Праца над новым праектам Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — карцінай пра сталенне падлеткаў — у самым разгары. Што цікавага рыхтуе каманда Кірыла Халецкага на гэты раз?

Як распавёў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў, папярэдняя работа рэжысёра — знятая ў 2025 годзе “Класная” — адзначылася ў пракаце добрымі вынікамі і па зборах, і па колькасці гледачоў.

— Кіно — справа складаная. У кадры можа быць адзін-два чалавекі, але за імі заўсёды стаіць цэлая каманда, — падкрэсліў Дзмітрый Сяргеевіч падчас кастынгу на новы праект. — На пляцоўцы шмат моладзі, і гэта не выпадковасць. Развіваем супрацоўніцтва пачаткоўцаў і вопытных кінематаграфістаў. Наладжана ўзаемадзеянне, да прыкладу, з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў: у адным з нашых павільёнаў і на натурнай пляцоўцы запланаваны здымкі дыпломных работ.
Менавіта пры мантажы “Класнай”, як прыгадаў Кірыл Халецкі, і зарадзілася задума цяперашняга фільма. Ідэю падаў суаўтар сцэнарыя і рэдактар карціны Яўген Амельчанка, добра знаёмы з творчасцю айчыннага літаратара Андрэя Федарэнкі.

За аснову ўзялі кнігу пісьменніка, але якую — пакуль таямніца.
— Стужка шматжанравая: ёсць элементы прыгодніцкага кіно, дэтэктыва і нават трылера. Аднак усё ў рамках рэйтынга 12+, — распавёў рэжысёр. — Месца і час — сталіца і Мінская вобласць на мяжы 1980— 1990-х.
Сцэнарый, дарэчы, ужо цалкам зацверджаны. Праект плануюць прадставіць у двух фарматах: поўны метр і чатыры серыі па 40 хвілін.

— Фільм раскажа пра падлеткаў, якія сутыкаюцца з незвычайнай знаходкай. З гэтага пачынаецца ланцужок цікавых падзей, — паведаміў Кірыл Халецкі. — Цэнтральная тэма — сталенне — будзе раскрывацца праз асабістыя гісторыі людзей, якія сустракаюцца з рознымі цяжкасцямі ў пошуках новых жыццёвых арыенціраў.
СТАПРАЦЭНТНАЕ ПАПАДАННЕ
Пробы стартавалі ў красавіку. Конкурс на галоўныя ролі — пяць-шэсць чалавек. На ролі другога плана крыху меншы — дзве-тры кандыдатуры.
— Патрэбныя дзеці каля 12 гадоў і дарослыя ад 30—35. Складанасць у тым, каб падабраць персанажам падобных экранных бацькоў, — канстатуе Кірыл Халецкі. — Бывае стапрацэнтнае пападанне з першай спробы, але часцей гэта эпізадычныя ролі. Заключны этап, “ансамблевы”, — магчымасць убачыць прэтэндэнтаў у жывым узаемадзеянні. Выдатна, калі яны пераканаўчыя паасобку. Але ці ёсць паміж імі хімія?
Пры падборы кандыдатур, як растлумачыў рэжысёр, перадусім улічваюцца нядаўнія работы акцёраў.
— Калі не знаходзім нікога трапнага, накіроўваемся ў тэатры. У рамках цяперашняга праекта больш увагі надаём абласным установам. Звяртаемся і да мінскіх. Людзей без досведу, але з відавочным прыродным талентам таксама гатовы прыняць у каманду.
У КАДРЫ З МАЛЕНСТВА

Адзін з прэтэндэнтаў на галоўную ролю — 13-гадовы Аляксей Елісееў са сталіцы (на фота злева). Самыя прыкметныя работы юнака — айчынная стужка “Нацыянальны герб Рэспублікі Беларусь” і расійскі серыял “Дарагія вучні!”, вытворчасць якога яшчэ працягваецца.
— Услед за мной амаль уся сям’я стала далучацца да невялікіх рэкламных праектаў! Здараецца, што конкурс на ролю — ад 30 чалавек, — расказаў хлопчык. — Самае няпростае — сумяшчаць здымкі са школай. Выдатна, калі змены прыпадаюць на лета…
У новай карціне Аляксею больш за ўсё падабаецца сюжэт. А ў будучыні юнак марыць прычыніцца да фільма пра партызан.
Патрапіць у стужку Кірыла Халецкага імкнецца і Эльдар Чэркін. У рэкламе і кіно ён з шасці гадоў.

— Нядаўна паўдзельнічаў у цудоўным расійскім праекце, дзе і гарэў, і замярзаў, і тануў. Потым — у фільме “Капітан Крук”. Хутка яшчэ выйдзе добрая карціна пра каханне і картынг. Мару набрацца акцёрскага досведу і паступіць на рэжысёра-пастаноўшчыка! — падзяліўся планамі Эльдар.
10-гадовая Лізавета Буцько спадзяецца ўвасобіць вобраз Варанькі, дзяўчынкі са складаным лёсам, якая выжывае ў адзіночку. Акцёрскае майстэрства артыстка асвойвае з двух гадоў у розных тэатральных студыях Мінска. З Кірылам Халецкім працуе не ўпершыню. Уражанні ад эпізадычнай ролі ў “Класнай” — самыя станоўчыя.

— На пляцоўцы мне лёгка. Адчуваю, што гэта маё! — адзначыла Лізавета. — Да кастынгаў рыхтуюся хутка: тэкст запамінаецца імгненна, на рэпетыцыі трачу няшмат часу. А каб ужыцца ў вобраз, да дробязей прадумваю кожную сцэну.
ВОСЕННЮ 2027-ГА
Здымкі, па словах рэжысёра, распачнуцца ў жніўні і прадоўжацца да кастрычніка. Змен, як і маштабных масавых эпізодаў, запланавана многа.
— Творчая каманда паціху фарміруецца. Спатрэбяцца асістэнты, масоўка. Інфармацыю пра актуальныя наборы шукайце ў сацыяльных сетках кінастудыі, — заклікаў Кірыл Халецкі. — Працаваць, пэўна, будзем у некалькіх абласных цэнтрах, чаму я бязмерна рад.

Прэм’ера фільма чакаецца восенню 2027 года.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Ангеліны САРОКІ