Магчымасць рабіць фота сёння ёсць у кожнага. Зрэшты, карыстацца органамі зроку, як і аб’ектывам камеры, трэба ўмець... Такая выснова з’яўляецца па наведванні выставы “Наталля Дораш: фотамагія”, што праходзіць у галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Рэтраспектыва работ гродзенскай фотамастачкі, якая не так даўно адышла ў іншы свет, дазваляе падсумаваць яе важкі творчы даробак. Хаця ў экспазіцыю ўвайшла невялікая яго частка.

ЛЕТАПІС ПАЎСЯДЗЁННАГА
Наталлю Дораш называюць легендай “старой школы” беларускай фатаграфіі. Працуючы ў фотажурналістыцы, яна болей за паўстагоддзя здымала таксама і “для сябе”, часам атрымліваючы прызы на прэстыжных конкурсах. Яе здымкі не ўражваюць экзатычнымі краявідамі або пакручастымі сюжэтнымі калізіямі. Сітуацыі для сваіх фота Наталля Дораш ніколі не стварала наўмысна.

"Аўтапартрэт"
Па вялікім рахунку, яна фіксавала тое, што бачыла, хіба зрэдку і злёгку ўмешваючыся ў рэчаіснасць. Твары людзей, пейзажныя замалёўкі, часам нейкія цікавыя сцэнкі…
Мяркуючы па ўсім, аўтарка проста брала з сабою фотаапарат — і карысталася ім у той момант, калі адчувала ў гэтым патрэбу. Такім чынам, тэматычна яе фота мала чым адрозніваюцца ад тых, што знойдуцца ў кожнага на смартфоне — і якія ў той ці іншы спосаб адлюстроўваюць ход нашага жыцця, з яго падзеямі, сустрэчамі, падарожжамі.

Аднак далёка не кожны ўладальнік смартфона здатны адлюстроўваць сваю рэчаіснасць так, каб яго здымкі спараджалі магічны эфект у свядомасці іншых. І справа не толькі ў “тэхнічным” майстэрстве, якім, несумненна, валодала Наталля Дораш.

На выставе ёсць кадры, што заварожваюць хараством. Аднак нават яны зробленыя ў досыць звыклых для кожнага варунках. Незямной прыгажосці лес, які дублюецца ў адбітку на вадзе, быў убачаны фотамастачкай падчас чарговага восеньскага шпацыру ўздоўж Нёмана.
ДУХІ МЕСЦА
Выставу адкрывае серыя “Сны старога горада”. Наталля нарадзілася ў Гродне і пражыла там ладную частку жыцця. Адтуль і яе продкі. Дом, збудаваны дзядулем яшчэ да рэвалюцыі, дасюль стаіць у раёне Новы Свет. Адпаведна, яе погляд на цудоўны горад зусім не такі замілавана-турыстычны, як у большасці з нас. Фотамастачка распавядае пра Гродна як пра блізкага чалавека, якога паспела спазнаць і палюбіць куды глыбей, чым “шапачныя знаёмыя”.

"Сны старога горада"
Серыя можа падацца стракатай, эклектычнай паводле абраных сюжэтаў і фатаграфічных тэхнік. На некаторых здымках бачым рэальных сучасных гродзенцаў, на некаторых з’яўляюцца госці з мінулага (скажам, бацька-афіцэр…).
Часам на фота трапляюць і ўвогуле эфемерныя постаці: напрыклад, паўпразрысты анёл, які рушыць па сходах пад’езда старога дома. Візуалізаваныя genius loci (духі месца) і звыклыя праявы рэчаіснасці, уражальныя акурат сваёй канкрэтнасцю, таварышуюць на суседніх фота.
Часам бачым выразныя твары, а часам галоўным “героем” становяцца святло або цені, што падаюць на сцены камяніц. Ды такія размаітыя здымкі, нібы шкельцы, утвараюць тую стракатую мазаіку, якая толькі і здатная стварыць праўдзівы вобраз Гродна. Зразумела, гэта не парадны партрэт — хутчэй магчымасць куды больш блізкага знаёмства з горадам, дзе палімпсест падзей мінулага спалучаецца з днём цяперашнім, з яго святлом і ценямі.
ЛЮСТЭРКІ ПАЛЕСКАЙ ДУШЫ
Цягам чатырох дзесяцігоддзяў фотамастачка рэгулярна выпраўлялася ў вёску Букча, адкуль родам яе муж. Гэта Лельчыцкі раён, самая што ні ёсць глыбінка Палесся… Там спакваля нараджалася фотасерыя “Палешукі”, якая ненавязліва зафіксавала змену эпох і адыход у мінулае патрыярхальнага ладу жыцця. Наўрад ці сёння ўбачыш, як бабуля нясе ўнучку ў вялізным плеценым кашы…
Але ж аўтарку цікавілі найперш зусім не вабныя для этнографаў дзівосы. У цэнтры яе ўвагі — твары звычайных вяскоўцаў: малечы, людзей сталага веку, бабуль і дзядуль…

"Вясковае фотаатэлье"
Відаць, некаторыя партрэты Наталля Дораш рабіла непасрэдна “на пашпарт” (атэлье ж у сяле не было). Захаваўся і свайго кшталту “бэкстэйдж”. На “рабочых” здымках відаць не толькі бюст таго, каго фатаграфуюць, але і нацягнуты за яго спінай фон — прасціну (мо нават саматканую). Ён міла падкрэслівае штучнасць сітуацыі.
Здавалася б, што можна знайсці цікавага ў твары незнаёмага чалавека? Чым такі партрэт можа здзівіць або ўразіць? Аднак Наталля Дораш умела выхоплівае ў кожным позірку нешта няўлоўнае, выразнае і змястоўнае, ужо ў каторы раз прымушаючы згадаць крылатыя словы пра “люстэрка душы”.
НЕНАЎМЫСНЫЯ АЛЕГОРЫІ
Немалую частку здымкаў на выставе можна ўмоўна залучыць у катэгорыю “рэлігія”. Што вытлумачальна: аўтарка глыбока і шчыра верыла ў Бога, а яе муж Уладзімір ужо ў сталым веку стаў праваслаўным святаром.
Будучы яго спадарожніцай, матухна мела нямала магчымасцяў “злавіць” добрае фота. Вось бацюшка вясковым надвячоркам таропка рушыць па снезе насустрач ветру. Сюжэт досыць звыклы: святар ідзе асвячаць хату прыхаджанкі. Аднак яго постаць, якая нібы супраціўляецца стыхіі, выглядае алегарычна. Як і геаметрычна выразныя разоры на раллі, чые лініі перасякае сілуэт сціплай цэркаўкі…

Галерэя “Панарама” мае славу самай высокай выставачнай прасторы Беларусі — яна размешчаная на перадапошнім, 22-м паверсе Нацыянальнай біблліятэкі. Насупраць здымкаў Наталлі Дораш — вялізныя вокны, якія адкрываюць від на знаёмыя мінскія краявіды. Аднак, узіраючыся на іх пасля прагляду выставы, ловіш сябе на думцы, што звыклае цяпер бачыцца неяк па-новаму. І хіба гэта не фотамагія?
Экспазіцыя працягне працаваць да 15 красавіка.
Ілья СВІРЫН. Фота з выставы і Тэлеграм-канала "Национальная библиотека Беларуси"