Дзіўны свет пісанкі адкрыўся для жыхароў і гасцей сталіцы

Апублiкавана: 26 сакавiка 2026 Стужка Традыцыі Мінск Спадчына

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

У мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці сёння, 26 сакавіка 2026 года, дадзены старт сумеснаму з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур праекту "Велікодныя матывы".

 

— На выставе прадстаўлены работы каля 70 майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

— У іх ліку — два элементы з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: "Традыцыя роспісу велікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці" і "Выраб велікодных вербаў (пальмаў)", — расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Хачкова.

 

Частка экспанатаў — вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прысвечаныя Вялікадню.

 

А разыначка праекта — беларускія пісанкі, захаваная народная традыцыя ў яе матэрыяльным увасабленні!

Вельмі ўражваюць і самі пісанкі, і іх афармленне. Напрыклад, адна з майстроў зрабіла кошык, у які паклала спецыяльна прарошчаную з такой нагоды траўку.

— Сімвалічна атрымалася: маладыя парасткі — гэта як маладосць, вясна, і разам з размаляваным яйкам — як пачатак чагосьці новага, — заўважыла Вольга Барысаўна.

 Сённяшняе мерапрыемства — гэта "два ў адным": акрамя ўрачыстага адкрыцця экспазіцыі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур яшчэ прэзентаваў новую кнігу "Беларуская пісанка і яе свет. Майстры і традыцыі".

 

— Гэта ўнікальнае выданне, над ім мы працавалі шмат месяцаў, — распавяла дырэктар Цэнтра. — Кніга ўключае шматлікія інтэрв'ю майстроў, якія займаюцца пісанкай. Дарэчы, многія з іх прыехалі на адкрыццё выставы — у экспазіцыі прадстаўлены іх работы.

 

На старонках кнігі рупліўцы дзеляцца сваімі гісторыямі аб тым, што падштурхнула іх да гэтага віду творчасці, як у іх сем'ях захоўваюцца народныя традыцыі.

Вялікую цікавасць уяўляюць апавяданні ўмельцаў пра рарытэты, якія часам па выпадковасці траплялі да іх у рукі. Напрыклад, гаворка пра старадаўнія замалёўкі, па якіх майстры і аднаўлялі ўзоры, а затым ужо самі пачалі наносіць іх на велікодныя атрыбуты.

Выстава працягнецца да 19 красавіка.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА