Урачыстае адкрыццё Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі — 2026” і святочны канцэрт “Віцебскае Паазер’е — вытокі творчасці” адбыліся 27 лютага ў Паставах. Чым пацешыла Віцебшчына гасцей?

Удзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву "Бульбашыкі" Ігнат Падрэз і Валянціна Крывёнак (Глыбокае)
САРДЭЧНА ВІТАЕМ
У барацьбе за пачэснае пераходнае званне Паставы абышлі чатырох сапернікаў — Мазыр, Ваўкавыск, Асіповічы і Салігорск.
— Прысваенне гораду ганаровага статусу — вялікая ўдача і разам з тым вялікая адказнасць, — гаворыць начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Ірына Лойка. — Таму падрыхтоўку да прыёму шматлікіх гасцей пачалі загадзя. У Доме культуры, які цягам года будзе асяродкам галоўных падзей акцыі, правялі рамонт, набылі абсталяванне на суму больш за 145 тысяч рублёў, выдаткаваныя з раённага бюджэту.
На гэтым, зразумела, работы не закончыліся, задум і планаў яшчэ шмат — 2026-ы будзе багатым на маштабныя праекты, брэндавыя мерапрыемствы як са шматгадовымі традыцыямі, так і з новымі, распрацаванымі аўтарскімі калектывамі.
— Гэта паспрыяе папулярызацыі дасягненняў нацыянальнай культуры, прэзентацыі самабытнасці нашага краю, яго турыстычнага патэнцыялу, — адзначыла Ірына Францаўна.
ЗВІНЯЦЬ ЦЫМБАЛЫ
Адно з мерапрыемстваў, якое ладзіцца тут штогод, а сёлета будзе праведзена з большым размахам, — ХХХV Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”. Ён плануецца на чэрвень. У праграме чакаюцца новаўвядзенні, што пацешаць гледачоў.
— Пастаўчане шчыра любяць фальклор, — запэўніла Ірына Францаўна, — і зробяць усё, каб юбілейны фестываль народнай музыкі прывабіў як мага больш удзельнікаў не толькі з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і з замежжа.

Анатоль Собаль і Ванда Мацкевіч
(заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль "Паазер'е")
Дарэчы, першы такі фэст адбыўся ў 1987-м у Віцебску, двойчы ён ладзіўся ў Магілёве, а з 1992-га атрымаў пастаянную прапіску ў Паставах. У 1996-м займеў статус міжнароднага. Як паведаміла Ірына Лойка, удзел у ім бяруць аматарскія народна-інструментальныя калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы на народных інструментах, самадзейныя артысты — гарманісты, прыпевачнікі, фальклорныя гурты, выкладчыкі і навучэнцы школ мастацваў і прафесійныя калектывы.
— Гэтая пляцоўка аб’ядноўвае не толькі творчых людзей, але і цэлыя народы, дазваляе развіваць эканамічныя сувязі паміж краінамі, — упэўнена Ірына Францаўна. — Няма сумнення, што так і будзе ў далейшым.
ВЫТКАНАЯ КАРТА
Актыўна ўключыліся ў акцыю майстры-рамеснікі. Так, прадстаўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці запусцілі праект “Пастаўшчына рамесная”, у рамках якога будзе зроблена ўнікальнае пано ў выглядзе карты раёна.

Выстава работ майстроў Пастаўскага дома рамёстваў "Стары млын"
— Мы створым карту на палатне памерам 2 х 1,5 метра з маленькіх элементаў паясоў, — паведаміла загадчыца Дома рамёстваў “Стары млын” Таццяна Петух. — Іх будуць ткаць пастаўчане на майстар-класах, якія праводзяць кіраўніца народнай студыі “Майстры” Алена Крывенькая і ўдзельніца студыі Крысціна Брэсская. У адной рабоце збіраемся аб’яднаць усе арганізацыі горада, людзей розных прафесій і ўзростаў.
Мэта праекта — паказаць народную творчасць знутры і далучыць гараджан да рамеснай дзейнасці. Праца над незвычайным пано ўжо пачалася. Пастаўчане з ахвотай падтрымалі ідэю і наведваюць майстар-класы, каб укласці ў агульную справу кавалачак сваёй працы і сваёй душы.
ПАЧУЦЬ НАЙЛЕПШЫХ
Традыцыйна культурная сталіца Беларусі прымае фінал нацыянальнага адбору да дзіцячага і дарослага вакальных конкурсаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Рэгіянальныя туры ўжо адбыліся ва ўсіх абласцях краіны і Мінску, падчас якіх адабраны па пяць найлепшых выканаўцаў у дзвюх узроставых групах. Спевакі прайшлі паўфінал і рыхтуюцца да апошніх творчых спаборніцтваў. Напрыканцы сакавіка на сцэну Пастаўскага Дома культуры выйдуць дзесяць маладых вакалістаў ва ўзросце да 31 года і столькі ж таленавітых дзяцей.
Справа журы — выбраць па адным, самым-самым, каму выпадзе гонар прадстаўляць краіну на ХХХV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Дырэкцыя фестывалю ўжо наведвала ўстанову, каб ацаніць сцэну, светлавое і гукавое абсталяванне — мерапрыемства абяцае быць відовішчным.
З ХЛЕБАМ-СОЛЛЮ
На ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі — 2026” у Паставы прыехалі шматлікія ўдзельнікі. Гэта таленты не толькі з усёй Віцебшчыны, але і з розных куткоў краіны: артысты, мастакі, музыканты, літаратары, майстры народнай творчасці.

