Нягледзячы на тое, што да канца навучальнага года яшчэ ёсць час, большасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ ужо вызначылася з прафесіяй. Засталося зусім крышачку: выбраць каледж ці ўніверсітэт, азнаёміцца з умовамі прыёму і навучання ды паглыбіцца ў падрыхтоўку да ўступных іспытаў.

Звычайна ў ВНУ і ССНУ краіны ў суботу на веснавых школьных канікулах — сёлета гэта было 21 сакавіка — праходзіць дзень адчыненых дзвярэй. Традыцыйна будучых абітурыентаў чакаюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў каледжах нашай галіны.
ДЗВЕРЫ АДЧЫНЕНЫ!

Акрамя як у агульнапрызначаную дату, дні адчыненых дзвярэй праводзяцца некалькі разоў на год. Так, да прыкладу, у БДУКМ на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый ужо зладзілі сустрэчу з будучымі абітурыентамі.

Такое ж мерапрыемства арганізавалі і ў Акадэміі мастацтваў на двух факультэтах — мастацкім, а таксама дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Педагогі лічаць, што падрыхтоўку да творчага іспыту варта пачынаць як мага раней, а каб яна была прадуктыўнай, добра б ведаць, якія патрабаванні прад’яўляюцца да работы.
Падчас сустрэчы школьнікі сталіцы, раённых і іншых населеных пунктаў дазналіся, на што ў першую чаргу звяртаць увагу, якія хады ўжываць непажадана і як падаць сябе ў найбольш выгадным святле.
— Мне спадабалася, як усё дакладна і зразумела распавёў адказны сакратар прыёмнай камісіі Андрэй Анісько, — дзеліцца ўражаннямі мінчанка Лізавета Макарэвіч. — З улікам яго слоў буду карэкціраваць падрыхтоўку.
Як паведаміла дзяўчына, ёй прыйшлася па душы атмасфера творчасці і добразычлівасці, што пануе ў акадэміі. Але каб не памыліцца ў важным кроку, Лізавета плануе яшчэ з’ездзіць на аналагічную падзею ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
НА СВАЕ ВОЧЫ

У межах рэспубліканскай акцыі “Я выбіраю прафесію” адзіны дзень адчыненых дзвярэй правялі 21 сакавіка і ў БДУКМ. Гэта ключавое мерапрыемства для тых, хто марыць звязаць жыццё з мастацтвам і культурай.
Замест звычайных экскурсій універсітэт прапанаваў маштабную прэзентацыю ўсіх сваіх магчымасцей. У адным месцы былі прэзентаваны ўсе факультэты і кафедры ўстановы.

Педагогі разам са студэнтамі зладзілі майстар-класы. Гэта не проста дэманстрацыя ўменняў, а жывое ўзаемадзеянне, калі кожны абітурыент зможа атрымаць першыя прафесійныя парады.
Галоўнай адметнасцю мерапрыемства стала тое, што ў ім паўдзельнічаді прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў.

Рэктар Наталля Карчэўская адзначае:
— Правядзенне дня адчыненых дзвярэй менавіта ў такім фармаце дазваляе паказаць жыццё ўніверсітэта незавуаляваным. Абітурыенты могуць пагутарыць з нашымі студэнтамі і выкладчыкамі, задаць ім самыя розныя пытанні — пра вучобу, патрабаванні педагогаў, стыпендыі, умовы пражывання ў інтэнатах, творчую рэалізацыю і самавыяўленне — і пачуць шчырыя адказы.
Яшчэ выкладчыкі і старшакурснікі не прамінуць выпадку арганізаваць сустрэчу з патэнцыйнымі абітурыентамі як у сярэдніх школах або школах мастацтваў, так і ў адукацыйных лагерах для падлеткаў.
МАЙСТАР-КЛАСЫ
Лічыцца, што дзень адчыненых дзвярэй — самы прадуктыўны метад прафарыентацыі. Тым не менш практыкуюцца і іншыя формы працы.
Прыкладам, педагогі Акадэміі мастацтваў даюць выязныя майстар-класы ў агульнаадукацыйных школах. Нядаўна такі ўрок па мазаіцы ў рамках прафмерапрыемства “Будучае выбіраю сёння!” у сталічнай СШ № 153 імя А. Талая правяла старшы выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Анастасія Чадзій.

— Каб вы бачылі, як у дзяцей гарэлі вочы! — не хавае задавальнення Анастасія Уладзіміраўна. — Спадзяюся сустрэць кагосьці з іх на занятках у нашых аўдыторыях ужо ў наступным годзе.

Да таго ж у Акадэміі мастацтваў з сакавіка на працягу чатырох месяцаў абітурыенты могуць атрымаць кансультацыю.
МУЗЫЧНЫ АЛІМП
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі — своеасаблівая вяршыня музычнай адукацыі. Сюды трапляюць найлепшыя юнакі і дзяўчаты, якія ўжо маюць пачатковую спецыяльную падрыхтоўку. Таму і прафарыентацыя будуецца па-іншаму.
Да прыкладу, штогод у студзені ладзіцца “Зімовая музычная акадэмія”. Падчас яе маладыя выканаўцы праходзяць інтэнсіўнае навучанне ў фармаце майстар-класаў па розных дысцыплінах. Удзельнікі атрымліваюць унікальную магчымасць папрацаваць з педагогамі і таленавітымі студэнтамі, што садзейнічае абмену вопытам і дорыць натхненне.

А летам старшы выкладчык кафедры духавых інструментаў і аркестравага дырыжыравання Аляксандр Шатаў збірае пад сваім крылом навучэнцаў каледжаў — баяністаў і акардэаністаў. На працягу тыдня створаны калектыў рэпеціруе, а потым іграе на адкрытых пляцоўках сталіцы.

Як зазначыў Аляксандр Уладзіміравіч, удзельнікі праекта лягчэй паступаюць у акадэмію: яны ўжо ведаюць патрабаванні выкладчыкаў, а педагогі, у сваю чаргу, ведаюць, на што здатныя гэтыя юныя музыканты.
Тут, дарэчы, як і ў іншых установах, ладзяцца дні адчыненых дзвярэй, майстар-класы і выязныя мерапрыемствы.
ПА НАКІРАВАННІ
ВНУ і ССНУ сферы культуры залічваюць абітурыентаў і па мэтавым накіраванні. Каб атрымаць яго, выпускніку школы варта ўжо сёння звярнуцца ва ўстанову, дзе ён мяркуе працаваць. Накіраванне могуць выдаць, калі адміністрацыя зацікаўлена ў канкрэтнай кандыдатуры ў якасці спецыяліста.

Аднак неабходна падкрэсліць: гэты дакумент не гарантуе паступленне, а дазваляе ўдзельнічаць у асобным конкурсе сярод мэтавікоў, што, як правіла, значна ніжэйшы за агульны.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіваў устаноў