Фінал V Адкрытага рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць” пройдзе 4 красавіка ў канцэртнай зале “Мінск”. На сцэну выйдзе амаль тысяча ўдзельнікаў з Беларусі і Расіі.

“Час танцаваць” — маштабны сацыяльна-значны праект, арганізатарам якога з’яўляецца Рэспубліканскі культурнаасветніцкі цэнтр Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Місія конкурсу— выяўленне і падтрымка найбольш таленавітых, перспектыўных выканаўцаў і калектываў, а таксама ўмацаванне міжкультурных сувязей з краінамі блізкага і далёкага замежжа — рэалізуецца з заўважнымі поспехамі. Так, за 2022—2025 гады дзякуючы спаборніцтву аб сваім таленце заявілі больш за 2500 артыстаў з розных гарадоў Беларусі і замежжа.
— Падрыхтоўка да конкурсу вядзецца бесперапынна. Для Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра “Час танцаваць” — адзін з самых важных праектаў, — падкрэслівае дырэктар РКАЦ Аляксандр Сідарэнка. — І нягледзячы на чатырохгадовы вопыт правядзення, працягвае ўзбагачацца новымі падыходамі і цікавымі рашэннямі.
РАЗМАХ УРАЖВАЕ
Па словах кіраўніка цэнтра, на ўдзел у юбілейным спаборніцтве паступіла амаль 300 заявак.

— З кожным годам колькасць іх, як і цікавасць да нашай пляцоўкі, прыкметна ўзрастае, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка. — Сёлета ў фінале ўбачым 115 нумароў. Пераможцаў вызначаць у пяці намінацыях: класічны, сучасны, эстрадны, бальны і народны танцы, апошні — нязменны лідар па колькасці пастановак.
На сцэну выйдуць звыш 40 калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі. Заяўлены ўдзельнікі з Расійскай Федэрацыі: Тэатр народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў прадставіць кампазіцыі “Как у наших у ворот” і “Орловская матаня”.

Лаўрэатам I, II і III ступеняў і пераможцам у пяці намінацыях уручаць дыпломы і памятныя прызы. Апошнія з нагоды юбілею атрымаюць таксама грашовую прэмію. Уладальніка гран-пры чакае ўзнагарода ў памеры 200 базавых велічынь, якая значна дапамагае паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу танцораў.
Яркі прыклад — пераможца 2025-га Stay Dance Project, што выступаў у намінацыі “Сучасны танец”. Дзякуючы гран-пры калектыў стварыў новыя касцюмы і закупіў якаснае гукавое абсталяванне.
Прадугледжаны і спецыяльныя прызы: “За захаванне і развіццё традыцый народнага танца”, “За найлепшую балетмайстарскую работу” і “За ўвасабленне ў танцы вобраза беларускай жанчыны” — сёлетняе прыгожае новаўвядзенне.

ГРУНТОЎНЫ ПАДЫХОД
Ацэньваць выканаўцаў будуць сапраўдныя аўтарытэты ў свеце айчыннай харэаграфіі: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская — старшыня камісіі; народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў; старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКМ Раман Кавалёў; прафесійны балетмайстар Аляксей Кісялёў ды іншыя.
Частковая ратацыя членаў журы, дарэчы, адбываецца штогод. Але збольшага склад застаецца нязменным: такая практыка дазваляе экспертам бачыць важныя тэндэнцыі развіцця айчыннага танцавальнага мастацтва, даваць ім грунтоўную адзнаку.
Падыход судзейскай калегіі — глыбока прадуманы і шматгранны. Увага надаецца не толькі тэхнічнаму аспекту выканання, але і акцёрскаму майстэрству, касцюму, тэме і ідэі твора ды агульнай арганічнасці.

— Маштабы конкурсу растуць, і мы ўжо шукаем шляхі яго аптымізацыі, — расказаў дырэктар РКАЦ. — Налета спаборніцтва разгорнецца ў абноўленым фармаце: спачатку — адборачны этап, затым — два дні паўфіналу, а на завяршэнне — грандыёзны гала- канцэрт пераможцаў у намінацыях.
ПРЫГОЖА І ПАЗНАВАЛЬНА
Неад’емны элемент праекта — насычаная адукацыйная праграма, накіраваная на павышэнне прафесійнага ўзроўню выканаўцаў і балетмайстраў. Арганізуюцца як тэарэтычныя, так і практычныя заняткі. Цэнтральныя тэмы семінараў — тэхналогіі ўвасаблення харэаграфічнага твора, узаемасувязь музыкі і танца, асаблівасці выбару выразных сродкаў і прымянення балетмайстарскіх прыёмаў.
Сёлета зладзяць два майстар-класы: “Беларускія ілюстрацыйна-выяўленчыя танцы” ад магістра мастацтвазнаўства Любові Новік і “Цела танцора як інструмент выразнасці: ад фізікі руху да сэнсу” ад выкладчыка кафедры харэаграфіі БДУКМ Сабіны Мунасыпавай.
Другі этап заняткаў стартуе ўвосень. У ролі вучняў — кіраўнікі і харэографы ансамбляў. Далучыцца да семінараў могуць і тыя, хто не ўдзельнічаў у конкурсе.

ДЛЯ ЗАЦІКАЎЛЕНЫХ
Грандыёзны і яркі фінал могуць наведаць усе ахвочыя: падрабязная праграма размешчана на афіцыйным сайце канцэртнай залы “Мінск”.
— Запрашаем усіх на заключны канцэрт! Гэта ўнікальная магчымасць літаральна за адзін дзень пазнаёміцца з вялізнай колькасцю калектываў і разнапланавых нумароў, — падкрэсліў Аляксандр Сідарэнка. — Прадугледжана таксама анлайн-трансляцыя ў Instagram-акаўнце праекта.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва арганізатараў конкурсу