Вячаслаў Дурноў, Руслан Чарнецкі
і дырэктар Пастаўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ксенія Грасько
Завіталі і ганаровыя госці. Сярод іх — міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, выбітныя дзеячы мастацтва. Гаспадары сустракалі дэлегацыю па старадаўняй традыцыі — хлебам-соллю.
МАЛЯВАНАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ
Святочны настрой панаваў у Паставах з самага ранку. На выставе можна было падзівіцца ўмельству майстроў і самім зрабіць сувенір. У экспазіцыі таксама дэманстраваліся ўзоры мастацтва, уключаныя ў Спіс ЮНЕСКА, — выцінанка і саломапляценне. А яшчэ — унесеныя ў дзяржаўны спіс нематэрыяльнай каштоўнай спадчыны: “Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны” прадставіла мастачка Яніна Ліманоўская, “Традыцыю маляваных дываноў (маляванак) Віцебскага Паазер’я” прэзентавала супрацоўніца Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын” Вольга Гукава.

Вольга Гукава (Пастаўскі дом рамёстваў "Стары млын")
Яна ўжо даўно цікавіцца гэтым мастацтвам, вядзе работу па захаванні аўтэнтычных рэчаў і самой традыцыі, папулярызуе яе сярод моладзі. Госці з задавальненнем паўдзельнічалі ў майстар-класе па роспісе дываноў.
УСПОМНІЦЬ БЫЛОЕ…
Цікавасць выклікалі і аўтэнтычныя музычныя інструменты: гармонік і цымбалы. Іх гісторыя цесна пераплецена з гісторыяй краю і ў прыватнасці з Пастаўскай дзіцячай школай мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. Дарэчы, традыцыя інструментальнага выканальніцкага мастацтва на дыятанічных цымбалах таксама ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Удзельніцы клуба народнай кухні, ігры і абрада "Традыцыя"
Клуб народнай кухні, ігры і абрадаў “Традыцыя” прапаноўваў пакаштаваць стравы з таркавай бульбы, якія таксама знаходзяцца ў спісе нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Не адгукнуцца на смачны пах было проста немагчыма.
…І ПАГУЛЯЦЬ
Мясцовыя культработнікі запрашалі да народнай гульні “Яшчар”, якая таксама лічыцца аб’ектам нематэрыяльнай спадчыны. Забаўка была распаўсюджана сярод моладзі на Пастаўшчыне яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. У перыяд адраджэння нацыянальнай традыцыйнай культуры юнакі і дзяўчаты зноў пачалі ладзіць гульню, што цяпер актыўна практыкуецца ў вёсцы Гута дзякуючы фальклорнаму гуртку пры сацыяльна-культурным цэнтры. Як распавялі яго ўдзельнікі, “Яшчар” мае старажытнае паходжанне. Аб гэтым сведчыць і сама назва, што ўвасабляе архаічную міфалагічную істоту, і асноўныя сэнсатворныя прыкметы — выбар на ролю Яшчара хлопца, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго.
Падчас карагода Яшчар выбірае сабе Панну. У яе, як і ва ўсіх астатніх дзяўчат, ён забірае хустку або вянок. Каб вярнуць сваю рэч, дзяўчына спявае Яшчару песню і выконвае розныя яго заданні. Высокія госці таксама прынялі ўдзел у гульні.
Руслан Чарнецкі адзначыў, што яна не толькі захоплівае, але і заахвочвае да творчага самавыяўлення, эмацыянальнай экспрэсіі, развівае майстэрства выкарыстання музычных, песенных, вершаваных, танцавальных складнікаў.
ЖАДАЕМ ВАМ!

Ансамбль танца, музыкі і песні "Талака" (Віцебская абласная філармонія)
Насычаным і яскравым стаў святочны канцэрт “Віцебскае Паазер’е — вытокі творчасці”. На сцэну Дома культуры поруч з мясцовымі выканаўцамі інструментальнай музыкі, вакалістамі і танцорамі выходзілі артысты, якія паспелі зарэкамендаваць сябе на айчыннай сцэне і ў міжнароднай прасторы. У іх ліку — Аляксандр Апанасевіч, фіналіст тэлепраекта “Зорны час — 2025”, Амалія Сухан, пераможца дзіцячага конкурсу эстрадных выканаўцаў фестывалю “Славянскі базар у Віцебску — 2025” і лаўрэат 2024 года Злата Ярашэвіч, уладальнік І прэміі конкурсу маладых выканаўцаў 2023-га Самір Ёлчыеў. Свае нумары прадставілі і салісты Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Ішчук і Вольга Булай, іншыя зоркі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся міністр культуры Руслан Чарнецкі. Ён павіншаваў пастаўчанаў са значнай падзеяй і выказаў упэўненасць, што наданне статусу культурнай сталіцы натхніць на новыя творчыя здзяйсненні.
Вячаслаў Дурноў адзначыў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб паўночны рэгіён годна пранёс прэстыжнае званне і апраўдаў аказаны давер.

Фолк-гурт "Вытокі" (Віцебск)
НАПЕРАДЗЕ — ШМАТ ЦІКАВАГА
Свята з бляскам завершана. Але акцыя ў Паставах толькі пачынаецца. Наперадзе жыхароў і гасцей горада чакае шмат цікавага і карыснага: канцэрты, конкурсы, фестывалі, выставы, прэм’еры. Будзем сачыць за падзеямі і знаёміць з імі сваіх чытачоў.

Народны тэатр фальклору "Цярэшка" (Глыбокае)
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Наталлі НАЛЕЙ