авал, які формай нагадвае яйка, — гэта неба, анёльскі свет. Чырвоны квадрат — зямля, а ромб — слава Божая. Адпаведна, цяга да “кадзіравання” інфармацыі з дапамогай ёмістых геаметрычных сімвалаў была характэрная для мастакоў здавён. Здаецца, нібы аўтар іконы наўмысна пазбягаў фігуратыўнасці як чагосьці празмернага і “недакладнага”.

Але ж мы бачым на аднатонных фігурах прорысі, падобныя да эскізаў. Тут постаці херувімаў, выявы евангелістаў, а таксама архітэктурныя формы, што ўвасабляюць рай. Угледзець гэтае “падвоенае дно” абраза можна хіба зблізку — калі ён размешчаны ў музеі, а не ў іканастасе, як напачатку. Аднак майстра такая акалічнасць не спыніла: відавочна, для яго важным было як мага больш дасканала перадаць ідэю твора

 

ЛІ­ЛЕЙ­НЫ ІКА­НАС­ТАС

Што адметна, амаль усе прадстаўленыя на выставе беларускія абразы паходзяць не з буйных гарадоў, а з мястэчак ці нават сёл. Вёска Зёлава, што на Драгічыншчыне, у свой час спарадзіла сапраўдны лакальны брэнд. Іканастас з тамтэйшай царквы (сама яна, на жаль, не захавалася) даследчыкі айчыннага мастацтва называюць лілейным.

— Нідзе больш мы не сустрэнем такі цудоўны фон з гнуткіх парасткаў і раскошных бутонаў лілей, — паведамляе экспертка. Ацалелі чатыры абразы з гэтага іканастаса.

 

Ікона "Сашэсце Святога Духа" (XVIII ст.), вёска Зёлава Драгічынскага раёна

Сярод іх — “Сашэсце Святога Духа” (XVIII ст.). Кветкі — далёка не адзіная адметнасць твора. Разглядаць каларытныя, характарныя твары Багародзіцы і апосталаў можна доўга.

Падобныя арнаменты ёсць і на іншых абразах. Прычым з сюжэтамі расліны наўпрост не суадносяцца: іх змясцілі для прыгажосці.

— Так, любіў наш беларускі люд кветкі! — кажа Любоў Сысоева. — Гэта адбілася не толькі на вышываных посцілках або ручніках, але, як мы бачым, і на іконах.

 

УВА­САБ­ЛЕН­НЕ ІДЭ­АЛУ

Як вядома, мастакі Рэнесансу выяўлялі ў Божай Маці свой ідэал жанчыны. Уласна, такой стала секулярызаваная трактоўка вобраза Мадонны (згадайма хаця б культавы твор Міхаіла Савіцкага). Думаецца, і багаслоўскаму разуменню постаці Багародзіцы акрэслены падыход прынцыпова не супярэчыць.

Экспазіцыя сведчыць, што памкненне ўвасобіць ідэал было характэрнае і для беларускіх іканапісцаў. У якасці аргумента Любоў Львоўна звяртае нашу ўвагу на Адзігітрыю з Пінска.

— Прычым ідэал менавіта мясцовы, тутэйшы, — дадае куратар. — Майстар імкнуўся паказаць Багародзіцу так, каб яе вобраз быў блізкім і зразумелым сучасніку: проста, пазнавальна, даступна...

Яшчэ адна Адзігітрыя — з Глуска — мае ўнікальнае адрозненне. Калі звычайна Дзіцятка трымае ў руках згорнуты скрутак (і можна толькі здагадвацца, што там напісана), то стваральнік іконы наважыўся яго раскрыць, дэманструючы радкі прарока Ісаі: “Дух Гасподні на Мне…”

— Відаць, аўтар быў чалавекам адукаваным, а падобная інавацыя цалкам асэнсаваная, — распавядае Любоў Сысоева. — Больш за тое — ён таксама і цудоўны жывапісец. Адзначце, як аб’ёмна змадэляваны твары, як па-майстэрску перададзена фактура тканіны…

Без сумневу, гэта адзін з шэдэўраў беларускага іканапісу XVII стагоддзя. Вельмі рада, што ў нас з’явілася магчымасць паказваць твор публіцы. Сёння абраз выглядае выдатна. Але мала хто ведае, што ён патрапіў у фонды музея зусім у іншым стане — з мноствам пашкоджанняў. Рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага літаральна вярнулі артэфакт да жыцця.

