Беларусь і Расія: дыялог культур

Апублiкавана: 19 сакавiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Беларусь — Раcія

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі прайшло 3 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. У мерапрыемстве паўдзельнічалі міністр культуры Беларусі Руслан Іосіфавіч Чарнецкі, намеснік міністра культуры Расіі Андрэй Уладзіміравіч Малышаў, міністр культуры Татарстана Ірада Хафізянаўна Аюпава, супрацоўнікі ведамстваў, кіраўнікі ўстаноў культуры.

 

СЛОВА — МІНІСТРУ

Спачатку Руслан Чарнецкі павітаў удзельнікаў пасяджэння і пажадаў усім плённай працы, а гасцям — яшчэ і задавальнення ад знаходжання ў нашай краіне. Дарэчы, праца насамрэч атрымалася грунтоўнай: былі падведзены вынікі выканання плана супрацоўніцтва паміж міністэрствамі Беларусі і Расіі на 2025 год.

— Праграмны дакумент уключыў 75 мерапрыемстваў, — нагадаў Руслан Іосіфавіч. — Усе яны выкананы, праекты рэалізаваны ў поўным аб’ёме. Фактычнае ж супрацоўніцтва аказалася больш прадуктыўным і выйшла за межы плана.

Сярод самых значных форумаў у рамках Саюзнай дзяржавы міністр культуры Беларусі назваў свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), да якога летась далучылася 27 расійскіх рэгіёнаў, і XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, які прыняў дэлегацыі з 16 абласцей. Руслан Чарнецкі выказаў упэўненасць, што і надалей кола сяброўства будзе пашырацца.

У сваім дакладзе кіраўнік ведамства спыніўся на супрацоўніцтве ў музейнай сферы, дзе ключавымі формамі работы сталі маштабныя сумесныя выставы, форумы і праграмы па абмене вопытам.

Важныя напрамкі ўзаемадзеяння — захаванне гістарычнай спадчыны, патрыятычнае выхаванне моладзі, праекты ў бібліятэчнай справе, кінаіндустрыі і выканальніцкіх мастацтвах. У якасці прыкладу міністр назваў шэраг абменных спектакляў, паказаных беларускімі тэатрамі на расійскіх сцэнах і наадварот, супольную стужку “Чорны замак”, што прынесла стваральнікам узнагароду І Еўразійскай кінапрэміі “Брыльянтавы матылёк” у намінацыі “Найлепшы кампазітар”, і здымкі карціны “Бацька Мінай. Партызанская легенда”, якія ажыццяўляюцца “Беларусьфільмам” і расійскай студыяй “Ваенфільм”.

— Зразумела, не магу не сказаць пра наш легендарны ансамбль “Песняры”, які ў 2025 годзе правёў маштабны гастрольны тур са 121 канцэрта ў 60 гарадах Расіі! — зазначыў Руслан Чарнецкі. Разам з тым, па яго словах, яшчэ ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемнага збліжэння, інтэграцыі сфер культуры.

 

РАСІЙСКІ ПОГЛЯД

Намеснік міністра культуры Расіі Андрэй Малышаў лічыць, што сувязь паміж народамі нашых краін парушыць немагчыма. Гэтую выснову пацвярджае цеснае і плённае супрацоўніцтва ў галіне культуры:

— У нас адна мінуўшчына, адна спадчына, адны каштоўнасці, — упэўнены Андрэй Уладзіміравіч. — Сённяшняе мерапрыемства яшчэ раз падкрэслівае, што мы крочым у патрэбным напрамку, моцна ўзяўшыся за рукі.

У рамках пасяджэння здарыўся важны момант у сферы інтэграцыі. Міністр культуры Татарстана Ірада Аюпава і міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі падпісалі дарожную карту па выкананні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ведамствамі. Ірада Хафізянаўна заявіла:

— На працягу апошніх шасці гадоў у нас дзейнічае вялікая сумесная праграма па супрацоўніцтве з установамі культуры Рэспублікі Беларусь.

Так, па словах Ірады Аюпавай, заўсёды з задавальненнем прыязджае на гастролі ў нашу краіну Казанскі акадэмічны рускі Вялікі драматычны тэатр імя В. Качалава — спектаклі наведала больш за 60 тысяч беларускіх гледачоў. З аншлагамі на арэне Белдзяржцырка праходзіла праграма “Мірас” татарскай трупы. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва паміж музеямі.

