Праз дыялог і паразуменне

“Ва ўмовах глабалізацыі традыцыйная культура набывае асаблівае значэнне, спрыяючы ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і міжкультурнага ўзаемаразумення”. Словы з прывітальнага адраса міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава сталі лейтматывам IХ Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”.

 

ПЛАТФОРМА ДЛЯ ІДЭЙ

З 13 па 16 красавіка Магілёў ператварыўся ў цэнтр міжнароднага культурнага абмену. Горад на Дняпры аб’яднаў прадстаўнікоў Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі. Навукоўцы, дзеячы культуры, спецыялісты з розных краін сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя пытанні захавання, развіцця і папулярызацыі нацыянальных традыцый на фоне сучасных выклікаў.

Марат Маркаў накіраваў удзельнікам прывітальны адрас, які зачытала кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вераніка Шышкоўская. Марат Сяргеевіч выказаў упэўненасць, што форум паспрыяе пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва, будзе платформай для новых ідэй і доўгатэрміновых партнёрскіх сувязей.

 

ДЫНАМІЧНЫ РЭСУРС

Ключавы пункт праграмы — міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Найбольшую ўвагу ўдзялілі тэме “Роля народнай мастацкай творчасці ў фарміраванні культурнай спадчыны і міжкультурнага дыялогу”. Асноўная ідэя — неабходнасць пераасэнсавання традыцыйнай культуры як жывога, дынамічнага рэсурсу, здольнага не толькі несці нацыянальную ідэнтычнасць, але і служыць мостам паміж культурамі, інструментам камунікацыі і развіцця.

Так, аўтэнтычныя рамёствы, музыка, фальклор, абрады цяпер не проста аб’екты культурнай памяці — яны становяцца актуальнымі сродкамі дыялогу, які злучае розныя этнасы і цывілізацыі. Праца канферэнцыі паказала, што краіны-ўдзельніцы робяць істотныя крокі ў гэтым напрамку. У прыватнасці, адзначаны намаганні па стварэнні і пастаянным папаўненні нацыянальных рэестраў элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адпаведнасці з канвенцыяй ЮНЕСКА. Дэлегаты падкрэслілі, што захаванне нацыянальных і рэгіянальных культурных традыцый патрабуе дзяржаўнай падтрымкі.

Важным аспектам абмеркавання таксама было развіццё метадаў турыстычнага выкарыстання нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыны, якая можа стаць галоўным фактарам фарміравання этнічнай і цывілізацыйнай ідэнтычнасці.

 

МАСТЫ КАМУНІКАЦЫІ

Адмысловае месца заняло пытанне аб ролі традыцыйнай музычнай культуры ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці і наладжванні міжкультурнага дыялогу. Даклады датычыліся школ майстроў па вырабе народных музычных інструментаў і навучанні ігры на іх; уплыву музычнай культуры на сучасную музычную індустрыю; бытавання эпічных традыцый у паўночных і паўднёвых рэгіёнах Расіі, Азербайджана, Казахстана, Арменіі.

Узнікла дыскусія: народныя звычаі ва ўмовах глабалізацыі з’яўляюцца мостам камунікацыі ці мяжой, якая абараняе культурную ўнікальнасць? Удзельнікі прыйшлі да высновы, што захаванне традыцый і развіццё міжкультурных сувязей — узаемадапаўняльныя задачы.

 

НАРОДНЫ КАЛАРЫТ

Сярод сёлетніх навінак форуму — выстава-кірмаш “Народны каларыт”. Яна аб’яднала ўмельцаў з усёй краіны і стала пляцоўкай для дэманстрацыі багацця нацыянальных рамёстваў — ад вышыўкі і ткацтва да керамікі, разьбы па дрэве і саломапляцення.

Але кірмаш не спыніўся на паказе і продажы прадметаў: галоўным было жывое ўзаемадзеянне адмыслоўцаў і наведвальнікаў, абмен досведам, прасоўванне рамёстваў як актуальнага элемента сучаснага культурнага працэсу.

Яскравым аздабленнем міжнароднага свята паслужылі разнастайныя майстар-класы, канцэрты, фальклорна-абрадавыя праграмы. Увагу таксама прыцягнула экспазіцыя Нацыянальнага музея Рэспублікі Дагестан імя Алібека Таха-Годзі “Мой Дагестан”. Увесь комплекс мерапрыемстваў працаваў на цэласнае ўспрыманне традыцыйнай культуры, стымуляваў цікавасць да яе сярод спецыялістаў і шырокай аўдыторыі.

 

ЗАХОЎВАЦЬ І РАЗВІВАЦЬ

Міжнародная сустрэча ў Магілёве пацвердзіла: зберажэнне традыцыйнай культуры — глабальны выклік, які патрабуе сумесных намаганняў, абмену досведам і ўкаранення інавацыйных падыходаў. Дзявяты форум стаў значнай пляцоўкай для фарміравання стратэгій, умацавання міждзяржаўных кантактаў і пошуку пунктаў судакранання спадчыны і сучаснасці.

Менавіта праз захаванне і развіццё традыцыйнай культуры, праз дыялог і паразуменне нацый можна пабудаваць больш гарманічную і ўстойлівую будучыню.

Крысціна БАШАРЫМАВА, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр
народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Фота з архіва ўстановы