Сталіца Беларусі стала пляцоўкай для яркай падзеі — Дзён культуры Рэспублікі Таджыкістан. З 27 па 28 красавіка мінчане і госці горада змаглі акунуцца ў самабытны свет таджыкскага мастацтва, пазнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі ўсходняй краіны ў кінематографе, жывапісе і музыцы.

Да пачатку маштабнай творчай праграмы адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Марата Маркава і міністра культуры Рэспублікі Таджыкістан Матлубахон Сатарыён.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі работнікі абодвух ведамстваў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Таджыкістана ў Беларусі Бахтавар Сафарзода, іншыя афіцыйныя асобы.
На парадку дня — пытанні развіцця супрацоўніцтва. Нашы дзяржавы звязвае шчырае сяброўства, заснаванае на ўзаемнай павазе. Вялікую ролю ў ім адыгрываюць добрыя адносіны паміж лідарамі краін — Аляксандрам Лукашэнкам і Эмамалі Рахмонам.

Беларускі бок адзначыў устойлівую цікавасць нашай публікі да таджыкскай культуры. Яе прадстаўнікоў заўсёды рады бачыць на такіх міжнародных фестывалях, як “Славянскі базар у Віцебску”, “Белая вежа”, “Лістапад”. Госці таксама выказалі глыбокую зацікаўленасць у плённым супрацоўніцтве.
Прагучалі прапановы па абмене вопытам у галіне лічбавых тэхналогій, па ўзаемадзеянні паміж установамі адукацыі сферы, па арганізацыі гастролей тэатраў і музейных выстаў. Замежная дэлегацыя спынілася на тэме захавання гістарычнай спадчыны, падкрэсліўшы каштоўнасць напрацовак нашай краіны ў гэтым кірунку.
Асаблівую ўвагу на перамовах надалі сумеснай рабоце ў кінематаграфіі.

Дні таджыкскай культуры стартавалі з экспазіцыі: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі творы сучасных таджыкскіх мастакоў. Наведвальнікі змаглі паглядзець на 38 карцін, што адлюстроўваюць як абстрактныя формы, так і матывы, напоўненыя каларытам азіяцкай дзяржавы.

У кінатэатры “Перамога” праходзілі Дні таджыкскага кіно. Іх адкрыў фільм “Жыццё цудоўнае” — гісторыя пра падлетка, які імкнецца аб’яднаць сваю сям’ю. Каб спраўдзіць мару, хлопчык бярэ на сябе адказнасць за рашэнне ўсіх праблем. Акрамя гэтай стужкі, былі паказаны работы “У пошуках ісціны” і “Сцяжына гневу”.

Кульмінацыяй яскравай праграмы, якую прывёз у Мінск творчы дэсант з сяброўскай краіны, стаў гала-канцэрт майстроў мастацтваў у Палацы Рэспублікі. Перад пачаткам шоу ў фае працавала тэматычная выстава. На сцэну выйшлі народныя і заслужаныя артысты Таджыкістана ў суправаджэнні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Выканаўчага апарату Прэзідэнта Таджыкістана. Імпрэза парадавала як аўтэнтычнымі мелодыямі, так і любімымі сусветнымі хітамі.
Служба інфармацыі “К”