 

СТРЫ­МА­НАЯ ПЯШ­ЧО­ТА

Самая старадаўняя ікона на выставе датуецца не пазней як сярэдзінай XIV стагоддзя і паходзіць са знакамітага наўгародскага храма Апосталаў Пятра і Паўла ў Кажэўніках. Хоць выяўленчая мова стрыманая, падаецца, што памкненне адлюстроўваць Багародзіцу з асаблівай пяшчотай было актуальным ужо ў тыя сівыя часіны. З дапамогай скупых ліній, застаючыся ў рамках канона, майстар надае рысам твару Божай Маці выразнасць. Заўважны вялікі памер вачэй — а гэта яшчэ адна адметнасць наўгародскіх абразоў.

 

Маці Божая "Замілаванне" Яраслаўская (1460-я), Ноўгарад

Але найбольш пераканаўчым увасабленнем такой пяшчоты можна назваць ікону Маці Божай “Замілаванне” XV стагоддзя. Гэта цудоўны прыклад таго, што аўтарская індывідуальнасць не заўсёды патрабуе прыкметных інавацый: ёй не зацесна нават у межах канона.

— Паглядзіце, як кранальна Немаўля прыціскаецца ручкай да шчакі Маці, — заклікае знаўца. — А Багародзіца нібы імкнецца яго захінуць краем мафорыя. У яе позірку — цэлы спектр пачуццяў: і глыбокі смутак, і прадбачанне пакут, і пакора перад Божай воляй, і бясконцая любоў…

 

СЛЕД БЕ­ЛА­РУС­КІХ МАЙ­СТРОЎ

Наўгародскія іконы XIV—XVI стагоддзяў дазваляюць уявіць, якім мог быць той этап эвалюцыі беларускіх абразоў, пра які мы амаль нічога не ведаем. Аднак узнікае пытанне: а якім жа чынам развіваўся іканапіс у Ноўгарадзе ў пазнейшыя часы? Экспазіцыя дае адказ, і для многіх ён стане прыемнай нечаканасцю.

“Каранаванне Маці Божай” — абраз пачатку XVIII стагоддзя, што выяўляе ўласцівы каталіцкаму заходняму мастацтву сюжэт, але паходзіць з сяла Вялікі Востраў непадалёк ад Ноўгарада. Як адзначае даследчыца, у іконе прасочваецца выразны ўплыў барока і ракако: замест схематычнасці і плоскаснасці мы бачым тут аб’ёмнасць. Ноўгарад спакон веку вёў гандаль з Заходняй Еўропай, таму не выпадае здзіўляцца, што, апрача тавараў, адтуль траплялі і мастацкія тэндэнцыі. Ды, як падкрэслівае Любоў Сысоева, гэта не адзіная крыніца ўплыву:

— Наўгародскія калегі лічаць, што абраз “Марыя Маці Цара Хрыста Назарэя” быў напісаны выхадцам з Беларусі. Падставай для такога меркавання сталі не толькі пэўныя асаблівасці тэхналогіі і выразныя партрэтныя рысы, але і тыя самыя кветкавыя матывы. Для наўгародскай іконы ў цэлым яны не характэрныя.

На думку куратара, гэтая гіпотэза праўдападобная: вядома, што многім майстрам з беларускіх зямель давялося працаваць у Рускім царстве, дзе яны адчувальна паўплывалі на развіццё мастацтва. Магчыма, нашы суайчыннікі пакінулі след і ў Ноўгарадзе.

 

* * *

Без сумневу, на выставу найлепш завітаць з экскурсіяй — пагатоў такі шанц рэгулярна выпадае. Займальны расповед дасведчанай мастацтвазнаўцы адкрые многія нюансы, якія наўрад ці ўхопіць вока чалавека, не ўзброенага глыбокімі ведамі ў галіне іканапісу.

Аднак і самотны няспешны агляд экспазіцыі таксама варта рэкамендаваць. Бо абразы ж пісаліся не для мастацтвазнаўцаў, а для “простых смяротных”…

Вандроўка ў гэты дзіўны свет так ці іначай прынясе цікавыя адкрыцці — і, безумоўна, унутраны супакой.

Ілья СВІ­РЫН