— У Татарстане ёсць чатыры аб’екты Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якія супрацоўнічаюць з установамі Беларусі, — паведаміла міністр. — У вас вельмі эфектыўныя інструменты выкарыстання помнікаў Сусветнай спадчыны. Мір, Нясвіж — гэта ўнікальныя аб’екты і ўнікальны вопыт, які мы пераймаем і прымяняем у сваёй працы.

У планах на гэты год дэманстрацыя на расійскіх пляцоўках маштабнага беларускага праекта — канцэрта-рэквіема “Кожны трэці”. Андрэй Малышаў упэўнены, што гэта найлепшы прыклад таго, як сучаснымі візуальнымі сродкамі магчыма трансліраваць каштоўнасную мадэль і даносіць да юных грамадзян сапраўдную гісторыю.

 

АБМЕН ВОПЫТАМ

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй наладжана ў розных кірунках: у тэатральным, цыркавым і выяўленчым мастацтвах, кінаіндустрыі, адукацыі, музейнай і бібліятэчнай дзейнасці. Прыкладам, у бібліятэчнай сферы існуе глыбокая інтэграцыя на ўзроўні нацыянальных і рэгіянальных устаноў, арыентаваная на стварэнне адзінай інфармацыйнай і культурнай прасторы.

— Нацыянальная бібліятэка Беларусі, — распавёў генеральны дырэктар Вадзім Гігін, — мае 28 пагадненняў аб супрацоўніцтве з рознымі найбуйнейшымі ўстановамі культуры, адукацыі і навукі Расіі, у рамках якіх прадугледжваецца абмен бібліятэчнымі дакументамі, публікацыямі і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі, супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы.

Па словах Вадзіма Францавіча, у 2025-м Нацбібліятэка сумесна з прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Мінску арганізавала цыкл лекторыяў “Вехі Вялікай Айчыннай вайны”, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі, пры ўдзеле вядучых даследчыкаў з дзвюх краін.

— Наша супрацоўніцтва доўгатэрміновае і плённае, — упэўнены генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Вадзім Дуда. — Важна тое, што яно ажыццяўляецца на ўзроўні як галоўных устаноў культуры, так і рэгіянальных — абласных, краявых, раённых і нават сельскіх. Мы карысныя адны адным — і гэта цудоўна!

 

РЭГІЁНЫ

Як зазначыў у дакладзе Руслан Чарнецкі, у мінулым годзе дынамічна развівалася рэгіянальнае супрацоўніцтва: прадстаўнікі ўстаноў культуры і творчых калектываў Беларусі ўзаемадзейнічалі з 84 суб’ектамі Расіі. На працягу года было зладжана больш за 600 сумесных мерапрыемстваў!

Шырока праводзяцца Дні культуры Беларусі ў рэгіёнах суседняй дзяржавы. Напрыклад, маштабная праграма ў Смаленскай вобласці ўключала выставу работ нашых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дакрануцца да спадчыны душой”, паказы кінастужак “Беларусьфільма”, святочны канцэрт з удзелам айчынных творчых калектываў і салістаў ды многае іншае.

— Цэнтральная тэма рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы культуры — Вялікая Перамога і захаванне гістарычнай памяці, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька. — Такому выбару спрыяе размешчаны на тэрыторыі Міншчыны мемарыяльны комплекс “Хатынь” і яго філіялы “Курган Славы” і “Дальва”. Іх у мінулым годзе наведалі тысячы расіян, у тым ліку студэнты і школьнікі.

Да таго ж, па словах Алы Канстанцінаўны, удала гастралююць па суседняй дзяржаве трупа Мінскага абласнога драматычнага тэатра і капэла “Санорус”, вядзецца абмен вопытам паміж бібліятэкамі. Ёсць планы і на гэты год. Так, дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні ў 2026-м Дзён культуры Беларусі ў Самарскай вобласці, а таксама Дзён культуры Смаленскай вобласці ў нас.

 

АДУКАЦЫЯ

Як заявіла падчас выступлення начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Марына Юркевіч, супрацоўніцтва паміж краінамі па яе профілі ў 2025 годзе было накіравана на стварэнне адзінай культурна-адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, інтэграцыю вучэбных праграм і падтрымку маладых талентаў.

