Мастацтва крочыць па краіне

Апублiкавана: 03 красавiка 2026 Стужка Тэатры не указан Культурная карта

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Рэспубліканская акцыя “Культурная карта”, ініцыяваная Міністэрствам культуры, працягвае натхняльнае падарожжа. Ідэя праекта нязменная — адкрыць жыхарам розных рэгіёнаў Беларусі багаты і разнастайны свет прафесійнага мастацтва, наладзіць жывы дыялог паміж артыстамі і публікай.

 

У ПРАСТОРЫ ФАНТАЗІІ

Сёлета ў ліку першых у вандроўку адправіўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Пачатак гастролей прыйшоўся на Магілёўшчыну: 6 лютага ў Вяйнянскім Цэнтры культуры і вольнага часу юныя гледачы апынуліся ў прасторы тэатральнай фантазіі. Коласаўцы прывезлі пастаноўку паводле п’есы беларускага драматурга Васіля Ткачова “Як воўк мамай быў”.

Знаёмы з дзяцінства сюжэт пра Ваўка і Цяля тут загучаў па-новаму — дзякуючы гумару, нечаканым паваротам і каларытным героям. Какетлівая Лісачка, заўсёды галодны Дзік, чуллівая Козачка — кожны персанаж са сваім норавам. Паступова казка ператвараецца ў тэатральную забаву, і дзеці не толькі назіраюць за падзеямі, але і ўдзельнічаюць у іх.

Вясновы маршрут коласаўцаў працягнуўся ў Лепелі, дзе 13 сакавіка акцёры паказалі спектакль “Шэрая Шыйка” паводле п’есы Васіля Ткачова, напісанай па матывах вядомага апавядання Дзмітрыя Маміна-Сібірака. Гэта кранальная гісторыя пра качачку, якая з-за траўмы крыла вымушана застацца на зімовым возеры, калі яе сябры адлятаюць у цёплыя краіны. Побач — верны Заяц, а недзе паблізу падсцерагае хітрая Ліса. Спектакль напоўнены лірычным настроем, музыкай і пяшчотным гумарам. Твор нагадвае пра простыя, але важныя рэчы: смеласць, дабрыню і тое, што шчырае сэрца заўсёды знаходзіць падтрымку.

Наперадзе выступленні ў Слаўгарадскім і Мсціслаўскім раёнах, летам калектыў чакаюць у Клімавічах, а восенню — у Кіраўску.

 

КЛАСІКА БЕЗ МЕЖ

Да акцыі далучыўся і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Сустрэчы з рэгіянальнымі гледачамі артысты пачалі ў Брагіне.

У раённым Доме культуры быў прадстаўлены праект “На скрыжаванні музычных падзей: опера — гэта модна, опера — гэта моцна!”, падрыхтаваны галоўным рэжысёрам тэатра Ганнай Маторнай на грант Прэзідэнта.

Публіка пачула вядомыя арыі і ансамблі з класічных твораў. Магутныя галасы салістаў, выразнасць і энергія выканання напаўнялі прастору сапраўдным дыханнем оперы. Жывая, эмацыйная імпрэза не ўспрымалася як нешта далёкае і ўрачыстае, падавалася лёгка, са сцэнічнай свабодай, якая адразу захапляе нават тых, хто сустракаецца з такім мастацтвам упершыню.

Менавіта ў гэтым галоўная ідэя праекта — паказаць, што вялікае не ведае меж і можа гучаць аднолькава шчыра ў любых абставінах.

27 сакавіка трупа адправілася ва Узду. Далей — Івацэвічы, Петрыкаў і Нароўля.

 

ДАРЫЦЬ РАДАСЦЬ

З місіяй дарыць радасць у культурную вандроўку накіраваўся Маладзёжны тэатр эстрады. Першым прыпынкам стаў горад Мінскай вобласці Мядзел, дзе 11 сакавіка творцы паказалі музычную казку “Катавасія і Пёсасторыя”.

Спектакль яркі, дынамічны і поўны жартоўнага настрою. Але праз вясёлыя прыгоды герояў паступова раскрываецца важная думка: варта вучыцца слухаць і разумець адзін аднаго. Менавіта таму пастаноўка лёгка знаходзіць дарогу да сэрцаў і дзяцей, і дарослых, пакідаючы цёплыя, светлыя адчуванні.

У маршруце тэатра новыя гарады: 29 красавіка артысты выйдуць на сцэну ў Крупках, 28 мая — у Воранаве, а пазней — і ў іншых кутках краіны. Акрамя дзіцячай казкі, у афішы — канцэртныя нумары калектываў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Стацэнка.

 

НЕЧАКАНЫЯ ПРЫГОДЫ

Адчыняе дзверы ў самыя нечаканыя прыгоды Тэатр-студыя кінаакцёра, які прадстаўляе музычную казку “Аліса ў Залюстроўі” паводле твора Льюіса Кэрала.

Першымі падчас гастроляў яе ўбачаць наведвальнікі Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры 6 красавіка. Гісторыя, добра знаёмая многім, прысвечана юнай летуценніцы Алісе, якая трапляе ў дзівосны свет Залюстроўя. Тут стандартная логіка губляе сілу, а фантазія набывае ўласныя правілы. Побач з дзяўчынкай з’яўляюцца незвычайныя спадарожнікі — вясёлыя Траляля і Труляля, легкадумная Белая каралева, мудры Шалтай-Балтай, строгая Чорная каралева і адважны Белы рыцар. Расповед нагадвае: нават у самым дзіўным свеце важна не страціць смеласць, кемлівасць і веру ў сябе.

У гастрольнай афішы трупы і яшчэ адна пастаноўка — спектакль “Рабаванне апоўначы”, які пакажуць у Слуцку 13 мая. Пасля артысты завітаюць у Браслаў, Паставы, Пружаны і Мазыр.

***

Гэтыя тэатры — толькі частка ўдзельнікаў маштабнай рэспубліканскай акцыі. Крок за крокам “Культурная карта” пашырае геаграфію, аб’ядноўваючы рэгіёны, таленты і гледачоў. Наперадзе — новыя сустрэчы, прэм’еры і адкрыцці. І кожная імпрэза яшчэ раз пацвярджае: сапраўднае мастацтва знаходзіць водгук усюды, дзе ёсць цікавасць да культуры і жаданне дакрануцца да яе жывой сілы.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіваў тэатраў