Шматгранная і важная тэма

Апублiкавана: 15 сакавiка 2026 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

У шырокі пракат выйшла стужка “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”. Над карцінай, што прапанавала свежы погляд на Асноўны Закон нашай краіны, працавала каманда Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” на чале з Яўгенам Шлемянковым. Як стваралася кіно і чаму варта яго ўбачыць? Даведаліся ў рэжысёра.

 

У цэнтры карціны, знятай у 2025 годзе, — малады студэнт Макс, які шукае сваё месца ў свеце і сутыкаецца з тыповымі цяжкасцямі пераходнага ўзросту. Каб разабрацца ў сабе і зарабіць грошай, герой пачынае праходзіць незвычайную камп’ютарную гульню па вывучэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У віртуальнай прасторы ён сустракае дзяўчыну Аліну, створаную нейрасеткай, і нечакана закохваецца ў яе. Каханне ставіць перад ім новыя выклікі і прымушае па-іншаму зірнуць на каштоўнасці, адказнасць і стаўленне да свайго атачэння. Стужка раскрывае праблемы сталення, самапазнання і ролі закона ў жыцці кожнага чалавека праз прызму сучасных тэхналогій і інтэрактыўнага адукацыйнага фармату.

 

— Яўген Леанідавіч, як зарадзілася канцэпцыя гэтага фільма?

Першапачатковая задумка ляжала ў партфелі дакументальных праектаў студыі. І ў нас паўстала пытанне: як прадставіць тэму гледачу? У звычайнай, неігравой форме? Хацелася зрабіць нешта больш цікавае і захапляльнае, прыўнесці элементы мастацкага кіно. Вось так з’явіліся ідэя, а потым сцэнарый, над якім працавалі сумесна з Міністэрствам культуры.

— Наколькі складана звязаць нестандартны сюжэт з такой сур’ёзнай матэрыяй, як Канстытуцыя?

— Скажам прама: гэта быў сапраўдны творчы выклік. Але мы справіліся! Атрымаўся ўнікальны фільм, які не проста пераказвае артыкулы Асноўнага Закона, а паказвае іх практычнае прымяненне, ды яшчэ і закранае кібербяспеку.

— Чаму, дарэчы, загаварылі і пра яе?

— Гэты матыў сёння вельмі актуальны — і для ўсяго грамадства ў цэлым, і для мяне, бацькі трох дзяцей, у прыватнасці. Цяпер існуе мноства ашуканскіх схем, заснаваных на выкарыстанні сучасных сродкаў камунікацыі. У школьных чатах пастаянна бачу паведамленні аб тым, што падлеткаў спрабуюць уцягнуць у розныя афёры. Такое адбываецца літаральна кожны дзень!

Фільм выразна дэманструе, як злачынцы скажаюць прававыя акты, ператвараючы Закон ва ўсёдазволенасць, і што здараецца з ахвярамі мых і па іх дзеянняў. Асвятляецца некалькі агульнавядопулярных у грамадскім дыскурсе артыкулаў, а пра іх ужыванне на практыцы расказваецца ў кантэксце разнастайных жыццёвых сітуацый…

— Значыць, асноўная аўдыторыя карціны — моладзь?

— Мы сапраўды зрабілі стаўку на падрастаючае пакаленне, таму кіно займела рэйтынг “12+”. Усё ж праблемы, якія паднімаюцца ў стужцы, ужо знаёмыя большасці дарослых людзей. Але не думайце, што фільм атрымаўся простым для асэнсавання. Калі глядзець яго, адначасова гартаючы старонкі ў тэлефоне ці дрэмлючы, можна прапусціць шмат важнага. Тут трэба лавіць кожную фразу!

— Колькі занялі здымкі? Дзе яны праходзілі?

— Стартавалі на пачатку восені ў Мінску і працягнуліся менш за тыдзень. З гэтым этапам працы справіліся хутка!

— А сюжэт заставаўся нязменным, без адхіленняў ад першапачатковай ідэі?

— Да напісання сцэнарыя падышлі вельмі скрупулёзна, усё ж у цэнтры ўвагі — Канстытуцыйнае права, якое неабходна выкладаць дакладна, з апорай на факты. З такім падыходам патрэбы нешта мяняць проста не можа ўзнікнуць.

— Раскажыце, калі ласка, пра акцёрскі склад.

— Галоўную ролю сыграў Дзмітрый Стасюк, таленавіты артыст Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Антаганістку Аліну, якая прыкідваецца штучным інтэлектам, каб падмануць галоўнага героя, увасобіла навучэнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Паліна Давыдава.

Знайшла акцёраў кастынг-дырэктар Ірына Буглак, за што вялікі ёй дзякуй! Яны выдатна ўжыліся ў вобразы, выглядаюць вельмі натуральна і арганічна.

— Ці будзе ў карціны сіквел?

— Пакуль такія планы адсутнічаюць. Але ў цэлым тэма Канстытуцыі — бясконцая прастора ідэй і магчымасцяў. Тут, па сутнасці, няма ніякіх жанравых абмежаванняў. Можна зрабіць лёгкі анімацыйны фільм ці грандыёзны дакументальны метр, што крок за крокам пакажа ўсю гісторыю Галоўнага Закона Рэспублікі Беларусь.

— Летась на шырокі экран выйшла дылогія “Нашы сімвалы”, зрэжысіраваная вамі і Дзмітрыем Цыбулькам. Які праект даўся цяжэй?

— “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь” — на парадак складаней, бо мы свядома ўклалі ў стужку несумяшчальныя, як здаецца, рэчы. Падобных работ ніколі не сустракаў. У творчым выкліку і заключаўся ўвесь драйв для нашай каманды! Я б нават двайны жанр прыдумаў для карціны: “інтэлектуальнае моладзевае кіно” і “фільм-папярэджанне”. Вядома, можна было б абмежавацца простым, сухім выкладаннем артыкулаў Закона…

Але хацелася падаць гэтую гісторыю ў нестандартным фармаце, каб зачапіць падрастаючае пакаленне, дапамагчы падлеткам зразумець практычнае прымяненне прававых актаў. Таму спадзяюся, што глядач па заслугах ацэніць нашу працу і наватарскі падыход!

Віялета ГРЫНКЕВІЧ.
Кадры з архіва кінастудыі і Тэлеграм-канала "Сапраўдны БДУКМ"