Так, арганізавана сумесная работа з 27 федэральнымі ВНУ Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Арла, Кемерава, Саратава, Чэлябінска, Екацярынбурга, Казані, Петразаводска і іншых населеных пунктаў. Да прыкладу, 12 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прайшлі навучанне ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце культуры. А ўніверсітэт прыняў 12 чалавек з расійскай ВНУ.

Аналагічны абмен адбыўся ў БДУКМ з Гжэльскім універсітэтам і Маскоўскім дзяржаўным інстытутам культуры.

Рэалізаваны міжнародны праект “Харавы саюз”, у якім паўдзельнічалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных.

Ініцыятыва “Дыялог культур — масты сяброўства” з’яднала маладых выканаўцаў нашай краіны, Петразаводска і Алматы.

Канцэрты на вядомых пляцоўках Масквы і Мінска ладзіліся ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы “Гастролі Маладзёжнага аркестра”. Калектыў складаецца са студэнтаў музычных ВНУ Расіі ды Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Такія сумесныя мерапрыемствы спрыяюць раскрыццю патэнцыялу студэнтаў; гэта — выдатны вопыт для выканальніцкага майстэрства, — лічыць рэктар БДАМ Алена Куракіна.

 Адной з найбольш яскравых падзей названы фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. Летась ён прайшоў у Маскве на пляцоўцы IV Міжнароднага дзіцячага культурнага форуму. У рамках фестывалю адбыліся майстар-класы, індывідуальныя заняткі і творчыя лабараторыі з вядучымі педагогамі расійскіх ВНУ, а таксама сустрэчы са знакамітымі артыстамі. Да мерапрыемства далучылася больш за 200 чалавек!

 

УЗНАГАРОДЫ

Нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўзнагароджаны міністр культуры Татарстана Ірада Аюпава і намеснік міністра культуры Расіі Андрэй Малышаў.

— У Беларусі мы адчуваем сябе ў дружалюбнай атмасферы. Нас вельмі многае аб’ядноўвае, — зазначыла Ірада Хафізянаўна.

 

“СІМФОНІЯ...”

Мультымедыйны канцэрт “Сімфонія інавацый” прагучаў у Палацы Рэспублікі. Сюжэт будуецца вакол дыялогу музычных геніяў мінулага — Сяргея Рахманінава, Аляксандра Скрабіна, Сяргея Пракоф’ева — і дапаўняецца інавацыямі XXI стагоддзя. Імпрэза прадэманстравала, як перадавыя тэхналогіі могуць спалучацца з культурнай спадчынай.

У Расіі прэм’ера ўнікальнага шоу адбылася летась у Маскве на падмостках Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра. Паказы таксама арганізавалі ў Санкт-Пецярбургу.

У нашай краіне “Сімфонія інавацый” прадстаўлена ўпершыню. На сцэне Палаца Рэспублікі — выступленне робата-дырыжора з рэальнымі артыстамі і вядомыя расійскія класічныя творы ў выкананні галаграм, згенерыраваных штучным інтэлектам. Спалучэнне класічнай музыкі з тэхналогіямі па-новаму адкрывае багатую спадчыну і выклікае вялікую цікавасць аўдыторыі, асабліва моладзі. Канцэрт прайшоў у суправаджэнні Маскоўскага дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Івана Рудзіна.

 

ДНІ КУЛЬТУРЫ

Пры падтрымцы міністэрстваў культуры абедзвюх дзяржаў падрыхтавана серыя імпрэз у рамках Дзён культуры Расіі ў Беларусі. Так, у фае Палаца Рэспублікі разгарнулася тэматычная выстава “Дыялог мастацтва і тэхналогій”. Яна прысвечана жыццю вялікіх рускіх кампазітараў, творы якіх гучаць у “Сімфоніі інавацый”. У экспазіцыю ўвайшлі партрэты, візуальныя прыклады пастановак і гісторыі, якія змянілі музычны свет.

Спецыяльна для гэтых Дзён культуры кампаніяй “Раскіно” арганізаваны Фестываль расійскага кіно. У мінскім кінатэатры “Масква” і брэсцкім “Беларусь” прадстаўлены фільмы розных гадоў: “Авіятар”, “Беларускі вакзал”, “Бураціна”, “Ваўчок”, “Доктар Дыназаўраў”, “Ідзі і глядзі”, “Кракен”, “Ляўша”, “Чабурашка 2”.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА